Аляксандар БАГЕЛЬ: «Чалавек найбольш працаздольны, калі жыве ў дастатку»

Дванаццаць гадоў таму адно з найбольш буйных і вядомых у краіне ААТ «Рассвет імя К.П. Арлоўскага» ўзначаліў Аляксандр Багель.

З гаспадаркай, якая спецыялізуецца на мяса-малочнай вытворчасці з развітымі раслінаводствам і плодаагародніцтвам, Аляксандр Іванавіч раней быў знаёмы. Працуючы першым намеснікам старшыні Кіраўскага райвыканкама, часта бываў тут. Ён ведаў, што ў сельгаспрадпрыемства ёсць пэўныя эканамічныя і фінансавыя праблемы і, каб вярнуць асобныя страчаныя пазіцыі, трэба прыкласці намаганні.

На выбарчым сходзе адкрытым галасаваннем усе аднадушна падтрымалі кандыдатуру новага дырэктара.

За плячамі яго меўся пэўны вопыт. Вытворчую дзейнасць пачынаў пасля заканчэння вучобы на мехфаку Беларускай сельгасакадэміі старшым інжынерам цэха механізацыі ў калгасе імя Дзяржынскага Бабруйскага раёна. Два дзесяцігоддзі быў намеснікам дырэктара, а потым узначальваў кіраўскі сельгасфіліял «Чыгірынка» РУП «Беларуснафта-Магілёўаблнафтапрадукт» і пяць з паловай гадоў кіраваў Глускім райвыканкамам. Завочна скончыў Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце.

Працоўныя здабыткі Аляксандра Іванавіча высока ацэнены дзяржавай. У арсенале яго ўзнагарод — ордэн Пашаны, медаль «За працоўныя заслугі», Падзяка Прэзідэнта, ганаровыя граматы Адміністрацыі Прэзідэнта, Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Савета Міністраў, Мінсельгасхарча, Беларускага аграпрамысловага саюза, Магілёўскага аблвыканкама і Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў. Працоўную дзейнасць кіраўнік актыўна сумяшчае з грамадскай: ён — дэпутат Кіраўскага раённага Савета дэпутатаў, узначальвае абласны аграпрамысловы саюз.

Звілістая асфальтаваная стужка дарогі, што вядзе з райцэнтра Кіраўск да Мышкавічаў, цэнтральнай сядзібы ААТ «Рассвет імя К.П. Арлоўскага», мінае санаторый (ён таксама носіць імя легендарнага Арлоўскага) і за праваслаўнай капліцай, што ўзвышаецца ля цвінтара, пераходзіць у галоўную вуліцу аграгарадка. Забудавана яна двухпавярховымі катэджамі. Сярод жылога квартала — акружаны яблыневым садам трохпавярховы будынак сярэдняй школы. Ёсць тут і незвычайнай архітэктуры дзіцячы садзік. На цэнтральнай плошчы — пяціпавярховая гасцініца з гандлёвым цэнтрам і рэстаранам, насупраць прыгожы Палац культуры з зімовым садам, а побач бюст першага старшыні калгаса Героя Савецкага Саюза і Героя Сацыялістычнай Працы Кірылы Арлоўскага. Велічнасць плошчы надаюць адміністрацыйны будынак гаспадаркі, банк, пошта і арыгінальная гадзіннікавая вежа. Летам дзейнічае фантан.

Ад цэнтральнай часткі асфальтаваная дарога вядзе да вытворчай зоны. Акуратна пабеленыя жывёлагадоўчыя памяшканні, прасторны машынна-трактарны двор, рамонтныя майстэрні і ангары, дзе да вясны захоўваецца тэхніка. На ўскрайку ўсталяваны біягазавы комплекс. Па ўсім аграгарадку паміж праезджай часткай вуліц і пешаходнай зонай, выкладзенай пліткай, пакрытыя снегам газоны. Уражвае мемарыял Славы з выбітымі на граніце 132 прозвішчамі тутэйшых, якія загінулі на фронце і ў партызанах (адкрыты сорак гадоў таму). Багаты на ўнікальныя экспанаты музей гаспадаркі, якой у 2024‑м споўніцца 80 гадоў. У савецкія часы тут былі самыя высокія заробкі: гадавы прыбытак калгаса перавышаў некалькі мільёнаў рублёў. Дзейнічалі камерцыйны банк, аўтапарк міжнародных перавозак, лакафарбавы і пашывачны цэхі, піўзавод, цагляны і кансервавы заводы, рыбагаспадарка, цяплічны камбінат, лабараторыя па вырошчванні насення, прадпрыемствы па перапрацоўцы бульбы, выпуску мінеральнай вады, разліве сокаў і віна, вырабе мясных далікатэсаў, выпечцы хлеба. Пастаянна наведваліся дэлегацыі пераймаць вопыт гаспадарання.

— Было чаму павучыцца, — адзначае дырэктар ААТ «Рассвет імя К.П. Арлоўскага» Аляксандр Багель. — Пра поспехі гаспадаркі ведаў са студэнцкіх гадоў. Настройваўся пасля атрымання дыплома інжынера вярнуцца ў родны Баранавіцкі раён, але, напэўна, лёсам быў наканаваны іншы жыццёвы шлях. На вечарынцы пазнаёміўся з дзяўчынай з бухфака. Сустракаліся з Надзеяй. Ездзілі ў Магілёў да яе бацькоў. Скончыўшы вучобу, пажаніліся. Пасля вяселля ўладкаваўся інжынерам цэха механізацыі ў калгасе імя Дзяржынскага Бабруйскага раёна, атрымаў пакой, у якім памясціліся ложак, халадзільнік, стол і крэсла. Неўзабаве з жонкай перасяліліся ў катэдж. Нарадзілася дачка. Запомнілася і праца ў кіраўскай гаспадарцы «Чыгірынка», дзе быў намеснікам дырэктара, а потым амаль два дзесяцігоддзі кіраваў калектывам. Тагачасны старшыня райвыканкама Валерый Мікалаевіч Іваноў прапанаваў узначаліць райсельгасхарч. Атрымалі катэдж у Кіраўску, прыватызавалі і зараз там жывём. Нават калі працаваў старшынёю Глускага райвыканкама, жонка з дзецьмі не пераязджалі. У гэтым аддаленым раёне Магілёўшчыны сабралася каманда амбіцыёзных спецыялістаў, шмат карыснага ўдалося зрабіць. Запомнілася будаўніцтва жывёлагадоўчай фермы ў пасёлку, дзе пасля чарнобыльскага выбуху атабарыліся перасяленцы са Слаўгарадчыны. На сустрэчы з імі ў 2006 годзе Прэзідэнт даў даручэнне пабудаваць малочна-таварную ферму. Амаль кожныя выхадныя прыязджаў на будоўлю старшыня аблвыканкама Барыс Батура. За год глускія будаўнікі ўзвялі памяшканні. Паспяхова развівалася жывёлагадоўля ў гаспадарках, нарошчваліся аб’ёмы вытворчасці малака і мяса. Раён упэўнена набіраў тэмпы развіцця.

— І тут паступіла прапанова ўзначаліць вядомую на ўсю краіну гаспадарку. Не захліснулі амбіцыі?
— Хваляваўся, ці спраўлюся. Але вось ужо дванаццаць гадоў кірую калектывам. Згуртавалася моцная каманда аднадумцаў. Нават вярнуліся тыя, што раней тут працавалі. Разам абмяркоўваем розныя сітуацыі, прымаем рашэнні. Мой прынцып: лепш сем разоў адмераць і раз адрэзаць. Перад тым як звольніць каго, думаю, кім замяніць. Цаню адданых справе людзей.

— Такімі клопатамі жывяце зараз, а з чаго пачыналі дырэктарства?
— З вывучэння эканамічных паказчыкаў, фінансавага становішча гаспадаркі. Для мяне стала правілам, каб на рахунку былі свабодныя сродкі. Без гэтага нічога не пабудуеш і тэхніку не абновіш. З першых дзён кіраўніцтва клапачуся не толькі пра вытворчасць, але і пра калектыў. Засвоіў, што чалавек найбольш працаздольны, калі жыве ў дастатку. У нас вялікі сацыяльны пакет.
Матэрыяльна заахвочваем маладажонаў, кожнага з бацькоў нованароджаных, калі абодва працуюць у нас, юбіляраў (пачынаючы з сарака гадоў), а таксама тых, хто выходзіць на заслужаны адпачынак. Памер выплат залежыць ад стажу ў гаспадарцы. Прэміруем перадавікоў, да свят усім выдаём сацыяльныя пакеты прадуктаў харчавання. Беспрацэнтнай пазыкай дапамагаем набываць жыллё з адтэрміноўкай пагашэння на некалькі гадоў. Кожны ў калектыве мае права карыстацца страхоўкай, якую аплачвае гаспадарка.

— Наступны год абвешчаны Прэзідэнтам Годам якасці. Што гэта значыць для вас?
— У першую чаргу павінна быць якасным жыццё людзей. Сярэднямесячны заробак па гаспадарцы перавышае 1800 рублёў. Імкнёмся пастаянна яго павялічваць, паляпшаць умовы працы. Шмат сродкаў накіроўваем на ўладкаванне бытавых памяшканняў на фермах, у рамонтнай майстэрні, каб працаўнікі мелі магчымасць пераапрануцца, адпачыць. Калі некамфортна на рабочым месцы, то і справа не так спорыцца. У наш час, калі нішы рынка рэалізацыі прадукцыі запоўнены, канкурыраваць можа толькі высакаякасны тавар. У 2024‑м годзе будзем яшчэ больш надаваць увагі першараднаму паказчыку вытворчай дзейнасці.

— У любы час года, калі трапляеш у Мышкавічы, радуецца вока парадку. Як гэта ўдаецца?
— Культура пражывання гадамі выпрацоўвалася. На пачатку дырэктарства ў нас ладзілася першае ў фармаце вобласці свята-кірмаш «Дажынкі». За бюджэтныя сродкі адрамантавалі дарогі, абнавілі Палац культуры. І сваіх фінансаў шмат уклалі на добраўпарадкаванне. Рэканструявалі сталоўку, гасцініцу. На плошчы каля фантана было ўсё развалена. Памятаю, загадаў выкарчаваць старыя дрэвы — многія пярэчылі. Пераконваў, што вырастуць новыя, а дзеля гэтага трэба старыя ўбраць. Навялі парадак. Амаль увесь жылы фонд у аграгарадку прыватызаваны. Гаспадарам падворкаў аказвалі матэрыяльную дапамогу, некаторым выдзялялі фарбы. Усе разам аднаўлялі фасады дамоў, а зараз узяліся за рэканструкцыю жывёлагадоўчых памяшканняў. Шкадую, што позна пачалі ўзводзіць комплексы, бо без іх цяпер нельга абысціся. У нас такіх два, а таксама сем жывёлагадоўчых ферм.

— Сельскагаспадарчы год завяршаецца. Якім ён выдаўся для гаспадаркі?
— Найбольш парадавала бульба. Плошчы пад гэту культуру пашырылі да 350 гектараў і не прагадалі: ураджайнасць перавысіла 600 цэнтнераў, накапалі 18 тысяч тон. Загадзя падрыхтаваліся да захоўвання ўраджаю — увялі ў эксплуатацыю сховішча на тры тысячы тон. Усю бульбу перабралі і засыпалі на захоўванне амаль 11 тысяч тон. Тысячу тон бясплатна раздалі працаўнікам гаспадаркі. Кожны гектар збожжавых даў амаль па 60 цэнтнераў зерня і звыш 45 цэнтнераў насення азімага рапсу. На некаторых участках азімай трыцікале ўраджайнасць перавышала 70 цэнтнераў з гектара. Намалочана звыш 20 тысяч тон збожжа і насення рапсу. Справіліся з выкананнем дзяржзаказу па асноўных сельгаскультурах.
Па выніках спаборніцтва на жніве нашы камбайнеры па традыцыі прызнаны лепшымі як у раёне, так і ў вобласці. На абласных «Дажынках» у Хоцімску ганаровымі дыпломамі адзначаны збожжаўборачныя экіпажы братоў Мікалая і Анатоля Драздоў, Валерыя Піскунова і Ігара Гаўрылюка, Юрыя Асташова і Мікалая Белакурскага, а таксама вадзіцелі на адвозцы зерня Сяргей Цмыг, Сяргей Іваніцкі і Аляксандр Белы.

— Ці шкадавалі калі-небудзь, што нешта не так зрабілі?
— Ніколі. У народзе кажуць: што наканавана, таго не мінеш. Задаволены, што выбраў такі жыццёвы шлях і што ў сямейных справах пашчасціла. Дванаццаць гадоў на гэтай пасадзе праляцелі імгненна. Настаў час заслужанага адпачынку, а людзі не адпускаюць. Кіраваць сельгаспрадпрыемствам адказна і складана. З эканамічнай службай аналізуем вынікі дзейнасці, вышукваем нявыкарыстаныя рэзервы, распрацоўваем планы на перспектыву. Адгукнулася на фінансавым стане зніжэнне закупачных цэн на малако, улічваючы, што адпраўляем на перапрацоўку штодзённа каля 70 тон прадукту. Але не рву на сабе валасы. Адказаць на такую сітуацыю варта павелічэннем аб’ёмаў вытворчасці. Плануем пераабсталёўваць жывёлагадоўчыя комплексы, падбіраць высокапрафесійных спецыялістаў. Нашы эканамічныя паказчыкі на такім узроўні, што ёсць куды расці. Даводзілася бываць на фермах у Калінінградскай вобласці, Ізраілі, Польшчы, Германіі, краінах Балтыі. Усё лепшае, што ёсць там, імкнёмся пераймаць і выкарыстоўваць у сябе.

— Якой галіне плануеце надаваць прыярытэт?
— Раслінаводства і жывёлагадоўля цесна ўзаемазвязаны. Ёсць задумы аднавіць перапрацоўку сельгаспрадукцыі. Заняліся садам. Пад яго адвялі 230 гектараў.
Летась запусцілі цэх па перапрацоўцы рапсу, пашырылі плошчы ў севазвароце. Магутнасць устаноўкі разлічана на пяць тысяч тон насення. Амаль чатыры тысячы тон яго атрымліваем на нашых палях. У перспектыве разлічваем намалочваць больш. Кажуць, у адну раку двойчы ўвайсці немагчыма, але імкнёмся аднавіць тое, што давала прыбытак гаспадарцы. У людзей будзе занятак, а значыць, адпаведныя заробкі. Такімі зямнымі клопатамі жыву, і ў гэтым маё шчасце.

Уладзімір Субат
Фота аўтара