“…ЯК ПРАЖЫЎ Я ЖЫЦЦЁ – НЕ ШКАДУЮ”
1 студзеня 2022 года Андрэю Міхайлавічу Пугачу споўнілася 75 гадоў. Яго добра ведаюць ва УА “Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія”, Горацкім раёне як асобу шматбаковых інтарэсаў і здольнасцей. Ён зарэкамендаваў сябе высокакваліфікаваным педагогам, навуковым даследчыкам, умелым кіраўніком.
Андрэй Пугач нарадзіўся ў вёсцы Звераўшчына Навамышскага раёна Баранавіцкай вобласці (зараз Баранавіцкі раён Брэсцкай вобласці). У 1964 годзе закончыў Палонкаўскую сярэднюю школу і паступіў на эканамічны факультэт Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. Пасля яе заканчэння ў 1969 годзе працаваў старшым эканамістам у калгасе ім. Чапаева Баранавіцкага раёна. У 1969-1970 гадах служыў у Савецкай Арміі на Наўгародчыне.
З 1970 года лёс зноў звязаў Андрэя Міхайлавіча з роднай альма-матар, Магілёўшчынай. Ён скончыў аспірантуру. 47 гадоў працаваў выкладчыкам на кафедры эканомікі і міжнародных эканамічных адносін у АПК. У 2017-2021 гадах працаваў кіраўніком творчага калектыву Цэнтра студэнцкай мастацкай творчасці БДСГА. У 1981 — 1982 гадах быў дэканам факультэта грамадскіх прафесій. У 1989-1993 гадах па сумяшчальнасці працаваў намеснікам дэкана эканамічнага факультэта. У 2004-2009 гадах па сумяшчальнасці працаваў карэспандэнтам газеты “Советский студент”. Ім апублікавана каля 80 навуковых і вучэбна-метадычных работ.
У Андрэя Міхайлавіча заўсёды побач з асноўнай дзейнасцю былі і ёсць захапленні мастацкай самадзейнасцю, журналістыкай, літаратурнай творчасцю.
Значнага поспеху ён дасягнуў, выступаючы на сцэне ў якасці саліста-вакаліста. Андрэй Пугач з’яўляецца лаўрэатам і дыпламантам саюзных, рэспубліканскіх, абласных, раённых фестываляў мастацкай самадзейнасці. Аб яго творчасці ў 1993 годзе расказвалася ў тэлевізійнай перадачы беларускага тэлебачання “Кавярня пяці зорак”. Добрыя водгукі аб яго творчасці былі змешчаны на старонках мясцовых і рэспубліканскіх газет.
У журналістыцы і літаратурнай творчасці ў А.М. Пугача таксама ёсць дасягненні. За 50 гадоў журналісцкай дзейнасці ім апублікавана звыш 2000 матэрыялаў.
Яго літаратурная дзейнасць пачалася ў акадэміі. Тут ён напісаў першыя вершы, пасля з’явіліся і апавяданні. З цягам часу прыйшоў вопыт, расло майстэрства.
У 1996 годзе выйшаў першы зборнік Андрэя Пугача “Вёска стамілася”, у які ўвайшлі вершы, апавяданні, нарысы. У 1997 годзе ў сааўтарстве выйшаў другі зборнік “Горы”, у якім Андрэй Міхайлавіч у раздзеле “Слава і гонар Гор”, паказаў сябе добрым аўтарам нарысаў аб людзях. Пазней, у 2006 і 2016 гадах, убачылі свет наступныя кнігі Андрэя Пугача: “Акадэмія: людзі і іх справы”, “Выбранае”. Зборнікі ўключаюць лепшыя празаічныя і публіцыстычныя творы аўтара, якія былі напісаны ў розныя гады. У прадмове да кнігі “Выбранае” ён піша: “І ўсё ж лічу, што нездарма еў хлеб усе пражытыя гады… аб пражытым і зробленым не шкадую”.
У 2000-2021 гадах А.М. Пугач быў кіраўніком аматарскага літаратурнага аб’яднання “Парнас”. У 2003 годзе аб’яднанню прысвоена ганаровае званне “Народны аматарскі калектыў”. У 2018 годзе калектыў адзначыў 65-гадовы юбілей. Дзейнасць аб’яднання шматгранная, адным з важнейшых яе накірункаў з’яўляецца выданне калектыўных і аўтарскіх зборнікаў паэтаў і пісьменнікаў “Парнаса”. Пры непасрэдным удзеле Андрэя Міхайлавіча былі выдадзены 10 калектыўных зборнікаў, у тым ліку 7 зборнікаў “Акадэмічны вянок” і зборнік “Маладыя галасы “Парнаса””, шэраг аўтарскіх зборнікаў. Конкурсныя літаратурныя творы студэнтаў акадэміі, членаў “Парнаса”, неаднаразова адзначаліся дыпломамі Рэспубліканскага конкурсу “Аўтограф”.
За творчыя поспехі і бездакорную працу А.М. Пугач неаднаразова адзначаўся Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь, абласнымі і раённымі ўладамі, адміністрацыяй акадэміі і грамадскімі арганізацыямі.
На старонках газет Андрэй Міхайлавіч часцей сам выступае як аўтар, на гэты раз мы папрасілі яго дапоўніць сказанае.
— Андрэй Міхайлавіч, раскажыце аб сваіх каранях.
— Я з сялянскага роду. Прозвішча, якое мне дасталося ад бацькі Міхаіла Андрэевіча, у вёсцы Звераўшчына насілі некалькі сем’яў. Нічога не магу сказаць пра сваіх дзядоў і бабуль, бо сам нарадзіўся дзявятым, калі бацькі ўжо былі ў сталым узросце. Жылі беднавата, але на стале заўсёды быў хлеб, малако, яйкі, бульба. Выхоўвалі нас ў строгасці.
Бацька працаваў настаўнікам пачатковай школы ў нашай вёсцы. Ад прыроды ён быў селянінам, настаўнікам стаў, хутчэй за ўсё, выпадкова ў 1939 годзе, калі Заходнюю Беларусь далучылі да Усходняй. На вёсцы ў той час ён быў самым адукаваным — скончыў 7 класаў царкоўна-прыходскай школы ў Расіі.
Маці была на сем гадоў маладзейшая за бацьку. Не мела ніякай адукацыі. Школай для яе з малых гадоў была праца ў якасці прыслугі. У нашым раёне ў тыя часы пражывала шмат яўрэйскіх сем’яў. Вось у адной з такіх яна і прыслугоўвала. Як яна сама казала — гэта была выдатная школа жыцця.
— Чаму вы вырашылі пайсці вучыцца у БСГА?
— Калі вучыўся ў пачатковай школе, захапляўся чытаннем. Чытаў усё запар. Любімымі прадметамі былі матэматыка, геаграфія, літаратура, фізкультура. У старэйшых класах марыў стаць трэнерам па спорце, журналістам або кіраўніком калгаса ці саўгаса. Пасля заканчэння сярэдняй школы вырашыў паступіць на эканамічны факультэт сельгасакадэміі ў Горках. Выбар зрабіў па рэкамендацыі аднаго са студэнтаў акадэміі, з якім сустракаўся на спартыўных пляцоўках у час летніх канікул.
— Чым запомніліся студэнцкія гады?
— У акадэміі знаўшоў сяброў, тут была магчымасць развіваць свае вакальныя здольнасці і займацца любімым спортам. Добры уплыў на мяне аказвалі выкладчыкі ВНУ, асабліва дэкан факультэта І.С. Рулінскі і яго намеснік І.У. Джафараў, прафесар А.З. Латыпаў, рэктар К.М. Сонцаў і іншыя. Акадэмія для мяне была добрай школай жыцця. У час вучобы я пазнаёміўся з горацкай дзяўчынай Раяй. У 1968 годзе мы пажаніліся і ужо 53 гады жывём разам.
— 47 гадоў вы працавалі выкладчыкам на адной і той жа кафедры. Што яны прынеслі?
— Атрымаўшы ў 1969 годзе дыплом, быў накіраваны на працу эканамістам у родны Баранавіцкі раён. Праз некаторы час быў прызваны на службу ў армію. З чэрвеня 1970 г. стаў працаваць асістэнтам кафедры эканомікі сельскай гаспадаркі.
У 1976 годзе закончыў аспірантуру. Да 2017 года працаваў на адной і той жа кафедры старшым выкладчыкам. Кажуць, што я быў добрым выкладчыкам і навукоўцам. Магчыма, і так. Ёсць у мяне надрукаваныя навуковыя і вучэбна-метадычныя працы. У мяне вучыліся многія вядомыя ў Беларусі людзі, і мне прыемна, што маю дачыненне да іх падрыхтоўкі.
На працягу ўсіх гадоў выкладчыцкай працы давялося сустракацца з высокімі прафесіяналамі, вучонымі, педагогамі, кіраўнікамі, улюбёнымі ў сваю справу людзьмі. Каб нікога не пакрыўдзіць, я не буду называць іх, бо гэта заняло б не адну старонку. Іх імёны можна знайсці ў маіх нарысах, інтэрв’ю.
Поруч з выкладчыцкай і навуковай працай я займаўся журналістыкай, літаратурнай дзейнасцю, былі поспехі і ў мастацкай самадзейнасці.
— Калі вы адчулі, што можаце спяваць?
— У гэтым нічога не было дзіўнага. Усе ў нашай сям’і мелі цудоўныя галасы, асабліва бацька і старэйшая сястра Марыя. Песня суправаджала мяне з дзяцінства. Спрабаваў спяваць і я. Упершыню я выйшаў на сцэну ў пятым класе. Ніколі не думаў, што маё жыццё назаўжды будзе звязана з песняй. З 1964 года, калі стаў студэнтам, песня стала важнай часткай жыцця. У час службы ў Савецкай Арміі быў салістам армейскай самадзейнасці. У розныя гады быў салістам народнага ансамбля песні і танца “Радасць” Палаца культуры акадэміі і народных духавых аркестраў Горацкага раённага Дома культуры і Палаца культуры акадэмііі. У цяперашні час спяваю у народным акадэмічным хоры “Спадчына” Горацкага РЦК, саліст народнага аркестра народных інструментаў і народнай студыі эстраднай песні “Золак” ЦСХТ БДСГА.
Дыпломы розных фестываляў, якія атрымаў за гады выступленняў на сцэне, грашыма не змерыш. Застаецца толькі задавальненне ад добра выкананай справы. Удзячны ўсім тым, хто дапамагаў мне расці творча, удасканальваць песеннае майстэрства.
— Як вы прыйшлі ў журналістыку, літаратурную творчасць?
— Спрабаваў пісаць у школе, але не пайшло: думак было шмат, а слоў не хапала. Першыя вершы былі надрукаваны ў 1967 годзе, у час вучобы ў акадэміі. Вялікі ўплыў на мяне аказала Н.І. Тулупава, рэдактар акадэмічнай шматтыражкі. Калі стаў працаваць у акадэміі, мяне ўвялі ў рэдакцыйны савет газеты “Советский студент”. Стаў пісаць рэпартажы аб падзеях ў жыцці акадэміі, з часам перайшоў да нарысаў, інтэрв’ю. Не забываў і літаратурныя жанры. Вучыўся ў прафесійных журналістаў. Сваімі настаўнікамі лічу Тамару Холад, Міхаіла Ісаева, Тамару Драздоўскую, Людмілу Ганчарову і іншых.
Дасягненні ў журналістыцы і літаратурнай дзейнасці не прынеслі мне матэрыяльных здабыткаў, але я адчуваю неабходнасць такой дзейнасці для людзей.
— Як вы сталі кіраўніком літаб’яднання?
— У розныя гады аб’яднанне на грамадскіх пачатках узначальвалі найбольш актыўныя ўдзельнікі калектыву. З 2000 і да 2021 г.г. кіраўніком быў я. З аматарскім літаратурным аб’яднаннем “Парнас” я звязаны з 1967 года. У дзевяностыя гады мінулага стагоддзя ў аб’яднанне ўваходзілі людзі, якія шмат увагі ўдзялялі літаратурнай творчасці. У першую чаргу гэта Аляксей Багамолаў, Святлана Варухіна, Леў Васільеў, Вольга Зяньковіч, Сяргей Кісялёў, Уладзімір Ліўшыц, Таццяна Скікевіч і іншыя. У. Ліўшыц, С. Варухіна, Л. Васільеў і я ўжо мелі свае зборнікі. Да святкавання 160-гадовага юбілею акадэміі было вырашана выдаць першы калектыўны зборнік “Акадэмічны вянок”. Адказнымі за выпуск былі У.Ліўшыц і я.
Прэзентацыя гэтага зборніка супала з арганізацыйным сходам аб’яднання, на якім прынялі Статут і выбралі кіруючыя органы. Старшынёй рады (праўлення) выбралі мяне.
— Вы і іншыя грамадскія даручэнні выконвалі. А яшчэ сям’я. Як на ўсё знаходзілі час?
— Я вельмі ўдзячны жонцы Раісе Макараўне, бо большую частку сямейных клопатаў яна ўзяла на сябе. У нас двое дарослых дзяцей: сын Андрэй і дачка Таццяна. Лічу, што далі ім належнае выхаванне і адукацыю. Сын — кандыдат сельскагаспадарчых навук, дацэнт кафедры раслінаводства БДСГА. Дачка — настаўнік вышэйшай катэгорыі, выкладае беларускую і рускую мову і літаратуру ў Аўсянкаўскай сярэдняй школе Горацкага раёна. У нас тры ўнукі. Аляксандр закончыў БДУІР і працуе ў Мінску. Міша і Мікіта вучацца ў 11 классе. Мы радуемся поспехам дзяцей і ўнукаў, ганарымся імі.
У канцы нашай гутаркі мне засталося падзякавць вас, Андрэй Міхайлавіч, за такія падрабязныя і змястоўныя адказы на мае пытанні. Прыміце віншаванні з вашым значным жыццёвым юбілеем ад мяне асабіста і ад бібліятэкі імя Д.Р. Новікава акадэміі. А таксама падзяку за нашу плённую сумесную працу па правядзенню самых розных літаратурных мерапрыемстваў. Здароўя вам моцнага, дабрабыту вашай сям’і і новых творчых знаходак!
Матэрыял падрыхтавала
Вікторыя Гардзеева, супрацоўнік
бібліятэкі імя Д.Р. Новікава БДСГА,
кіраўнік клуба
творчай моладзі
“Дэбют”