Зорная песня Надзеі
У адным з вершаў вядомай расійскай паэтэсы Ларысы Рубальскай ёсць такая фраза “Богат душой, кто осенью рождён…” І гэта вельмі падыходзіць маёй гераіні — жыхарцы горада Горкі, папулярнай сярод мясцовых жыхароў выканаўцы Надзеі Курбасавай. Яна, народжаная менавіта ў залатую пару года, шчодра дзеліцца багаццем сваёй душы са слухачамі, крочыць па жыцці з песняй, вернай спадарожніцай і памочніцай ва ўсіх зямных справах.
Здавалася б, чатыры дзясяткі год жанчына служыла медыцыне — справе, якая далекавата ад спеваў. Ды вялікая занятасць на працы, безліч дамашніх клопатаў, выхаванне двух дзетак не былі перашкодай для таго, каб знаходзіць час для любімага захаплення.
Жаданне “паспрабаваць голас” узнікла ў яе яшчэ ў раннім дзяцінстве. Натхніў на гэта бацька, светлай памяці Іван Пятровіч, просты вясковы працаўнік. Ад яго, відаць, такі цудоўны голас у дачкі, бо сам прыгожа спяваў. Трохгадовую прыгажуньку апраналі ў любімую сукенку, якую ў сям’і чамусьці называлі “трафейнай”. І Надзейка, узабраўшыся на табурэт ці лаўку каля печкі, заводзіла русланаўскія “Валёнкі”. Зразумела, бацькі дзіця нахвальвалі. А яна, падрастаючы, пела ўсюды. Некаторыя жанчыны ў Шавароўцы, вёсцы Горацкага раёна, дзе прайшло дзяцінства будучай медсястры, папракалі маці: што гэта ваша дачка ўсё спявае ды спявае? Быццам гэта было нейкай заганай.
А Надзейка папаўняла свой рэпертуар. Пачуе песню па радыё — што запомніць, што запіша. І сама заспявае. На сцэну ўпершыню выйшла ў Ракцянскай школе ў чацвёртым класе. Сястра параіла ўзяць “Беларускі вальс”. Песня тады часта гучала па радыё, падабалася слухачам. Дэбют быў удалы. Юная артыстка ўпершыню адчула, што такое сцэна, як гэта важна — выйсці да людзей і данесці да іх сэрцаў змест таго, што хацелі сказаць аўтары. Пасля гэтага выступлення Надзея стала ў школе запатрабаванай выканаўцай. Здаралася, настаўніца і на ўроку прасіла нешта праспяваць. Надзея не прымушала доўга сябе ўгаворваць. Ёй падабалася, як людзі рэагуюць на яе спевы.
Так і крочыла яна ў дарослае жыццё з песняй-спадарожніцай. У медвучылішчы, у таёжным пасёлку, куды закінуў яе лёс пасля размеркавання на працу, у Краснадарскім краі — усюды Надзея Іванаўна была актыўнай удзельніцай мастацкай самадзейнасці.
Талент з народа найбольш яскрава раскрыўся ў Горках, у родных мясцінах. Працавала медыцынскай сястрой у раённай бальніцы. А спявала і на фермах перад жывёлаводамі ў саставе агітбрыгады, і ў полі для механізатараў, на раённай сцэне для землякоў. Разам з духавым аркестрам некалі ўдзельнічала ва Усесаюзным, у часы СССР, аглядзе мастацкай самадзейнасці, прысвечаным 40-годдзю Вялікай Перамогі. І стала лаўрэатам. Дыплом таго агляду і медаль, як і шмат іншых узнагарод, яскрава нагадваюць ёй і аб плённай працы на медыцынскай ніве, і аб творчай біяграфіі.
З усмешкай, а без яе, як і без песні, лічыць Надзея Іванаўна, немагчыма жыць, яна ўзгадвае, бадай, самы кур’ёзны выпадак у сваёй спявацкай кар’еры. Тады ёй прадстаяла выйсці на галоўную ў той час канцэртную сцэну рэспублікі — у Белдзяржфілармоніі. І ледзь не за пяць хвілін да выхаду горацкую спявачку паставілі перад фактам: трэба выканаць іншую песню, бо яе твор узяў другі ўдзельнік канцэрту. Не такія, як кажуць, перашкоды брала Надзея Іванаўна. Не разгубілася. Разам з акампаніятарамі хуценька “перагарнулі” рэпертуар, далёка не бедны, знайшлі замену. Выступіла яна і ў такой стрэсавай сітуацыі на ўзроўні. Хаця хваляванне было такім, што не расказаць…
У Надзеі Іванаўны, як у зоркі мясцовай эстрады, у Горках нямала паклоннікаў. Кожны раз, калі яна адважваецца на чарговы творчы вечар ці канцэрт, іх збіраецца поўная зала. Прыходзяць землякі з кветкамі, падарункамі. Ёй гавораць шмат добрых слоў. Так было ў 2008 годзе, калі Надзея Іванаўна разам з любімымі слухачамі адзначыла 50-гадовы юбілей спявацкай дзейнасці і падарыла ім шыкоўную канцэртную праграму з сімвалічнай назвай “З любоўю да малой радзімы маёй”. Гэткая ж цёплая, на дзіва шчырая атмасфера нядаўна панавала ў адной з канцэртных залаў Горак, калі Надзея Курбасава прымала віншаванні з нагоды саліднага жыццёвага юбілею.
Яна з асаблівым імпэтам спявала ў гэты дзень. Творы, якія даносіць Надзея Іванаўна да свайго слухача, — не аднадзёнкі, як некаторыя ў наш час: пачуў і адразу ж забыў. Яе песні заўсёды з сэнсам. І выконвае Надзея Іванаўна іх з душой, так, што проста прымушае слухача пражыць разам з ёй гэту міні-гісторыю. Нехта з прыхільнікаў пачынае падпяваць, хтосьці адбівае такт. А, здараецца, слухач і слязу змахне з вачэй. Гэта ўжо залежыць ад сэнсу.
Даходзіць да людзей тая песня, выканаўца якой жыве кожным яе словам. Люблю творы аб Радзіме, жанчыне, каханні. Сама яшчэ ў дзяцінстве была ўражана рэпертуарам вялікай Лідзіі Русланавай, расла ж на яе песнях, — расказвае Надзея Іванаўна. — І для сябе заўсёды шукаю творы, напоўненыя пачуццямі.
Узрост салідны, а душа ў яе маладой дзяўчыны. Надзея Курбасава актыўна ўдзельнічае ў дзейнасці народнага літаратурнага аб’яднання “Роднае слова” пры Горацкім раённым гісторыка-этнаграфічным музеі. Тут гатова любое мерапрыемства ўпрыгожыць добрай песняй і ўзняць калегам настрой. Сама спрабуе апрануць ўласныя думкі ў паэтычную форму. А яшчэ спявае ў царкоўным хоры.
Такі актыўны лад жыцця, асабліва адна з яго складаемых — песня, дапамагае таленавітай ураджэнцы горацкай зямлі трымаць сябе ў творчай форме, пазітыўным настроі і заўсёды, па першай просьбе работнікаў культуры, прыняць удзел у любой канцэртнай праграме. І не мае розніцы, дзе трэба выступіць. У аддаленай вёсачцы, дзе выканаўцу таксама сустракаюць з асаблівай пашанай, ці на адкрытай пляцоўцы раённага свята.
Такая яна, наша Надзея Курбасава. Сапраўдны самародак з народа. А зорная песня, здаецца, яе яшчэ не спета. Бо калі чалавек столькі год захоўвае адданасць любімай справе, натхненне яго ніколі не пакіне.
Тамара ДРАЗДОЎСКАЯ
Фота Міхаіла Ляўцова
і з архіву спявачкі