Юр’еў дзень

У Беларусі дагэтуль захавалася традыцыя адзначаць 6 мая Юр’еў дзень, які з’яўляецца адным з галоўных святаў беларускага народнага календара. Яно адзначаецца ў гонар Св. Георгія Пераможцы — заступніка свойскай жывёлы і сялянскай нівы.
У гэты дзень раніцай гаспадар, узяўшы з сабой каравай, выпечаны напярэдадні, адпраўляўся на поле, дзе расце жыта. Абыходзіў з малітвай тры разы поле. Дайшоўшы да апошняй мяжы, даставаў каравай, клаў яго ў жыта і параўноўваў вышыню жыта з караваем. Калі жыта вышэй за каравая, то ўраджай будзе добрым. Таксама гаспадар умываўся расой са словамі «Расіца-расіца, умой маё ліцо», «Добрая раса — будзе ў дастатку аўса».
У дзень святога Юр’я выганяюць скаціну вельмі рана на рунь, каб не апала раса. Перш чым выгнаць скаціну з хлява, гаспадар абмываў скаціну святой вадой са словамі: «Юр’е, устань рана, умыйся бела, вазьмі ключы, ідзі ў поле, адамкні зямліцу — выпусці расіцу».
Калі пастух гнаў статак на раллю, дзяўчаты гадалі — хто першы замуж пойдзе. Для гэтага яны падкідвалі яйкі-крашанкі пад ногі жывёле і назіралі — чыё яйка будзе растаптана, тая ў гэтым годзе замуж пойдзе.
У вечары пастухі наладжвалі свята. Абавязкова пяклі на вялікай патэльні «Калатуху» (дзесяць яек, 150 грам малака, 3 сталовыя лыжкі мукі, 6 сталовых лыжак смятаны). Але спачатку смажылі на патэльні шмат сала. Усё пасыпалі зелянінай.
Да пастухоў прыходзілі дзяўчаты з караваем. Яны ўрачыста няслі яго, па дарозе заходзячы да ганаровых гаспадароў с пажаданнямі: «Хай будзе ваша хата здарова і багата. Каб ядро было з вядро, каласок з піражок. З каласочка каб была жыта бочка. Добра жыці-пажываці — Юр’я ўспамінаці». А гаспадары ў адказ: «Як добра кароўкі ў полі гуляюць — хай жаніхі ў гэтым годзе да шлюбу вас забіраюць».
Хлопцы ўжо чакалі дзяўчат каля пастухоў. Хлопцы былі павінны выкупіць за грошы каравай. Пасля гэтага пачынаўся Юр’еўскі карагод, усе танчылі, спявалі і частаваліся.
Згодна з народнай прыкметай, калі на Юр’я дождж, то будзе шмат хлеба. Таксама лічылася, што ў гэты дзень трэба садзіць бульбу.
Праваслаўная царква ў гэты дзень узгадвае вялікапакутніка Георгія Пабеданосца, якому моляцца за дзяцей, аб дапамозе пры хваробах. Акрамя гэтага, святы з’яўляецца нябесным заступнікам воінаў.
На гэтым тыдні спецыялісты ДУК «Цэнтралізаваная клубная сістэма Магілёўского раёна» аднавілі і напоўнілі самабытнай атмасферай гэтае абрадавае дзейства, якое адбылося ў вёсцы Галынец Магілёўскага раёна. У іх выкананні гучалі песні-вяснянкі, заклічкі. Абрад суправаджаўся карагодамі, традыцыйнымі народнымі гульнямі і забавамі.
Наталля ГОМАНАВА,
загадчык сектарам
культуры Магілёўскага
райвыканкама