Зладжаны дуэт на ўсё жыццё
Сёлетні 2019 год адметны для Беларусі і для кожнага яе жыхара. Бо ў гэтым годзе краіна адзначыць 75-годдзе з дня вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Сярод тых, хто нарадзіўся, жыве ці працуе на Горацкай зямлі, ёсць шмат людзей, якія маюць дачыненне да свята вызвалення. Гэта не толькі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, дзеці вайны, іх маці, якія доўгі час жылі на акупіраванай ворагам тэрыторыі. Гэта і працаўнікі тыла, якія дапамагалі набліжаць Перамогу.
Я пазнаёмлю вас з сямейнай парай, лепей сказаць, сямейным дуэтам, Валянцінай і Рыгорам Макеевымі, якія былі дзецьмі вайны і ў якіх большая частка жыцця была звязана з Горкамі. Пасля сябе яны пакінулі добрую спадчыну ў музычнай творчасці і развіцці культуры.
Нялёгка пісаць пра людзей, нават знакамітых, калі іх няма ў жывых. І толькі тое, што захавалася ў нарысах, ва ўспамінах іх родных, сяброў, калег, спадзяюся, дасць мне магчымасць праўдзіва адлюстраваць вобразы нашых таленавітых землякоў.
Адкуль пачынаюцца карані, узыход да знакамітасці? Цяжка сказаць. І ўсё-такі паспрабуем знайсці той пачатак, што прывёў Валянціну і Рыгора Макеевых да іх вышынь.
Міхаіл Ісаеў у сваім нарысе аб Валянціне Савельеўне адзначыў, што вытокі яе песеннай душы — у роднай вёсцы Судаўшчына, што на Мсціслаўшчыне. 13 чэрвеня 1939 года ў сям’і Савелія Макаравіча і Фёклы Іосіфаўны Зайцавых нарадзілася дачка Валянціна. Бацькоў Валянціны на вёсцы паважалі. Простыя сяляне, яны былі прыкладам для сваіх дзяцей не толькі ў працы, але і ў адносінах да жыцця. Яны любілі народную песню і гэту любоў стараліся перадаць дзецям. Бацька быў першым гарманістам на вёсцы, а маці добра спявала і грала на балалайцы. На ўсіх музычных інструментах, якія толькі былі ў вёсцы, граў брат Валянціны Віктар. Валянціна і самая малодшая ў сям’і Вольга таксама ўмелі граць на баяне, гітары. Валянціна ўжо ў гады вучобы ў школе пад уласны гармонік давала сольныя канцэрты. Тады ж яна стала спрабаваць пісаць мелодыі на вершы, якія ёй падабаліся. Ды і сама вёска была музычнай. Тут заўсёды з песнямі адзначалі “Гуканне вясны”, “Купалле” і іншыя святы.
Важным дапаўненнем аб Валянціне Савельеўне і яе родных будуць успаміны Вольгі Савельеўны Гайдуковай, малодшай сястры Валянціны, якія запісаў Уладзімір Кажамяка: “Наша вёсачка была невялікая, недалёка знаходзіўся лясок Грыбалёва, багаты на грыбы і ягады. Працякала рачулка, куды мы бегалі купацца, лавіць рыбу, але часцей купаліся ў сажалках побач з вёскай. Вучыліся ў Падсалтаўскай сярэдняй школе, амаль за 10 кіламетраў ад нашай вёскі. Бацькі працавалі ў калгасе. Яны жылі дружна і шмат працавалі, іх паважалі ў вёсцы”.
Вольга Савельеўна вельмі цёпла гаварыла пра сваю сястру. Казала, што яна заўсёды была клапатлівым і надзейным чалавекам. Калі Валянціна Савельеўна ўжо працавала ў Горках, яна забрала да сябе малодшую Вольгу, і тая з восьмага па адзінаццаты класс вучылася тут. Не пакідала Валянціна Савельеўна без увагі і сваіх бацькоў. Калі прыйшла пара, то яна забрала іх да сябе ў Горкі. Наогул яна ўважліва адносілася да людзей.
Калі Валянціна Савельеўна з сялянскай сям’і, нарадзілася ў маленькай вёсачцы, дык Рыгор Ягоравіч — гараджанін, выхадзец з інтэлігентнай сям’і. Нарадзіўся ён у Мінску. Яго бацька загінуў у гады вайны. Маці, Таццяна Якаўлеўна Крывіцкая, заслужаны ўрач БССР.
Паўней аб дзіцячых і юнацкіх гадах Рыгора Макеева расказаў Аляксандр Сенцюроў у сваім апавяданні “Дружили два товарища”. Ён піша, што Ягор Рыгоравіч быў яго сябрам з дзяцінства і заставаўся ім на ўсё жыццё. Пазнаёміліся яны ў 1947 годзе. Першымі іх успамінамі пра дзяцінства былі цяжкасці ваеннага ліхалецця. Рыгор у гады вайны быў са сваёй маці ў партызанскім атрадзе. Ён расказаў свайму сябру, што іх з мамай маглі расстраляць акупанты. Гэта было ў Талочынскім раёне, дзе ён з маці жыў у гады вайны. Хтосьці выдаў паліцаям, што маці Рыгора – партызанскі ўрач. Яе арыштавалі разам з сынам. Добра, што мясцовыя жыхары паведамілі аб гэтым партызанам, і тыя вызвалілі маці і сына. Ужо дарослым Рыгор Ягоравіч часта ўзгадваў аб гэтым і заўсёды быў удзячны тым людзям, якія захавалі ім жыццё.
Яшчэ з малых гадоў Рыгора вучылі музыцы. Яго бабуля была прафесійным музыкантам, і ў іх дома было старыннае піяніна, аж 1862 года. І калі ў Горках адкрылі музычную школу, Рыгор адразу ж паступіў туды. Выкладчыкі казалі, што ў яго абсалютны слых.
Напэўна, Валянціне і Рыгору лёсам было наканавана паступіць у адзін год (1957) у Магілёўскае музычнае вучылішча, дзе яны сустрэліся, пасябравалі і да апошніх дзён жыцця крочылі разам, падтрымліваючы адно аднаго ў творчасці.
Ва ўспамінах сяброў я не знайшоў пэўных выказванняў аб тым, чаму Рыгор Макееў абраў менавіта музычнае вучылішча. Ён меў рознабаковыя здольнасці і змог бы стаць не менш таленавітым інжынерам, настаўнікам. І ўсё ж ёсць меркаванне, што выбар быў зроблены правільны: ён музыкант ад Бога.
А вось чаму і як Валенціна Зайцава паступіла ў музычнае вучылішча, цікава запісала журналіст Людміла Ганчарова:
— З гітары, уласна, і пачаўся мой шлях у музыку, — успамінала Валянціна Савельеўна. — На экзамены прыехала са сваёй гітарай, з якой не разлучалася ў апошнія гады. Бацька з жартам раіў: “Ты там спявай гучней. Няхай ведаюць, што голас у цябе добры”.
Сапраўды, спявала яна добра. У яе быў голас не толькі моцны, але і чысты, як крынічка. Камісія тады прыняла станоўчае рашэнне.
Не паграшу, калі зраблю выснову, што і Валянціна, і Рыгор вучыліся выдатна і з задавальненнем, бо скончылі навучальную ўстанову з адзнакай.
1961 год стаў для іх знакавым. Яны атрымалі накіраванне на працу ў Горкі, і ў іх нарадзіўся першы сын Андрэй. Валянціна Савельеўна пачала працаваць выкладчыкам у дзіцячай музычнай школе, а Рыгор Ягоравіч — мастацкім кіраўніком раённага Дома культуры. Яны вырашылі працягваць вучобу і ў 1963 годзе паступілі ў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю, якую паспяхова скончылі ў 1968 годзе. У гэтыя ж гады Валянціна Макеева працавала выкладчыкам на факультэце грамадскіх прафесій Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. Рыгор Макееў з 1963 года перайшоў на працу ў музычную школу. Няпростымі былі гэтыя гады. Праца, сям’я, вучоба. Для гэтага трэба было шмат сіл і здароўя. І Макеевы знаходзілі іх у сабе. Больш за тое, у гэтыя гады ўсебакова праявіўся іх талент музыкантаў, педагогаў-арганізатараў.
Жылі яны ва ўласнай звычайнай хаце, якую атрымаў у спадчыну Рыгор Ягоравіч. Гэта патрабавала шматлікіх побытавых клопатаў, якімі пераважна займаўся муж. Валянціна Савельеўна паказала сябе ў гэтыя гады выдатным выкладчыкам музыкі, лірычным кампазітарам, кіраўніком творчага калектыву. У акадэміі яна кіравала хорам “Брыганціна”, які пазней змяніў назву на “Радасць”. Дакладней, яна стварыла гэты калектыў, які пры ёй стаў першым “народным” у Горацкім раёне. Аб тым, якімі кіраўнікамі былі Валянціна і Рыгор Макеевы ў тыя гады, расказвае выпускнік аграпедфака акадэміі Леанід Каліненка:
— На нашым аграпедагагічным факультэце ў праграме навучання быў прадмет “хоравядзенне”. Практычную частку прадмета вяла Валянціна Савельеўна. Акампаніятарам у яе быў Рыгор Ягоравіч. Гэтая маладая пара была для нас прыкладам адданасці сваёй справе. Галоўнай адметнай рысай характараў абодвух была іх добразычлівасць. Валянціна Савельеўна, нягледзячы на малады ўзрост, валодала нейкай прывабнай сілай, даверам, аўтарытэтам.
Успаміны і іншых выпускнікоў-аграпедфакаўцаў аб гэтай пары светлыя, захапляльныя, у вышэйшай ступені добрыя, шчырыя. Пра Валянціну Савельеўну яны кажуць, што яна “чалавек-душа” і “вельмі сардэчная, прыгожая жанчына”.
Яшчэ з дзяцінства Валянціне не давала спакою мара — навучыцца самой ствараць музыку. Гэта мара і прывяла яе другі раз у кансерваторыю, але цяпер ужо на кампазітарскае аддзяленне. Прыёмнай камісіі яна паказала сваю песню “Дзявочая”. Вучылася па класе кампазіцыі ў вядомага прафесара Анатоля Багатырова. Гэтым разам вучоба праходзіла на стацыянары. Яе настаўнікамі былі кампазітары Уладзімір Алоўнікаў, Мікалай Аладаў, Ігар Лучанок. Яе кампазітарская дзейнасць пачалася ўдала. На адным дыханні нарадзіліся мелодыі песень “Акадэмічны гарадок”, “Недотрога”, “Ах, гармонь”. Песні заспявалі не толькі ў самадзейных калектывах — яны выйшлі за межы Магілёўшчыны і нават Беларусі, сталі гучаць на радыё і тэлебачанні ў выкананні Вольгі Шутавай, Віктара Бокава, Тамары Раеўскай, Марыі Адамейка, Ганны Аўдзеенка, Беларускага дзяржаўнага хору імя Цітовіча і іншых выканаўцаў. У хуткім часе выйшаў першы зборнік песень Валянціны Макеевай, у які ўвайшло 28 твораў. Усяго Валянціна Савельеўна напісала больш за 100 песень.
У песні звычайна два аўтары: паэт і кампазітар. У Валянціны Макеевай склаліся добрыя творчыя сувязі з паэтамі Уладзімірам Карызнам, Барысам Бруснікавым, Анэляй Тулупавай, Нінай Кавалёвай і іншымі. З многімі з іх яна сябравала. Шэраг песень Валянціны Савельеўны аўтарскія, бо словы і музыку яна напісала сама.
Святлана Міхайлаўна Макеева, малодшая нявестка, аб свекрыві кажа так:
— Валянціна Савельеўна была добрай жонкай, маці і свякровай, мудрай, уважлівай, працавітай, лішняга не гаварыла. Адчувалася яе ўпэўненасць, дасведчанасць, стрыманасць, а музыка для яе была асноўным заняткам. Назіраліся такія выпадкі, калі яна раптоўна спыняла працу, якой займалася ў хаце ці ў агародзе, і тут жа садзілася за піяніна, іграла, рабіла запісы. Бытавымі і іншымі клопатамі больш займаўся свёкар. Песні, якія пісала, яна абмяркоўвала з мужам. Ён шмат дапамагаў ёй у гэтай справе. Рыгор Ягоравіч быў высокакласным музыкантам і добрым сем’янінам, і Валянціна Савельеўна вельмі даражыла мужам. Яны кахалі адно аднаго, і хоць іх сямейныя адносіны не былі поўнасцю гладкімі, аднак яны былі гарманічнымі. У 1973 годзе ў іх нарадзіўся сын Аляксей, мой будучы муж. Дзяцей сваіх яны любілі, вучылі дабру, павазе да дарослых. Музыкальная адоранасць ад бацькоў перадалася дзецям і ўнукам.
Цверджаннем вышэйсказанаму з’яўляецца ўспамін Аляксея Рыгоравіча, малодшага сына Макеевых, аб сваіх бацьках:
— Бацькі нам давяралі і амаль ніколі не прымянялі “фізічнае пакаранне”. Мама была добрай, уважлівай, клапатлівай. Але больш нашым выхаваннем займаўся бацька. У нашым доме часта былі госці: сябры бацькоў, вядомыя кампазітары, паэты. Вяліся творчыя дыскусіі, было і музыцыраванне. Цікава было за гэтым назіраць. Памятаю і той дзень, калі нашу сям’ю запрашалі ў Мінск для запісу на беларускім тэлебачанні. Зразумела, што ў такой сям’і мы з братам не маглі не займацца музыкай. Пра бацькоў у мяне і ў нашай сям’і толькі самыя цёплыя успаміны.
Рыгор Макееў быў не толькі мужам і дарадчыкам сваёй знакамітай жонкі. У Горках і Магілёўскай вобласці ён не менш вядомы як музыкант, педагог і кіраўнік культуры. Большая частка яго працы звязана з Горацкай музычнай школай у якасці выкладчыка і дырэктара. Дванаццаць гадоў (1985-1997) Рыгор Ягоравіч працаваў загадчыкам аддзела культуры Горацкага райвыканкама. За гады працы на гэтай пасадзе ён ініцыяваў стварэнне такіх устаноў культуры, як гісторыка-этнаграфічны музей, мастацкая галерэя, дом рамёстваў, дзіцячая школа мастацкіх рамёстваў. Ён сам быў кіраўніком творчых калектываў, арганізатарам розных культурных мерапрыемстваў, дапамагаў стварэнню новых творчых калектываў. Так, дзякуючы яго падтрымцы, быў створаны ветэранскі хор “Спадчына”, які ў хуткім часе атрымаў званне “народны”. І сёння гэты хор адзін з найлепшых у Магілёўскай вобласці.
Але аб гэтай сям’і нельга пісаць паасобку. Яны абое дапаўнялі адно аднаго. Валянціну Савельеўну больш ведаюць як кампазітара, стваральніка народнага хору “Радасць”, і ў той жа час асноўным месцам яе працы была музычная школа, у якой яна працавала з 1961 года. І працавала выдатна. У яе, як і ў Рыгора Ягоравіча, шмат выпускнікоў, якія атрымалі прафесійную музычную адукацыю. Іх вучні працуюць выкладчыкамі ў Горацкай школе мастацтваў, іншых установах культуры раёна. Ёсць яны ў кожным кутку Беларусі.
Валянціна і Рыгор прайшлі па жыцці побач доўгі шлях, радавалі сваёй творчасцю родных і блізкіх, неслі дабро людзям. Іх дасягненні — гэта не толькі ад здольнасцей, а перш за ўсё вынік пастаяннай добрасумленнай працы. І не ўсё ў жыцці было лёгка і гладка. Вось што пра гэта карэспандэнту газеты сказала Валянціна Савельеўна: “Як і ў кожнага чалавека, у нас у жыцці чаргуюцца белыя і шэрыя палосы. Але жыццёвым цяжкасцям старалася супрацьпастаўляць песню, музыку. Іншы раз саджуся за інструмент і проста граю, успамінаю старыя мелодыі. І праблемы быццам адыходзяць на другі план”.
Вось такімі былі яны, нашы героі, знакамітасці Горацкай зямлі — Валянціна і Рыгор Макеевы. Хочацца, каб памяць аб іх перадалася ад нас, тых, хто іх ведаў, працаваў побач з імі, да нашых нашчадкаў.
Андрэй Пугач, сябра Саюза журналістаў Беларусі, кіраўнік народнага аматарскага літаратурнага аб’яднання “Парнас”