Маскарад на Парнасе
У рэспубліканскім выдавецтве “Белпрынт” выйшаў чарговы паэтычны зборнік Міхаіла Уласенкі “Маскарад перабудовы”. На 444 старонках размясціліся чатыры раздзелы вершаваных мініяцюр: “Дробязі жыцця”; “Лыка — ў радок” — эпіграматычныя прымаўкі і прыказкі; падборкі міні-пародый і нават “Міні-эсэ”. Аўтар добра вядомы чытачам абласной газеты “Зямля і людзі” не толькі сваімі карэспандэнцыямі і нарысамі, а яшчэ і як калумніст —вершаванымі калонкамі “Па закону Мэрфі”.
Міхаіл Уласенка — наш зямляк, родам з неіснуючай сёння вёскі Юшкавічы Мсціслаўскага раёна. Яму 83 гады, але на працягу усяго пенсійнага узросту — да сённяшняга дня застаецца ў страі, займаецца творчай працай.
Даволі цікавы, хаця і звычайны увогуле лёс гэтага чалавека. У 1954 годзе закончыў 7 класаў Маляціцкай сярэдняй школы, у 1955 г. — Мсціслаўскае вучылішча механізацыі. Працаваў трактарыстам, будаваў мост праз раку Сож на дарозе Масква — Берлін, служыў на Балтыйскім флоце. Дэмабілізаваўшысь, асвойваў прафесію каваля у адным з саўгасаў Омскай вобласці. Праз год вярнуўся на радзіму. Але зноў пацягнула “за туманам” — з дзяцінства ж захапляўся лірыкай! Падаўся ў Цалінаград. Адтуль — у Сібір, на славутую Братскую ГЭС. Там пазнаёміўся з іншымі рамантыкамі, з земляком Іванам Безрукавым, карэспандэнтам мясцовай раённай газеты, які ўцягнуў М. Уласенку ў літаратурнае аб’яднанне. Як малады мантажнік з творчай жывінкай быў камандзіраваны ў Іркуцк на тыднёвую канферэнцыю «Молодость, творчество, современность», дзе займаўся ў секцыі вядомых паэтаў Аляксандра Межырава і Марка Собаля. — Вандруючы па неабсяжнай краіне, амаль усю сваю лірыку знішчыў, — безуважна усміхаецца Міхаіл Аляксандравіч. — Цяжка было цягаць чамаданы з шыкоўнымі тамамі сусветных класікаў і шэдэўрамі ўласнай макулатуры. У 1965 годзе зноў вярнуўся на радзіму з пустымі рукамі, але поўны энергіі, новых ідэй і творчых планаў. Завітаў да родзічаў у Крычаў, прыхапіўшы з сабой нізку вершаў — можа, думаў, у мясцовай газеце надрукуюць. Рэдактар Ягор Бяспалаў пагартаў мае паперкі і сказаў тонам загаду: «У сельгасаддзел! Літрабам»… Каля дзесяці гадоў адпрацаваў карэспандэнтам Крычаўскай раёнкі. Заадно вучыўся ў вячэрняй школе — вайна не дазволіла ў свой час атрымаць сярэднюю адукацыю. Потым — завочная Вышэйшая партыйная школа пры ЦК КПСС, газетнае аддзяленне. Сёння гэта Прэзідэнцкая акадэмія ў Мінску. І тут спакуслівая прапанова — галоўным рэдактарам Магілёўскага тэлерадыёкамітэта. Нарэшце, праз пяць гадоў атрымаў вышэйшую адукацыю. Восень 1980 года — новае прызначэнне — рэдагаваць Горацкую раёнку “Ленінскі шлях”…
Якая пры новым, ужо галоўным рэдактары атрымала статус аб’яднанай — Дрыбін стаў раённым цэнтрам, але сваёй газеты там не было. Амаль за 12 гадоў Горацкая раёнка больш як утрая павялічыла тыраж і стала амаль ці не адзінай рэнтабельнай у краіне. У друкарні не хапала ночы, каб “адціснуць” такую колькасць асобнікаў. З Ліды прывезлі старую ратацыйную ўстаноўку. А тым часам у рэдакцыях, на хвалі ломкі ўсёй савецкай сістэмы, пачалася свая перабудова — друкарні закрываліся, выпуск газет масава пераводзілі на афсет. А ў Горкі па-ранейшаму прыязджалі за вопытам — як зрабіць газету самаакупнай. Рэдактар у складзе рабочых дэлегацый ездзіў з абменам вопыту па краіне, выступаў на тэлебачанні, у тым ліку ў Маскве, адказваў на пытанні слухачоў — журналістаў Мінскай вышэйшай партшколы — зараз гэта Прэзідэнцкая акадэмія…
Так незаўважна і час збірацца на пенсію надышоў. Але Міхаіл Аляксандравіч не змог у свой час рэалізаваць гэтую мару — цалкам аддацца літаратурнай працы. Пайшоў на ўпаўне заслужаны адпачынак… у 83 гады. Амаль пяць гадоў адпрацаваў уласным карэспандэнтам “Магілёўскай праўды”, астатні час да 2020 года ахвяраваў свой талент аграпрамысловай абласной — “Зямля і людзі”. Пра сваю працу ўласным карэспандэнтам у нашым штотыднёвіку Міхаіл Аляксандравіч вобразна так сказаў: “Нагу з ложка звесіў — і ты ўжо на рабоце, як, дарэчы і дома. Пішы сабе артыкулы, вершы, крытыкуй каронавірусы, і ніякай табе пандэміі». Нягледзячы на тое, што Міхаіл Аляксандравіч ужо на заслужаным адпачынку, сталы ўзрост, ён па-ранейшаму не парывае сувязь з газетай і амаль у кожным нумары на старонках “Зямля і людзі” з’яўляюцца яго матэрыялы. Акрамя гэтага, друкуецца ў газеце “Літаратура і мастацтва”, “Звязда”, часопісе “Вожык”, нават у “Полымі”. Ён — член Саюза пісьменнікаў Беларусі. У суполцы журналістаў — з 1965 года. Піша на беларускай і рускай мовах. Аўтар зборнікаў “Мелочи жизни”, “Базар житейской суеты”, якія выйшлі пад рэдакцыяй і з прадмовамі вядомых беларускіх пісьменнікаў Анатоля Казлова і Георгія Юрчанкі.
Першы беларускамоўны зборнік мініяцюр “Вершаплёт” прапануецца вучням і студэнтам, схільным да літаратурнай творчасці, якія жадаюць больш дасканала асвоіць родную мову. Тут дарэчы і вось гэты апошні беларускамоўны фаліянт на 444 старонкі, зборнік сатырыка-гумарыстычных мініяцюр — эпіграм і мініпародый, што прапануе сваім чытачам аўтар. А гэта ж 65 цяжкіх асобнікаў на ўсю маленькую Беларусь, якія перададзены шэрагу бібліятэк суседніх раёнаў, беларускай сельгасакадэміі, некаторым прадпрыемствам, аматарам і знатакам сатырыка-гумарыстычнай мініяцюры. А яшчэ — шэраг калектыўных зборнікаў — лічы, па аднаму асобніку кожны.
Літаратурная і журналісцкая праца Міхаіла Уласенкі адзначана шматлікімі ўзнагародамі. У тым ліку Ганаровымі граматамі — ад чатырох магілёўскіх губернатараў, прэміямі, а таксама нагруднымі знакамі: “За вялікі ўклад у літаратуру” (Саюз пісьменнікаў Беларусі), “За заслугі” (Беларускі прафсаюз работнікаў АПК).
Горацкая раённая бібліятэка імя Максіма Гарэцкага выдала поўны бібліяграфічны паказальнік усіх публікацый пісьменніка-журналіста “На Парнасе” — апісанні кніг, артыкулаў, іншых твораў. Тут можна лёгка знайсці матэрыялы з папулярных газет і часопісаў пад рознымі рубрыкамі: «Рэха нашай Перамогі», «Над родным краем жураўлі», «Прыдняпроўе — маё натхненне», «Галасы з Горацкага Парнаса…»
Міхаіл Уласенка — не паэт-саматужнік з правінцыі Горкі. Ён не толькі член Саюза пісьменнікаў Беларусі у складзе Магілёўскага аддзялення. Ён — адзін з самых актыўных членаў народнага (!) літаратурнага аб’яднання “Роднае слова”, створанага пры Горацкім краязнаўча-этнаграфічным музеі, і плённа працуе пад кіраўніцтвам яго старшыні Людмілы Дзеружковай. Мала які раён Беларусі, а больш таго — музей можа пахваліцца наяўнасцю ў яго штаце такога паўнацэннага і ўпаўне прафесійнага Парнаса.