24 мая будзе 85 гадоў Міколе Падабеду

24 мая мой даўні сябра, пісьменнік Мікола Падабед з Бялынічаў адзначыць свой 85-ы год нараджэння. У свой час мы працавалі галоўнымі рэдактарамі раённых газет. І, нягледзячы на вялікую прафесійную занятасць, няблага спалучалі, як мне зараз падаецца, журналістыку з літаратурнаю працаю. Гэта, напэўна, якраз той выпадак, калі, па глыбокаму перакананню слыннага празаіка і драматурга Васіля Ткачова, мае поўнае права на існаванне вынай-дзенае ім такое паняцце, як “літаратурная журналістыка”. Дык вось Мікола Іванавіч не ва ўрон свайму асноўнаму занятку напісаў і выдаў некалькі зборнікаў сатыры і гумару, дзве дакументальна-мастацкія аповесці. Да аднаго з іх — “Жонка напракат” — вядомы журналіст, пісьменнік Валянцін Крыжэвіч яшчэ ў 2011 годзе, адзначаючы ў прадмове адметную рысу сатырыка-гумарыста і спасылаючыся на Алаізу Пашкевіч (Цётку), да месца напісаў: “Бедны той, хто апрача грошай, апрача багацця, якое пры першым жа няшчасці счэзне дазвання, не мае скарбаў вечных — скарбаў душы”. Вось чаму гэты пісьменнік у сваіх творах высмейвае ці выстаўляе на пасмешышча хабарнікаў, хапуг, рознай масці дзялкоў, у якіх ад даляраў пухнуць кішэні, а на душы заўсёды пуста. Такія людзі пазбаўлены сапраўднага чалавечага шчасця, радасці. І мне іх вельмі шкада.

У падобным накірунку прыкладна ў той жа час я асэнсоўваў падабедаву творчасць у літаратурна-крытычным артыкуле “На крутых паваротах жыцця”, які ахвотна надрукаваў штотыднёвік “Зямля і людзі”. Акцэнт жа зрабіў на аўтабіяграфічнай аповесці “Рубцы на сэрцы”. Прачытайце яе, калі ласка, калі яшчэ не давялося, каб глыбей ведаць нашу рэчаіснасць. Не пашкадуеце. Там — яе горкая праўда.
Цікавай, насычанай і лірычнай атрымалася ў Міколы Іванавіча аповесць «Iду на сустрэчу з навальнiцай» , галоўным героем якой стаў вядомы на ўсю краіну старшыня бялыніцкага калгаса “Радзіма” Аляксандар Лапацентаў ( у творы праходзіць як Васіль Калінкін) — чалавек незвычайнага лёсу, мужнасці, стойкасці і сілы духа. Журналісты, а потым і калгаснікі паважліва называлі свайго кіраўніка ад Бога «беларускім Марэсьевым». Менавіта гэтая выдатная аповесць і адкрыла кнігу лепшых выбраных твораў сучаснай прозы Беларусі ў 2013 годзе, якая пабачыла свет у горадзе-героі Мінску.
Не дарэмна, значыць, заслужаны работнік культуры БССР Мікола Падабед з’яўляецца да таго ж ганаровым членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, узнагарроджаны медалём назаванага творчага Саюза «За вялікі ўклад у літаратуру”», рознага кшталту граматамі, дыпломамі.
З нагоды саліднага юбілею гэтага добрага чалавека, з якім па-ранейшаму падтрымліваю цесныя стасункі, нешта напісаў для яго і я. Цяперака вось прапаную чытачам аграпрамысловай газеты.

Мікола ЛЕЎЧАНКА

СЯБРОЎСКІ ШАРЖ

З дасціпным гумарам
і смехам,
Па цаліку, ды напрасткі
Ў творчым полі
крочыш пехам,
Знаходзіш трапныя радкі.
Цікавых тэмаў і сюжэтаў,
Дзе вастрыня і пачуццё.
Распавядзеш затым
пра гэта,
”Уславіш” грэшнае жыццё.
У фельетонах, гумарэсках
Глыбей арэ сатыры плуг.
Ды так, што часам
толькі “трэскі”
Ад прайдзісветаў і хапуг.
Тады, браток,
ім не да жартаў.
Не згубіцца ніколі след,
Які ўзяў яшчэ са старту
Літаратуры нашай дзед.
Даўно ўжо і я стаў дзедам.
Цяпер жадаю вам сказаць:
“Спяшаю ўслед
за Падабедам
І … не магу яго дагнаць!”

Акцыя (гумарэска)

Не паспеў Рыгор Баравічок пераступіць парог свайго дома, як жонка залілася салаўём:
— Ой, Рыгорачка, міленькі, хутчэй распранайся, мый рукі і за стол. А то вячэра астыне.
— Не гані каней, — буркнуў ён. — Я ж толькі з работы. Дай аддыхацца.
— Прамаруджванне смерці падобна. Нам запрашэнне прыйшло.
— На вяселле ці на юбілей? I ад каго?
— Ад спадара Свінкіна. Мікіты Вольфавіча.
— Такога не ведаю!
— А ён цябе ведае. Як актыўнага пакупніка. Вось пачытай! — і Ларыса працягнула мужу пісьмо.
— О-ё-маё! Я ж акуляры згубіў.
— Тады растапыр вушы і слухай. Шаноўны Рыгор Мітрафанавіч! Заўтра ў нашай краме праводзіцца акцыя па распродажу харчовых, прамысловых тавараў і бытавой тэхнкі. Адбудзецца яна з 8 да 9 гадзін раніцы. Цэны на іх роўназначныя цэнам сямідзесятых гадоў мінулага стагоддзя. Запрашаю цябе і жонку наведаць магазін, і набыць столькі тавараў, колькі душа пажадае. Першым наведавальнікам прадастаўляецца ільгота — за пакупкі не трэба плаціць. А чаго праводзім такую акцыю? Каб людзі помнілі і шанавалі мінулае, і не выходзілі з крамы з пустымі рукамі і пустымі кашалькамі. Чакаю вас з нецярпеннем! 3 павагай і ўдзячнасцю, генеральны дырэктар магазіна «Свісток» Мікіта Вольфавіч Свінкін.
— Вось гэта здорава! — усклікнуў Баравічок. — Малайчынка Мікіта Вольфавіч! Клапоціцца аб нас, як аб родных дзецях. Ах, каб усе кіраўнікі былі такія ўважлівыя, спагадлівыя, чулыя! Жылі б як у Бога за пазухай. А нам, Ларыска, нельга ўпусціць гэты шанс. Галоўнае — не прашляпіць. Усё можна зрабіць, калі не спаць у шапку. Падсілкуюся і пабягу займаць чаргу. Хоць ночку не пасплю, затое набяром на дурнічку аж на паўгоды. Запас бяды не чыніць. Людзі ад зайздрасці будуць локці кусаць, што мы багатымі сталі. Ларысачка, мая цукерачка, ці правільна я кумекаю? Ты згодна са мною? Толькі ці ўдасца ўгаварыць суседа, каб даў «Жыгулёнка». А то нахапаем на халяву ўсялякіх прысмакаў і абноў, і ад цяжару можам пупы надарваць.
— Ты, Рыгорка, падумай сваёй мазгаўнёй! — затараторыла кабеціна. — Суседу аб акцыі ні гу-гу! Калі даведаецца — не змоўчыць. Раскажа сваякам, знаёмым, а тыя разнясуць па ўсім свеце. Усе захочуць разбагацець на дурніцу і кінуцца ў краму… А мы застанемся з носам. Уцяміў?
— Ага. Твая праўда, — цяжка ўздыхнуў Рыгор. — Маўчу, як рыба. Я прыдумаў, як прывезці. Вазьму каляску, на якой вазілі бульбу з поля, упрагуся сам, а побач станеш ты… Ну як, любая, прапанова?
— Калі гарэлку не жлукціш, то кацялок варыць у цябе, — ухваліла Ларыса мужа. — Прывязем без праблем. Сваё дабро плячэй не ўвагне…
Усю ночку прадзяжурыў Рыгор каля крамы. А з паўгадзінкі ад яго адкрыцця з’явілася жонка.
— Ты адзін? — здзівілася яна. А чаго нікога няма? Можа, гэта правакацыя?
— Слухай, не каркай! Ціпун табе на язык! — цыкнуў на яе Рыгор. — Радуйся, што людзі яшчэ спяць — нам больш дастанецца. Зробім два-тры рэйсы і будзем жыраваць аж цэлы год. А вунь ужо і краму адчынілі. Ну, пайшлі! Памажы, Божа…
Выбар тавараў тут быў вялікі. Напакавалі Баравічкі па дзве торбы, як падняць, і накіраваліся да выхаду.
— Шаноўныя пакупнікі! — аклікнула іх маладая касірка. — А хто будзе плаціць?
— Свінкін! — адказаў Рыгор.
Я такога не ведаю, — разгублена паціснула плячыма дзяўчына.
— Цьфу! А што ты ведаеш? Сядзіш і ротам мух ловіш. Гэта ж ваш дырэктар!
— Няпраўда! — запярэчыла касірка. У нас генеральным дырэктарам працуе не Свінкін, а Мядзведзь.
— Язык у цябе, як памяло! — узлаваўся Баравічок. — Вось пачытай! — I сунуў ёй пад самы нос запрашэнне.
Дзяўчына таропка прабегла вачыма па паперцы і пырснула ад смеху:
— Вай-вай-вай! Цырк на дроце! Ну і Свінкін, ну і Свінкін! Лоўка абуў у лапці! Сёння ж 1 красавіка — дзень смеху. Разыгралі вас. А вы паверылі. Ну нічога — у жыцці бывае і горш. А вось за пакупкі, калі ласка, ганіце грошыкі. А то міліцыянера паклічу.
Вочы ў Рыгоркі зрабіліся па яблыку. Ён хацеў нешта сказаць ў апраўданне, але не змог — задрыжэлі паджылкі, перасохла ў роце…
Мікола ПАДАБЕД