Помста ці здрада?

Хімка — такое імя было ў старой, што заўсёды моўчкі сядзела ля дому на лаўцы. Нерухома, нібы нежывая, і ўвесь час глядзела на шэрую стужку, што завулкам выходзіла на галоўную дарогу вёскі.
Хімку не любілі, з ёю мала хто вітаўся. Штосьці ў яе постаці было загадкавае і жахлівае, што не давала спакою мне, хлапчуку, які ўсё хацеў пачуць, пабачыць і зразумець. А тое, што чуў ад дарослых у той час, я не мог зразумець.
Але усё па парадку.
У трыццатыя гады мінулага стагоддзя, калі па ўсёй краіне адбывался калектывізацыя, сяляне са сродкамі сваёй гаспадаркі павінны былі дабравольна уступаць у калгас. Тых, хто меў спраўную гаспадарку і адмаўляўся, называліся кулакамі, а гэта значыла — ворагамі народа, з такімі ўлады распраўляліся жорстка.
Хімкіны бацька і маці былі добрымі гаспадарамі, старанна працавалі, жылі нядрэнна, зразумела, што адмовіліся. І таксама трапілі пад раскулачванне. Гэтаму у большай ступені паспрыялі вясковыя актывісты і тыя, хто ўзводзіў паклёп. Здарылася так, што бацьку, маці і мужа арыштавалі. Хімка была з малым дзіцём на руках, яе не кранулі.
Мы ведаем з гісторыі, што гэта быў час вялікага пералому — не толькі ў маштабах краіны, але і ў душы кожнага селяніна. Шмат тады наламалі дроў, яшчэ больш загубілі душ. Дровы гараць — душы баляць.
Збалела яна ў Хімкі па родных. Цяжка было адной жыць і гадаваць дачку. У калгас працаваць не пайшла, што сталася з роднымі, ня ведала, так і жыла. Ішоў час. Пачалася вайна. З’явіліся акупанты, і пачалі множыцца агульнае гора і страты. Людзі гуртаваліся, каб выжыць, дзяліліся, чым маглі, дапамагалі адно аднаму, забывалі усё злое і дрэннае.
Усе, толькі не Хімка.
Нашай вёсцы пашанцавала — ў ёй ворагаў не было, пры наступленні прайшлі міма, а калі адступалі ў канцы вайны, спалілі толькі тры крайнія хаты.
У сямі кіламетрах ад нашай ёсць вёска Расна. Я ня ведаю, якая яна зараз, бо даўно не наведваўся туды, а раней і ў часы майго дзяцінства і юнацтва гэта было вялікае мястэчка. Славілася сваім базарам, куды з’язджаліся амаль што з усяго раёна, каб набыць што ці прадаць.
У самым пачатку вайны там размяшчаўся нямецкі гарнізон і была камендатура.
Аднойчы Хімка сказала сабе, што яе час настаў, узяла паперу, аловак і пачала пісаць, а калі закончыла, па-святочнаму апранулася і хуценька падалася ў камендатуру да ворагаў.
Раніцою, на другі дзень, у нашу вёску наляцелі фашысты і паліцаі, яны нахабна ўрываліся ў хаты тых, хто быў у спісе, і, не звяртаючы ўвагі на пратэст напалоханых людзей, выганялі іх на вуліцу. Малады ці стары, мужчына ці жанчына, не мела значэння. Не кранулі толькі дзяцей, а тых, хто быў ім патрэбны, сілаю загналі ў кузаў грузавіка і пад дуламі аўтаматаў і вінтовак павезлі.
Яны сваю справу зрабілі хутка і спрытна.
У час фашысцкай акупацыі ў Расна час ад часу забівалі яўрэяў, і ў адзін з дней разам з імі растралялі і нашых вяскоўцаў.
Пра гэта дазналіся партызаны, і за Хімкаю сталі сачыць.
Жнівеньскім спякотным днём таго лета за вёскай ў полі перад ёю з’явіліся двое ўзброеных незнаёмцаў. Ад нечаканасці яна знямела, яе апанаваў страх. Двое мужчын — адзін з іх пэўна старэйшы — запытаўся:
Ну што, ізноў ідзеш да сваіх новых гаспадароў? Каго ты яшчэ хочаш загубіць?
На іх пытанні адказваць не стала. Зразумела, што гэтыя двое прыйшлі па яе душу. Дык навошта, ці не ўсё роўна?.. І ўжо паволі адыходзіла жахлівае здранцвенне, і ўжо з агідаю і непрыязню жанчына глядзела на іх. А калі павярнулася спіною, раздаўся стрэл. Павалілася тварам на зямлю, і той самы хацеў стрэліць яшчэ, але другі адвёў дула яго вінтоўкі ў бок і сказаў:
Хопіць, яна сваё атрымала.
І яны зніклі.
Ёй пашанцавала, што людзі пачулі стрэл, хутка яе знайшлі і прынеслі. За справу ўзялася вясковая знахарка, што ўмела лячыць травамі. Рана была небяспечная, куля наскрозь прабіла лёгкае і выйшла з цела. Жанчына страціла многа крыві і доўгі час не прыходзіла ў прытомнасць, і толькі стараннымі намаганнямі лекаркі ў ёй трымалася жыццё. Час і прыгляд загойвалі рану. Пачала папраўляцца.
Закончылася вайна, радасць ад Пабеды запаўняла сэрцы і душы людзей. Пачалі аднаўляць разбуранную гаспадарку, наладжваць новае жыццё. І хоць было бедна і голадна, працавалі, спраўлялі вяселлі, разам хадзілі на танцы і ў кіно, святкавалі святы.
А што Хімка?
Ворганы дзяржаўнай бяспекі яе не кранулі, працаваць у калгас не пайшла… Зразумела, людзі ад яе адвярнуліся, для ўсіх яна была ворагам, здрадніцай.
Але жыццё працягвалася. Вырасла і занявесцілася дачка, пайшла замуж за свайго вясковага хлопца, і ў хуткім часе адзін за другім на свет з’явіліся трое дзетак.
Хімка жыла з дачкою і зяцем, працавала па гаспдарцы, дапамагала гадаваць унукаў.
Усё маё жыццё гэтая гісторыя хвалявала і не давала мне спакою. І калі я дапытваўся ў старэйшых жыхароў вёскі, куды саслалі яе родных, той-сёй з сумнаю ўсмешкай маўляў: «Куды Макар цялят не ганяў». Ніхто з іх дамоў не вярнуўся. Канешне, жаль іх, а яшчэ больш тых, каго загубіла Хімка.
І што, усе былі павінныя, каго раскулачвалі? Такое пытанне задаваў я многім, і больш падрабязна дазнаўся ад маёй цёткі Анюты, якая ведала пра ўсё і ўмела цікава расказаць: «Куды там — ды не, — ціха, са слязамі на вачах гаварыла яна, — былі і такія, а былі і зусім ні ў чым не павінныя». «А чые сем’і напаткала гора і колькі ўсіх загінула? — дапытваўся я». Цётка не адразу, а толькі пасля таго, як канцом хусткі выцерла слёзы, працягнула: «Ішла вайна і хтосьці з тых, што прымаў удзел у раскулачванні, быў на фронце, і тады фашысты забіралі іх родных. Больш за ўсіх гора напаткала Сцяпанавых, у іх забралі траіх, у Макаравых — двух, у Саўкіных — двух, у Пятрака — сямідзесяцігадовага дзеда Осіпа, удаву Мар’ю, — і зноў, усхваляваная, змоўкла, а праз хвіліну дадала. — Хімкіны хоць пацярпеўшыя, ды можа дзе жывыя, а гэтых забілі».
Нейкі час мы сядзелі моўчкі, яна думала аб нечым сваім, а мяне не пакідала думка, дзеля чаго ці каго гэтае зло і ахвяры.
Цяжка і больна было пачуць і ўсвядоміць, што ўсё здарылася вось тут, у нашай вёсцы, з маімі землякамі, якія хадзілі па адной вуліцы, дыхалі адным паветрам, гадавалі дзяцей і радаваліся жыццю, і па злой волі аднаго чалавека, былі бязлітасна знішчаны ў суровыя і супярэчлівыя гады гісторыі нашай краіны.
Калі паглядзець з аднаго боку — помста, з другога — здрада. Дзевяць чалавечых жыццяў адданых смерці, сярод якіх былі і ні ў чым непавінныя. А як жа сумленне, жаночая міласэрнасць і простая любоў да бліжняга?! І няўжо сумленне можа быць чыстае і бруднае? Што яго робіць такім — лёс ці абставіны? Ды ці ведала пра гэта сама Хімка.
У Бібліі сказана — не судзі — не судзімы будзеш. Людзі свой прысуд вынеслі. Зараз Бог — ёй суддзя.
Жыла ціха і непрыкметна. Жыла доўга. Памерла на сто трэццім годдзе жыцця. На пахаванні не было ні слёз, ні жалю. Нібы не было на свеце такога чалавека.
Леанід АЎСЯННІКАЎ,
г. Магілёў