Прафесійнае майстэрства набываюць у “Радзіме”, або як выхаваць маладыя кадры
Адным з падмуркаў поспеху СВК “Калгас “Радзіма” Бялыніцкага раёну з’яўляюцца высокакваліфікаваныя спецыялісты. Яшчэ адна ўнікальнасць у тым, што больш за 30% калектыву сельгаспрадпрыемства складае моладзь, прычым свая, мясцовая.
Брыгада па працаёмкіх працэсах з’яўляецца самай “маладзёжнай”. З 24-х чалавек амаль палова ва ўзросце да 35 гадоў, а ў мінулым годзе першыя працоўныя месцы тут атрымалі 5 маладых спецыялістаў.
— Усе хлопцы мясцовыя, — гаворыць аб сваіх падапечных брыгадзір структурнага падраздзялення Дзмітрый ГЕРЧУК. — І старанныя. А як жа інакш, бо перад іх вачамі станоўчы прыклад блізкіх, родных, сяброў, якія шмат гадоў працуюць без нараканняў у СВК “Калгас “Радзіма”.
Маладыя кадры хутка ўліліся ў калектыў. Як адзначае Дзмітрый Вітальевіч, асаблівасцям прафесіі яны вучацца ў старэйшых, больш вопытных калег Уладзіміра ДАДАЛКІ, Міхаіла ГЛУШАКОВА, Мікалая КАРПЯНКОВА. Добра спраўляюцца з працоўнымі абавязкамі маладыя зваршчыкі Пётр НАВУМЕНКА і Максім ХОМІЧ, маляр Аляксандр КАЎГАНКА. Дарэчы, брыгадзіру будаўнічага звяна, якое ўваходзіць у склад брыгады, Юрыю ГЛУШАКОВУ ўсяго 26 гадоў, але як прафесіянал ён не саступае вопытным спецыялістам.
— Усяго ў зону абслугоўвання ўваходзяць 9 малочнатаварных ферм і 4 жывёлагадоўчыя комплексы, розныя гаспадарчыя аб’екты, — гаворыць Дзмітрый Герчук. — Нашы працаўнікі наладжваюць іх электра- і водазабеспячэнне, выконваюць бягучыя рамонтныя работы, а таксама ўласнымі сіламі ўзводзяць гаспадарчыя пабудовы. За апошні час, напрыклад, сіламі будаўнічай брыгады сельгаскааператыва былі пабудаваны 4 новыя хлявы для ўтрымання маладняку буйной рагатай жывёлы на ферме ў вёсцы Саглассе.
Падчас жніва ў абавязкі падначаленых Дзмітрыя Герчука ўваходзяць яшчэ і падпрацоўка збожжа, аслугоўванне зернесушыльных установак. Дарэчы, працоўныя звенні зернесушылак, якія дзейнічаюць пры жывёлагадоўчым комплексе “Усход”, шмат гадоў запар трымаюць высокія лідарскія пазіцыі не толькі ў раёне, але і ў вобласці.
Не забываюць у СВК “Калгас “Радзіма” і пра вольны час працоўнай моладзі. Члены брыгады па працаёмкіх працэсах актыўна ўдзельнічаюць у спартыўным і грамадскім жыцці, абараняюць гонар сельгаскааператыва ў спаборніцтвах па міні-футболе, гіравым спорце. Падчас культурна-масавых мерапрыемстваў, якія ладзяцца ў калгасе, працаўнікі брыгады не толькі бываюць задзейнічаны ва ўрачыстасцях, але і поўнасцю адказваюць за тэхнічнае забеспячэнне святаў.
Даведачна: рашэннем праўлення СВК “Калгас “Радзіма” да катэгорыі “моладзь” адносяцца працаўнікі ва ўзросце да 35 гадоў уключна. Штомесячна тыя з іх, хто адказна выконвае працоўныя абавязкі, вядзе здаровы лад жыцця, прымае актыўны ўдзел у спартыўных і масавых мерапрыемствах, атрымліваюць дадатак да заробку ў памеры 10%.
Дастойная зарплата, добразычлівыя адносіны ў калектыве, насычаны вольны час, павага да зямлі і працы, прывітая з ранняга дзяцінства, — усё гэта з’яўляецца зарукай таго, што вішоўская моладзь застаецца на малой радзіме. У СВК “Калгас “Радзіма” маладому папаўненню ахвотна ідуць насустрач.
— Клапаціцца пра будучыя працоўныя кадры пачынаем яшчэ са школы, — гаворыць намеснік старшыні гаспадаркі Міхаіл СКУСАЎ. — Напрыклад, члены школьнай вытворчай брыгады “Задорынка” ў час сезону сельскагаспадарчых работ актыўна дапамагаюць калгасу. Падлеткі маюць выдатную магчымасць пазнаёміцца з вытворчым працэсам, убачыць вынікі стараннай працы. Гэта закладвае ў іх ўяўленне аб будучай сферы дзейнасці. Таксама не адмаўляем студэнтам у часовым працаўладкаванні на працягу летніх канікул. Напрыклад, студэнт МДУ імя А. Куляшова Міхаіл ВОЛКАЎ працуе ў нас кожнае лета.
Святлана МАГІЛЕЎЧЫК
Фота аўтара