Хаджэнне па навуках
У Дзіцячай школе мастацтваў і вакальна-харавога майстэрства г. Горкі адбыўся творчы вечар, прысвечаны 80-гадоваму юбілею паэтэсы, члена Саюза беларускіх пісьменнікаў, народнага літаратурнага аб’яднання “Роднае слова” Лідзіі Андрэеўны Мініч.
Лейтматывам паэтычнай творчасці і культурна-асветніцкай дзейнасці паэткі з’яўляецца любоў да вялікай і малой радзімы, роднай мовы і культуры, павага да чалавека і чалавека працы ў асаблівасці.
У творчым вечары былі задзейнічаны лепшыя таленты Горацкага краю. Са сцэны гучалі вершы і песні на словы паэткі, пераклады рамансаў на беларускую мову, былі прадстаўлены інсцэніроўкі па яе творах. Шмат цёплых слоў і кветак атрымала юбілярша ў гэты дзень ад прыхільнікаў яе паэзіі, у тым ліку ад старшыні раённага савета дэпутатаў А.А. Агароднікавай, дырэктара ВГУП “Горацкі элеватар” П.І.Панасюгi, дырэктара ААТ “Горкілён” В.М. Еўціховіча, старшыні раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” Н.М. Кавалёвай, калег па пяру і інш. Ад старшыні Горацкага райвыканкама А.М. Бутарава і начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама А.В. Бяляцкага Лідзіі Андрэеўне былі ўручаны Падзячнае пісьмо і Ганаровая грамата.
Развітваючыся з роднымі пенатамі Беларускай сельгасакадэміі, з якой звязана паўстагоддзя лепшых гадоў жыцця, яна прысвяціла сваёй любімай альма матэр Гімн, музыку на які напісаў вядомы ў тутэйшых краях кампазітар Барыс Магаліф.
Не шукала ты лёгкіх дарог,
І ў былыя ліхія часы,
Як выснова усіх перамог —
Ў гербах ёсць тваіх спраў
каласы.
Не шукала і аўтар гэтых шчырых радкоў ні лёгкіх дарог, ні пашаны, ні славы. Выдатны і любімы студэнтамі выкладчык зоаінжынернага факультэта, кандыдат сельскагаспадарчых навук, дацэнт, выйшаўшы, як у нас кажуць, на заслужаны адпачынак, не спачыў на лаўрах, не згубіўся ў нетрах акадэмічных дач, а вырашыў прысвяціць восень свайго жыцця літаратурнай справе.
Праніклівую лірыку Лідзіі Андрэевай (літаратурны псеўданім) з замілаваннем слухаюць і студэнты, і школьнікі, і сельскія ветэраны. Яе вершы друкуюцца ў калектыўных зборніках, перыядычных выданнях, а сёння на яе рахунку — 12 паэтычных зборнікаў для дарослых і дзяцей, у якіх — жывая паэзія працы, роднай прыроды, любоў да Радзімы, да бацькаўшчыны, глыбокая павага да Чалавека …
Паэтычная душа сфармавалася ў Лідзіі Андрэеўны Мініч яшчэ ў юным узросце. Яна страшна марыла змяніць свет. Той свет, які бачыла і перажывала ў роднай вёсцы Рэкта Клімавіцкага раёна.
І вось гэта крохкае стварэнне, скончыўшы школу з медалём, вырашыла, у самым прамым сэнсе, узяць быка за рогі. У велізарных кірзавых ботах, у ватоўцы, падпяразанай шырокім салдацкім рамянём, заявілася Ліда на ферму. Брыгадзір, убачыўшы яе ў адзенні з відавочна чужога пляча, аддаўшы па-вайсковаму чэсць, хутчэй жартам, чым сур’ёзна, адрапартаваў: «Слухаю указанняў, мой камандзір!» Ён проста не мог паверыць, што круглая выдатніца прыняла цалкам абдуманае рашэнне і з сур’ёзнымі намерамі прыйшла працаваць цялятніцай. І мянушку «Наш камандзір» стала ці ледзь не другім яе імем.
— А што мне было рабіць? — нібы апраўдваецца Лідзія Андрэеўна. — Сям’я вялікая, жылі бедна. Працавалі за «палачку». Калгас «забіты», фермы старыя, крытыя саломай развалюхі. Да вясны гэтую салому цяляты цалкам з’ядалі і стаялі, а то і ляжалі знясіленыя, ужо пад адкрытым небам. А тут бедных жывёлін, якіх я лашчыла, бы малых дзетак, ні з таго ні з сяго адолеў лішай. І маё ўсё цела пакрылася струпамі. Злінялі бровы, упалі вейкі. Уяўляеце, на каго я была падобная? А да бальніцы 15 кіламетраў — не набегаешся. Вылечылі ветурачы. Мазалі гэтым Квачам спачатку мяне, а потым цялят…
— Відаць, усё гэта і паўплывала на выбар далейшага шляху.
— І пайшла я ў акадэмію, аж на эканамічны факультэт — самы прэстыжны. Прыязджаю на выхадныя дадому, заходжу ў кантору, а галоўбух: «Куды ты, дзеўка ўлезла? Вунь наша эканамістка, таксама акадэмію скончыла, дык мы не ведаем, чым ёй заняцца. Ішла б ты лепш у аграномы ці заатэхнікі!» І я паслухалася. Здаю без праблем уступныя і тут жа пераводжуся на зоафак…
Закончыла Ліда акадэмію (а вучылася і тут выдатна), выйшла замуж за галоўнага агранома мясцовага саўгаса, папрасілася на працу ў самую адстаючую гаспадарку. Пэўна, сапраўды імкнулася “змяніць свет”. Але яе накіравалі не ў адстаючы калгас, а ў распараджэнне Магілёўскага абласнога ўпраўлення, дзе ёй прапанавалі пасаду загадчыка лабараторыі Бабруйскай дзяржплемстанцыі. Мініч заўпарцілася. Яе ўразумлялі, што гэта цікава, прэстыжна, перспектыўна, і горад прыгожы. Далі тэрмін на роздум… І яна пагадзілася.
— Прыязджаю ў Бабруйск, а там ужо маё месца занята — уладкавалі жанчыну з сярэдняй адукацыяй — напэўна, па чыёйсьці пратэкцыі. Еду назад ва упраўленне. Вы, кажу, вельмі моцна агітавалі мяне на гэтую пасаду. Я прасілася ў адстаючы калгас заатэхнікам. Урэшце, я пакінула ў Горках мужа. А мне, спецыялісту, прапануюць работу простай лабаранткай. З мізэрным акладам. Як жа мне жыць у гэтым вашым прыгожым горадзе?.. І мяне, без слоў, адпраўляюць назад у Горкі, ва ўпраўленне сельскай гаспадаркі, у аддзел Макса Залманавіча Фрэйдзіна. Сёння ён прафесар сельгасакадэміі. Неўзабаве мне прапанавалі пасаду заатэхніка-селекцыянера раёна, парэкамендавалі неадкладна паступіць у аспірантуру.
І Лідзія Андрэеўна рашуча пайшла ў навуку. Ездзіла ў Прыбалтыку, спасцігала асновы і сакрэты ў Літоўскім інстытуце, у лабараторыі імуннай генетыкі. Тамашнія прафесары запэўнівалі, што праца яе мае вялікую перспектыву і, ведаючы, што да чаго, усяляк апекавалі яе і дапамагалі. Больш таго, ужо закончаную яе навуковую працу ўхвалілі ў Маскве. Яна актуальная і сёння. Але абараняцца Лідзія Андрэеўна не стала. Можна сказаць, з прынцыпу. Таму што знайшліся людзі, якім вельмі не хацелася, каб гэтая праца была абаронена, будавалі усялякія перашкоды. І ім ўдалося пасварыць кіраўніка з паспяховым аспірантам.
А Мініч працавала ўжо асістэнтам на кафедры гадоўлі жывёл, што было цесна звязана з яе дысертацыяй. І тут пачаліся новыя хвалюючыя перыпетыі. У акадэміі пайшла паласа масавых скарачэнняў. І Лідзію Андрэеўну, як самую маладую, дарэчы, яна яшчэ не адпрацавала неабходны тэрмін пасля аспірантуры, заносяць у гэты чорны спіс «лішніх людзей». Па наіўнасці яна скарылася: не скарачаць жа тых, каму да пенсіі заставалася зусім няшмат. Сышла супрацоўнікам на доследную станцыю. Глаўк абавязаў рэктарат вярнуць яе на пасадзе асістэнта. І тут ёй тагачасны рэктар Сонцаў прапануе зусім іншую тэму для новай дысертацыі, звязаную з праблемай эфектыўнага кармлення жывёл. Дзесяць гадоў білася Мініч над гэтай працай, будучы на пасадзе малодшага навуковага супрацоўніка.
— Закончыла, дзякуючы дапамозе і падтрымцы загадчыка кафедры Юрыя Леанідавіча Максімава. Ён мяне ўсяляк заахвочваў да працы над дысертацыяй. Затым, калі стаў ужо прарэктарам па навуцы, камандзіраваў мяне ў Навасібірск. Акадэмік Мікалай Пятровіч Калашнікаў асабіста пазнаёміўся з маёй працай, прапаноўваў прыехаць да іх на абарону.
Але тут здарылася бяда: старэйшы сын трапляе ў аварыю, і дысертацыя для Лідзіі Андрэеўны становіцца справай другараднай. Абаранілася яна бліскуча — ужо па другой працы — калі да пенсіі заставалася ўсяго пяць гадоў.
Здавалася б, ну што гэтая дысертацыя дае? Корачкі. І гэтым усё сказана. Але “без бумажки ты букашка”. Выканаўшы дзве дысертацыйныя працы, маючы дастатковы багаж ведаў, Лідзія Андрэеўна тым не менш не мела магчымасці працаваць на пасадзе старшага выкладчыка. Ёй ветліва адмаўлялі. Хаця лішняя капейка ў яе бядотным сямейным становішчы была далёка не лішняй. Але яе прыродная сціпласць, сумленнасць і бескампраміснасць не ўсім падабаліся. А студэнты яе любілі.
— Бывала кажу ім: «Хлопцы, чаму вы такія па-рабску маўклівыя? Чаму вы баіцеся задаваць пытанні, выказваць свой пункт гледжання, паспрачацца? Бо ў спрэчцы не толькі ісціна нараджаецца, але і веды лепш засвойваюцца, — упэўненая Лідзія Андрэеўна. — Студэнт са здавальняючым дыпломам — гэта нездавальняючы спецыяліст, тормаз на вытворчасці. Яна не заахвочвае да творчасці, не развівае мысленне. У свой час я распрацавала методыку для практычнага курса, яе ўхваліў і падтрымаў загадчык кафедры Юрый Максімаў. Але некаторыя супрацоўнікі заўпарціліся — лішнія клопаты. Каштоўная ідэя была жыўцом пахаваная…
У Лідзіі Мініч ёсць вершы пра тое, чаму яна трымаецца ў баку ад людзей, якія па-рабску дагаджаюць начальству.
— Я ніколі нікому не дагаджала, не падлізвалася, і свой пункт гледжання адстойвала прынцыпова. За што, дарэчы, і трывала. А заняткі са студэнтамі заўсёды пачынала з трох пытанняў: Навошта гэта трэба? Як гэта зрабіць? Што гэта дасць? Зыходзячы з гэтых пытанняў, будавала і навучальны працэс. Не выпадкова сёння ў дзяржаве вырашаецца праблема эканамічнай эфектыўнасці вытворчасці. Не вал галоўнае, а эканамічная выгада. Ну выцягнеш ты з гэтай каравёнкі пуд малака, а ў што гэты пуд вам абыйдзецца? Ці варты ён укладзеных сродкаў і выдаткаў? І ў гэтым я вельмі падтрымліваю тактыку Мікалая Блахіна, былога дырэктара вучгаса нашай акадэміі. Той умее лічыць.
У вершы «Гаспадар», якое Лідзія Андрэева прысвячае Мікалаю Блахіну, ёсць такія радкі:
Жыць лёгка на зямлі і міла,
Як гаспадар шлях выбраў сам:
Аддаць ёй шчодра веды, сілы —
Служыць не ўладзе, а людзям.
У вершах яна шчыра і вобразна адлюстроўвае свае пачуцці і думкі, шчыра піша пра тое, што «цураецца тых людзей, якія па-рабску дагаджаюць начальству».
— Часам асэнсоўваю сваё жыццё, свае ўчынкі. Здавалася, разумным было б у некаторых сітуацыях паступіцца прынцыпамі, пакланіцца. А з якой нагоды я буду кланяцца? У мяне хрыбетнік зусім не для гэтага створаны. Дзеля кар’еры? Не, і гэта не для мяне.
Ці не такі светапогляд у такім узросце падштурхнуў навукоўца ўзяцца за пяро і «асядлаць Пегаса»?
— Я імкнуся, каб і вершы клікалі да разважання, а роздум, як правіла, натхняе да дзеяння.
Вершы Лідзіі Андрэевай — гэта і ёсць яе рэальныя дзеянні. Як, напрыклад, вось гэтыя — «Горацкія ўзоры»:
…З усіх канцоў у кут любімы
Здаўна дарогі праляглі.
Сюды заве маёй Радзімы
Крыніца ведаў аб зямлі.
Тут мудрай думкаю вучоных
Усё ў гармоніі жыве,
І песняй вырвецца
з-пад кронаў,
І ўдаль над горадам плыве.
Хай жа плыве ваш паэтычны карабель, Лідзія Андрэеўна, насустрач жыццёвым бурам. І, як кажуць маракі: «Сем футаў пад кілем»!
Людміла ДЗЕРУЖКОВА
Міхаіл УЛАСЕНКА