Мікалай Дарэчкін: «Працягваем жыць і працаваць па запаветах Лапацентава…»
Мехдвор бялыніцкага СВК «Калгас «Радзіма», які застаўлены ладнай тэхнікай, нагадвае выставачную пляцоўку. Акуратныя машыны і агрэгаты заўсёды гатовы выехаць у поле. Тэхнічны арсенал нядаўна папоўніў новы МТЗ-2022.3. Дакументы на яго на сталічным заводзе атрымаў механізатар гэтай гаспадаркі, пераможца мінулагодняга рэспубліканскага спаборніцтва ўборачных экіпажаў Мікалай ДАРЭЧКІН. Разам з памочнікам Канстанцінам Саладухам яны намалацілі звыш 6500 тон збожжа і зерня кукурузы.
У сельгаспрадпрыемстве Мікалай Іванавіч працуе больш за 30 гадоў. За старанне і руплівасць уганараваны медалём «За працоўныя заслугі» і званнем «Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларусі». Як прызёр рэспубліканскага спаборніцтва сярод уборачных экіпажаў ён адзначаўся дыпломамі і прэміямі на святах-кірмашах «Дажынкі» ў Мазыры, Маладзечне, Кобрыне і Оршы. Прызнаны на Магілёўшчыне «Чалавекам года». Партрэты заслужанага работніка СВК «Калгас «Радзіма» Мікалая Дарэчкіна ўпрыгожваюць абласную Дошку гонару і Алею славы гаспадаркі.
Мне неаднойчы даводзілася бываць у бялыніцкім СВК «Калгас «Радзіма», і кожны раз заўважаў эфектыўнае развіццё гаспадаркі. Шмат гадоў кіраваў перадавым калектывам мудры Аляксандр Лапацентаў. Планы і задумы на будучае меў вопытны старшыня. Мінулай восенню Аляксандра Міхайлавіча не стала. На агульным схо-дзе вішоўцы старшынёй абралі яго саракагадовага сына Алега. На вачах у аднавяскоўцаў ён рос, сябраваў з равеснікамі, асабліва з сынамі суседкі Веры Парфёнаўны Дарэчкінай. Жывёлавод адна выхоўвала чатырох сыноў і дачку. Прызвычайвала іх да сялянскіх заняткаў. Пры неабходнасці па-суседску прыглядала за старшынёўскімі сынам і дачкой. З успамінаў пра тое далёкае дзяцінства, пашану да родных мясцін пачалася наша размова з малодшым сынам працавітай сялянкі Мікалаем Дарэчкіным.
— На маіх вачах змянілася родная вёска Вішоў. Тут жылі мае продкі і я нарадзіўся, зрабіў першы крок на гэтай зямлі. Цяпер у нас сучасны аграгарадок, забудаваны прыгожымі катэджамі з усімі выгодамі. Нашым дзецям і ўнукам крочыць у будучае, добрымі справамі поўніць гісторыю краіны. Гаспадарка носіць сімвалічную назву «Радзіма», што ў наш неспакойны час мае асаблівы сэнс. Важна, каб панавалі мір і спакой. Трывожна ад падзей, што адбываюцца вакол Беларусі.
Аптымізму надаюць словы Прэзідэнта: «Ваяваць бу-дзем у полі на камбайнах і трактарах». Памятаю і яго шчырыя пажаданні, калі ў Палацы Рэспублікі ён уручаў мне пасведчанне «Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларусі».
— Вашы ўгоддзі перасякае ажыўлены шлях. Мясцовасць багата на гістарычныя падзеі. Нездарма кажуць: хто не ведае свайго мінулага, той не мае будучыні. Што для вас, хлебароба, значыць Год гістарычнай памяці?
— Кожны павінен ведаць гісторыю сваёй краіны. З юнацтва ёю цікавіўся. Памятаю, як у школе нам расказвалі пра падзеі, што адбываліся ў нашай мясцовасці. Непадалёку ад ракі Друць, якая цячэ побач з аграгарадком Вішоў, войска расійскага імператара Пятра I сутыкнулася са шматтысячнай арміяй шведскага караля Карла ХII і разграміла ворагаў. У нашых мясцінах мужна змагаўся з французскімі войскамі партызанскі атрад слыннага рускага камандзіра Дзяніса Давыдава. Як не ганарыцца тым, што ў пачатку мінулага стагоддзя ў Вішове з’явілася тэлефонная сувязь! Усе гэтыя цікавыя факты сабраны ў школьным краязнаўчым музеі. Захоўваюцца там і ўнікальныя дакументы з гісторыі гаспадаркі. Арганізавана яна амаль сто гадоў таму. Спецыяльны стэнд прысвечаны Вялікай Айчыннай вайне. У цэнтры аграгарадка мемарыялам ушанавана памяць савецкіх воінаў і партызан, якія загінулі ад рук нямецка-фашысцкіх акупантаў.
А якія цудоўныя ў нас Алея славы і сад Міру! У святы прыязджаюць у Вішоў з канцэртамі вядомыя мастацкія калектывы. Асфальтам пакрыты вуліцы аграгарадка, па якіх у дзяцінстве басанож ганяў пыл. Зямным раем быў той бесклапотны час. Памятаю, як у школьныя гады з механізатарам Ільдарам Сайфуліным убіралі збажыну на «Ніве». Сябры зайздросцілі, што мне даверылі працаваць памочнікам камбайнёра. За жніво атрымаў добры заробак і справіў абноўкі.
Старэйшыя браты Міхаіл, Пётр і Сяргей пачыналі працоўную дзейнасць механізатарамі ў гаспадарцы. І мяне цікавіла тэхніка. Пасля васьмігодкі прафесію трактарыста-машыніста атрымаў у Бялыніцкім прафтэхвучылішчы. Сямнаццацігадовым закахаўся ў равесніцу Галіну з суседняй вёскі Аніськаўшчына. Летам згулялі вяселле, а ўвосень пайшоў у армію. Служыў ва ўнутраных войсках. У той час абвастрылася сітуацыя ў Нагорным Карабаху, і нас адправілі на Каўказ. Упершыню так далёка быў ад родных мясцін. Прапаноўвалі застацца служыць звыштэрмінова. Адмовіўся, бо душа рвалася дамоў.
— Дзе вас чакалі родныя, сябры, чакала сялянская праца…
— Запомнілася, як у ваеннай форме сустрэўся са старшынёй Аляксандрам Міхайлавічам Лапацентавым. Выслухаў ён мяне і паабяцаў, што хутка прыбудзе з харкаўскага завода новы трактар, буду працаваць на ім. Пакуль чакалі новую тэхніку, слясарыў у рамонтнай майстэрні. Вельмі радаваўся, калі сеў за руль ХТЗ. Ад калгаса атрымаў дом. Прыватызавалі яго і дабудавалі. Завялі сваю гаспадарку. Падрастала дачушка Ганначка. Цяпер нас з жонкай цешыць унучка Маргарыта.
Завадской тэхнікай абнаўляўся машынна-трактарны парк. Свой ХТЗ памяняў на больш магутны мінскі трактар. Трэцяе дзесяцігоддзе працую на «Беларусах». За гэты час змяніў іх некалькі.
— А славу атрымалі на збожжаўборачным камбайне. Летась намалацілі 6500 тон зерня. Як гэта ўдалося?
— Не толькі на трактары і збожжаўборачным камбайне працую. За мною замацаваны і корманарыхтоўчы камбайн. З вясны заняты на сяўбе. Як падрастаюць травы, уключаюся ў нарыхтоўку кармоў. Да жніва косім лугі і сенажаці. Калі паспявае збажына, перасаджваюся на збожжаўборачны камбайн. Трынаццаць сезонаў адпрацаваў на магутным галандскім агрэгаце з барабанным абмалотам. Два гады таму гаспадарка набыла больш сучасную камп’ютарызаваную збожжаўборачную машыну. Складана было засвойваць кіраванне ёю. Паднатужыўся і справіўся. Камбайн, на якім працаваў раней, перадаў пляменніку Аляксандру Дарэчкіну. Дапамог раза-брацца з усімі тонкасцямі яго абслугоўвання. Справа пайшла ў хлопца. Летась ён намалаціў 2350 тон збожжа і ў раёне заняў першае месца сярод маладых камбайнёраў. Механізатарам працуе яшчэ адзін пляменнік, таксама Аляксандр Дарэчкін. Нас трое з такім прозвішчам сярод вішоўскіх механізатараў.
— Асваенне аснашчанага камп’ютарам збожжаўборачнага камбайна заслугоўвае павагі…
— Спатрэбіўся немалы час для поўнага вывучэння дзейнасці ўсіх яго механізмаў. Здзівіла кіраванне гэтай суперскладанай машынай праз звычайны джойсцік. На полі камп’ютар самастойна вызначае праграму дзеяння. Да нас на жніво прыязджаў тады старшыня аблвыканкама Леанід Канстанцінавіч Заяц, цікавіўся, як працуецца на такім агрэгаце, а потым віншаваў з высокім намалотам.
— Як удалося выйсці на такі рубеж?
— Убіралі не толькі сваю збажыну, дапамагалі суседзям з магілёўскай гаспадаркі «Авангард». За два дні намалацілі там паўтысячы тон зерня. На круг атрымлівалася па 50 цэнтнераў. На нашых палях была значна большая ўраджайнасць. У спрыяльныя дні, як толькі спадала раса, тэхніка пачынала працаваць, і да першых зор не пакідалі хлебную ніву. Складана было на стагектарным пшанічным масіве. Там пасля дажджоў пайшло ў рост пустазелле, і зялёная маса забівала вузлы камбайна. Спыняліся і вычышчалі агрэгат. Імкнуліся максімальна выкарыстоўваць час на жніве. У некаторыя дні намалочвалі па 350 тон збажыны.
— Не было затрымак з-за адвозкі ўраджаю на збожжаток?
— Тры 20-тонныя МАЗы ледзьве спраўляліся. Камбайнавы бункер ёмістасцю 10 тон зерня за лічаныя мінуты напаўняўся. Спецыялісты суседняй гаспадаркі здзіўляліся: як можна так інтэнсіўна працаваць?
Пасля завяршэння жніва тэхніку пераабсталявалі для ўборкі кукурузы на зерне. Чатыры камбайны за кароткі тэрмін справіліся з абмалотам пачаткаў на 500 гектарах. Мы з памочнікам намалацілі паўтары тысячы тон кукурузнага зерня. Агульны намалот склаў 6500 тон. Па выніках рэспубліканскага спаборніцтва нас прызналі пераможцамі. Мяне запрасілі на трактарны завод, і там атрымаў дакументы на новы трактар МТЗ-2022.3.
— З надыходам сяўбы пачаўся новы віток хлебаробскіх клопатаў. Якое пачуццё ахоплівае вас?
— Мы вельмі старанна рыхтаваліся да сёлетняй сяўбы. З восені палі заправілі арганікай. Спецыялісты дэталёва прадумалі пасяўныя маршруты. Галоўны інжынер Сяргей Ванцэвіч загадзя паклапаціўся, каб забяспечыць гаспадарку неабходнымі запчасткамі для тэхнікі. У нас цудоўныя ўмовы для захоўвання і рамонту машын і агрэгатаў. Гэта першая старшынёўская вясна ў нашага маладога кіраўніка. Алег Аляксандравіч штодня наведваецца на мехдвор, гутарыць з намі, раіцца. Калі нешта яму незнаёма, не саромеецца перапытаць, удакладніць. Пры такім кіраўніку хочацца працаваць яшчэ лепш. Па яго ініцыятыве сёлета пашырацца пасевы люцэрны, каб больш поўна забяспечыць бялком патрэбы кармавога рацыёну грамадскага статка. Наша справа — якасна правесці сяўбу.
У нас заведзена, што слова кіраўніка — закон для падначаленых. Аляксандр Міхайлавіч Лапацентаў вызначаў, калі выходзіць у поле, у які тэрмін пачынаць жніво і іншыя работы. Па-бацькоўску наказваў: «Не цягніце, хлопцы, з сябе сем жыл. Працуйце ў ахвоту. Выконвайце сумленна тое, што даручана, і ўсё будзе ладна». Так і імкнёмся працаваць.
— Мікалай Іванавіч, на вашу думку, якія якасці павінны быць у хлебароба?
— У першую чаргу жаданне працаваць. Яно выхоўваецца з маленства. Маці нас не прымушала, а заахвочвала працаю. Ад старэйшага брата Пятра пераймаў уменне валодаць касой, хадзіць за плугам. Сяргей вучыў, як трымаць сякеру ў руках. Калі жывеш у вёсцы, усё гэта трэба ўмець і любіць сялянскую працу. З дзяцінства заварожваюся водарам скошанай травы. Вясковае жыццё — мая стыхія. Вырвемся з жонкаю ў Магілёў за пакупкамі і доўга там не можам быць, ляцім хутчэй дахаты. Чамусьці ў горадзе ўсё пачынае балець, нервуемся. А прыедзем дамоў — і адразу дыхаецца лягчэй.
— Пра што марыцца хлебаробу вясновым часам?
— Каб шчасце не мінала сям’ю і панаваў спакой у свеце. Ганаруся сваёй хлебаробскай прафесіяй. На новым МТЗ-2022.3 хачу хлеб вырошчваць. Лічу, што гэта справа ад Бога.
Уладзімір Субат