Прафесіянал сваёй справы

Аператар машыннага даення малочна-таварнай фермы “Савічы” філіяла “Харчавік-Агра” ААТ “Чырвоны харчавік- АграСэрвіс” Бабруйскага раёна Ала Шурын удастоена ганаровага звання “Чалавек года Магілёўшчыны”. Узнагароду працаўніцы аграрнай галіны ўручылі ў Магілёве падчас цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў штогоднага абласнога конкурсу па прысваенні ганаровага звання “Чалавек года Магілёўшчыны”, якая адбылася ў рамках мерапрыемства, прысвечанага святкаванню 85-годдзя Магілёўскай вобласці. “Асабіста для мяне, — прызнаецца сціплая працаўніца, — гэта было вялікай нечаканасцю”.

Той факт, што на высокае, пачэснае званне ад Бабруйскага раёна была вылучана кандыдатура працаўніцы сельскай гаспадаркі, яшчэ раз пацвярджае — пашаны заслугоўвае любая прафесія. Галоўнае, каб чалавек, які ёй валодае, рабіў сваю справу найлепшым чынам, дасягаў высокіх вытворчых паказчыкаў дзеля дабрабыту раёна, вобласці і краіны, прытрымліваўся агульначалавечых каштоўнасцяў.
Вышэйпералічаным крытэрыям Ала Шурын спаўна адпавядае. Прыйшоўшы ў сельскую гаспадарку ў маладым узросце, аператар машыннага даення філіяла “Харчавік-Агра” (у філіяле больш за 10 год) не здала высокіх пазіцый, нават стаўшы пенсіянеркай. І хіба хто рызыкне сказаць, што гэта не працоўны подзвіг — з дня ў дзень, на працягу амаль сарака гадоў (25 адпрацавала ў калгасе “Перамога”, цяперашнім ААТ “Міхалёўская Ніва”) прыходзіць на ферму і не проста выконвае ўскладзеныя абавязкі, а робіць гэта найлепшым чынам. Даярка — прыклад для свайго калектыву і ўсяго раёна.
— Працалюбству абавязана найперш бацьку Міхаілу Мельнічонку, — дзеліцца гераіня аповеду. — У свой час ён быў калгасным жывёлаводам, перадавіком вытворчасці, узнагарод меў — не пералічыць! Да таго ж, вельмі важна цягнуцца да справы, якой займаешся, рабіць яе з задавальненнем, а ў маёй прафесіі — яшчэ і любіць жывёлу.
Родам Ала Міхайлаўна з аграгарадка Іванаўка. Там нарадзілася і вырасла, там жыве цяпер. На адной з ёй вуліцы пусціла карані старэйшая дачка Вольга. Па прыкладзе маці яна пайшла ў жывёлагадоўлю, неаднойчы станавілася пераможцай раённага спаборніцтва ў намінацыі “Лепшая маладая даярка” і вось ужо цягам пяці год загадвае МТФ “Савічы”.
Назіраючы за галіной “знізу”, параўноўваючы колішні і цяперашні падыходы да жывёлагадоўлі, Ала Міхайлаўна адзначае станоўчыя перамены. Жывёла цалкам забяспечана кормам. Апошняга не толькі ўдосталь, але ён якасны, разнастайны, што перш за ўсё ўплывае на велічыню надояў.
З захапленнем і разуменнем расказвае перадавая даярка пра кіраўніцтва гаспадаркі, патрабавальнасць і дабразычлівасць людзей, якія ўсклалі на сябе абавязак быць у галаве калектыву.
— Ад такога стаўлення хочацца яшчэ лепей працаваць, дасягаць яшчэ большых надояў, — кажа субяседніца.
А вось прымусіць сябе пакінуць працоўнае месца і пераключыцца толькі на хатнія справы, да чаго настойліва заклікаюць дзеці, перадавік вытворчасці пакуль не гатова.
— Не адважваюся пакінуць сваіх рагуль, — з усмешкай кажа субяседніца, — дый у калектыве мне весялей, жыццё ярчэйшае.
У групе гэтай худзенькай жанчыны аж 140 кароў! Акрамя таго, што падаіць і дагледзець (працоўны дзень пачынаецца а 4-й гадзіне), за кожнай трэба прасачыць, каб раптам не захварэла, з кожнай пагаманіць, прылашчыць — прывязное ўтрыманне ў гэтым пераважае над сучасным беспрывязным. Затое ў адказ даярка атрымлівае вялікае малако — надой на адну рагулю за 2022 год склаў болей за 7700 кілаграмаў.
— Ала Міхайлаўна — прафесіянал сваёй справы, гонар нашага калектыву, — характарызуе аператара машыннага даення галоўны заатэхнік Міхаіл Бандарчук. — Сама дасягае высокіх надояў і моладзь гэтаму вучыць: падказвае, раіць, дапамагае. Так што высокага звання “Чалавек года Магілёўшчыны” спаўна заслужыла.

Алена КАРПЕНКА
www.tribunapracy.by