17 апреля — Католическая Пасха
Дарагія браты і сёстры ў Хрысце, дарагія суайчыннікі!
«А Бог, будучы багатым на міласэрнасць, у сваёй вялікай любові палюбіў нас, і нас, мёртвых з-за грахоў, ажывіў разам з Хрыстом. Вы збаўлены ласкаю. Ён уваскрасіў і пасадзіў нас на нябёсах у Хрысце Езусе».
Эф 2, 4-6
Хрыстус уваскрос! З вялікай радасцю вітаю вас гэтымі непараўнальна прыгожымі словамі. Якую вялікую надзею яны нясуць для кожнага чалавека! Няхай кожнага закране і атуліць бязмежная міласэрнасць Бога, які нізка схіляецца над намі, бярэ на сябе наш грэх, памірае за нас і адкрывае нам Неба!
Хрыстус, збавіўшы нас ад смерці граху, паказвае нам шлях і кліча ісці за Ім. Ён абяцае, што не пакіне нас адных, што будзе ісці побач з намі і дапамагаць нам несці наш крыж. Ён заклікае нас, каб мы жылі верай, праўдай, любоўю, узаемнай павагай і падтрымкай. Езус Хрыстус абяцае нам сапраўднае шчасце. Як важна кожнаму з нас непасрэдна, як і ўсяму нашаму народу, верыць Яго Слову! Як важна прыняць у сваю душу святло Хрыстовага Уваскрэсення, якое знішчыць цемру і запаліць у нашых сэрцах агонь любові да бліжняга! Бо ад кожнага з нас залежыць лёс будучыні, ад таго, ці будзем мы намагацца змяніць сябе і прыслухацца да запаведзяў Пана і ці будзем мы чыніць дабро. На жаль, часта мы жывем у цемры граху і не намагаемся змяніцца, мы хочам ствараць спакой, забываючы пра Бога і пра ўласнае навяртанне.
Дарагія браты і сёстры, жадаю, каб нашы сэрцы ажылі, прынялі Божую ласку, адгукнуліся на званы Хрыстовага Уваскрэсення, былі адкрытыя на праўду, любоў, дабрыню, міласэрнасць, ахвярнасць, шчырасць. І няхай уваскрослы Хрыстус заззяе над нашымі жыццёвымі шляхамі!
Яднаючыся ў велікоднай радасці, з малітвай і пастырскім благаслаўленнем.
Біскуп Аляксандр Яшэўскі, SDB
Генеральны Вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі