Фальклорную вечарыну правялі ў Ленінскай бібліятэцы Горацкага раёна
Кожнаму пакаленню застаецца ў спадчыну тое, што стварылі талент і працавітасць продкаў, тое, што выяўляе нацыянальнае аблічча народа, яго душу, яго імкненні, тое, што кожнае пакаленне павінна шанаваць і памнажаць.
Народнае мастацтва — чароўная, мудрая кніга. Добрыя, светлыя яе старонкі разгортваюцца перад намі ў тых прадметах, якія стагоддзі суправаджалі жыццё беларускага селяніна.
«Па рушніку, што з роднай хаты, мы пазнаём сваю Радзіму» — пад такой назвай супрацоўнікі філіяла «Ленінская сельская аб’яднаная бібліятэка» ДУК «Горацкая раённая бібліятэчная сетка» правялі фальклорную вечарыну.
Беларускі рушнік адносіцца да тых прадметаў, якія належаць і мінуламу, і сучаснасці. Шмат стагоддзяў карыстаюцца ім беларусы. Ткуць і расшываюць яго і сёння, працягваючы ўдасканальваць прыгажосць, над якой працавала мноства папярэдніх пакаленняў. Цікавасць да гэтага прадмета абумоўлена не толькі прыгажосцю яго тканага, вышыванага або плеценага дэкору, але і цеснымі сувязямі з абрадавым жыццём народа, сімволікай шматлікіх функцый. Беларускі рушнік аб’ядноўвае мінулае і будучае загадкавым арнаментам і ўзорам. Рушнік з’яўляецца спадарожнікам у знакавых момантах нашага жыцця. Ён з намі ад самага нараджэння і да канца жыцця, звязаны з рознымі абрадамі і звычаямі. То ён ператвараецца ў спавівальны для немаўлятка, то ў шлюбны падножнік, які дзяўчына атрымоўвала ад сваёй маці, захоўвала яго і перадавала з пакалення ў пакаленне. Ён упрыгожвае самае галоўнае месца ў хаце, на куце, дзе заўсёды знаходзяцца абразы. Узоры тканых і вышываных вырабаў — зашыфраванае апавяданне аб жыцці народа. Там, як у добрай кніжцы, можна дазнацца пра ўсе, што ёсць у жыцці. Рушнікі розных рэгіёнаў адрозніваюцца мясцовым каларытам, формай і размяшчэннем узору, тэхнікай выканання.
Менавіта аб рушніках ішла размова на мерапрыемстве, бібліятэкары пазнаёмілі дзяцей з гісторыяй узнікнення беларускага старажытнага рушніка і рушнікамі сваёй мясцовасці, разнастайнасцю арнаментаў і значэннем сімвалаў, а таксама з традыцыямі іх выкарыстання. Прысутныя мерапрыемства пазнаёміліся з кнігамі на дадзеную тэму.
Іна Белягіна,
загадчык філіяла «Ленінская сельская аб’яднаная бібліятэка»