Галоўны ўрач Магілёўскай абласной бальніцы: «Медыцына застанецца даступнай і якаснай»
— Беларусь укладвае не проста вялікія сродкі ў медыцыну — аграмадныя. Што датычыцца Магілёўскай вобласці, то за два апошнія гады тут адбыліся кардынальныя змены. Практычна нанава адбудоўваецца Магілёўская абласная клінічная бальніца. І самае галоўнае, што шмат грошай укладваецца ў абсталяванне. Без гэтага нельга ўявіць сучасную медыцыну. Цяпер усё завязана на высокіх тэхналогіях, якія патрабуюць вялікіх выдаткаў. Улічваючы, колькі ідзе сродкаў на даплаты медыкам за работу ў «чырвонай зоне» каранавіруснай інфекцыі, казаць, што дзяржава хоча ўсё ўскласці на плечы людзей, будзе няправільна. Яшчэ з савецкіх часоў наша дзяржава дэкларуе, што самае дарагое ў чалавека — гэта здароўе і жыццё. Кожны павінен памятаць пра гэта і цаніць. Трэба весці здаровы спосаб жыцця, па магчымасці займацца спортам, своечасова абследавацца. Магчыма, у будучым медыцына і стане платнай, але не адразу, пасля таго як яна стане цалкам страхавой. Але ў гэтым выпадку плаціць будзе не чалавек, а страхавая кампанія.
Сёння аперацыя на сэрцы для жыхара іншай краіны ў нас каштуе пяць тысяч долараў. Грамадзянін Беларусі ні капейкі за гэта не плаціць. Гэта і ёсць тыя сацыяльныя стандарты, якія гарантуе дзяржава. Замена тазасцегнавых, каленных суставаў — таксама аперацыя не з танных. Адзін сустаў каштуе каля 2-3 тысяч долараў. Але ж усё гэта робіцца бясплатна. Выключэнне, калі чалавек хоча паставіць нешта імпартнае. І то ён плаціць толькі за сустаў, прычым не дзяржаве, а фірме, дзе яго набывае.
Сёння стала шмат прыватных медыцынскіх цэнтраў, і гэта цудоўна — у чалавека ёсць выбар. Калі ён жадае, каб быў індывідуальны падыход, гэта выйсце. Але ніхто яго сілай туды не гоніць.
— У Канстытуцыі, па якой мы сёння жывём, гаворыцца, што грамадзянам Беларусі гарантуецца права на здароўе, уключаючы бясплатнае лячэнне. А ў новым варыянце дапісана, «за кошт дзяржаўных сродкаў у парадку, устаноўленым законам». Некаторыя лічаць, што гэтыя словы ставяць крыж на бясплатнай медыцыне.
— У нас ёсць сацыяльныя стандарты, якія зацверджаны Міністэрствам аховы здароўя. Гэта тое, што чалавек можа зрабіць цалкам бясплатна, для таго каб захаваць свае здароўе і жыццё. Усё робіцца па паказаннях. Калі ў чалавека ёсць праблема, ён абследуецца і лечыцца. Але бывае, што нехта хоча вось цяпер і абсалютна ўсё. Яму гэта не патрэбна па паказаннях, а ён крычыць: хачу. У такім выпадку трэба плаціць.
— А як разумець фармулёўку ў праекце Канстытуцыі, якая выносіцца на рэферэндум: «Грамадзяне клапоцяцца аб захаванні ўласнага здароўя»?
— Так было заўсёды. Чалавек нясе адказнасць за сваё здароўе. Як разумець таго, хто жадае быць здаровым, але не прыкладае для гэтага ніякіх намаганняў? Ідзе з раніцы не ў спартзалу, а ў краму і купляе шкодныя для здароўя напоі. Мы ж лечым усіх без выключэння. І тых, хто злоўжывае шкоднымі рэчывамі, і тых, хто вядзе асацыяльны спосаб жыцця. Ад таго, што напісана ў новым варыянце Канстытуцыі, лячэнне не зменіцца. Будзе аказвацца ўся неабходная дапамога, якая агаворваецца сацыяльнымі стандартамі. Але чалавек павінен помніць, што трэба быць карысным для дзяржавы. Не віно піць, а ісці з дзецьмі на прагулку або спартыўную пляцоўку. Не наркотыкі шукаць, а займацца карыснай справай.
— Не магу не ўспомніць знакавую падзею мінулага года — перасадку сэрца. Аперацыя прайшла на высокім узроўні, пацыент атрымаў шанц на жыццё. І гэта ўсё адбылося ў няпросты для эканомікі і сістэмы аховы здароўя час.
— Перасадка — гэта квінтэсэнцыя таго, што мы можам зрабіць. І тое, што акадэмік Юрый Астроўскі пагадзіўся зрабіць аперацыю з нашым удзелам у Магілёве, падкрэслівае, што рэгіянальная медыцына выходзіць на высокі рэспубліканскі ўзровень. Сёння стала магчымым рабіць вельмі высокатэхналагічныя, высакакласныя аперацыі нават у вобласці.
Гэта сведчыць, што ў нас самае сучаснае абсталяванне, якое дазваляе рабіць не толькі аперацыі. У сітуацыі з перасадкай сэрца галоўнае было выхадзіць чалавека і вярнуць у сям’ю. Ён прайшоў рэабілітацыю, пастаянна правяраецца, прымае неабходныя прэпараты, каб сэрца паспяхова працавала. Трансплантацыя ныркі — гэта ў нас ужо стандартная аперацыя, цяпер мы рыхтуемся да трансплантацыі пячонкі. Медыцына ідзе наперад. І для гэтага патрэбныя вялікія ўкладанні. І дзяржава робіць іх. Зразумейце, чаму да нас едуць лячыцца людзі з Украіны. Нягледзячы на тое, што для іх гэта платна, ім танней зрабіць такую аперацыю ў нас, чым у іх краіне.
— Якія, на ваш погляд, медыцынскія паслугі сёння павінны быць платнымі?
— У першую чаргу тыя, якія звязаны з касметалогіяй. Цяпер разглядаецца пытанне, што рабіць у тых выпадках, дзе ёсць лісты чакання (чэргі на аперацыі), а чалавек хоча зрабіць аперацыю не праз год, а, умоўна кажучы, заўтра. Мы гатовыя вывесці брыгаду ў выхадны дзень, але гэта павінна быць платна.
— Нядаўна перахварэла на каранавірус. У чарзе на прыём да ўрача сядзела дзве гадзіны. Гатовая нават была заплаціць, каб прынялі хутчэй.
— Наша медыцына добрая тым, што па ўсіх сацыяльных стандартах экстранная дапамога аказваецца бясплатна. Тое, што вы сядзелі ў чарзе, гэта дрэнна, але гэта ўсё ж такі з’ява часовая. І гэтыя пытанні вырашаюцца. Сёння ў рабоце медыцынскіх устаноў задзейнічаны студэнты медыцынскіх ВНУ. У паліклініках субота і нядзеля зноў сталі рабочымі днямі.
— За кошт чаго можна было б палепшыць базу медустаноў, каб не было тэхнічных праблем?
— Усё залежыць ад сродкаў. Нават у сувязі з каранавірусам рэзка расце кошт апаратуры, расходных матэрыялаў. Дзесьці ёсць лакдаўны, дзесьці попыт павышаны. Дарэчы, дзякуючы таму што нашы прадпрыемствы не спыняліся і працягвалі працаваць, наша медыцына і трымаецца. Калі б людзей на некалькі месяцаў адправілі ў водпуск, як гэта было ў іншых краінах, тады б дакладна лячыць было б няма чым.
— Нас прывучаюць да таго, што мы павінны на 100 % кампенсаваць выдаткі на камунальныя паслугі. А не плануецца нешта падобнае зрабіць і з медыцынай? Магчыма, прыйшоў час стварыць страхавую медыцыну?
— Увесь свет да гэтага рухаецца. Але гэта такі складаны ланцужок, яго аднаразова не вырашыш. У Расіі пераходзяць на страхавую медыцыну ўжо больш чым 20 гадоў. Але да адной роўніцы не прыйшлі. Яны робяць для паляпшэння медыцынскай дапамогі федэральныя цэнтры, у гэтыя цэнтры ўкладаюцца аграмадныя сродкі для аказання высокатэхналагічнай дапамогі. Але, магчыма, няма сэнсу распыляць грашовую масу і аказваць дапамогу там, дзе гэта не патрэбна. Так, чалавеку трэба памераць ціск, зрабіць укол, даць таблетку. Але навошта ў маленькім раёне трымаць вялікі штат урачоў? У нас сёння ад аднаго райцэнтра да другога можна даехаць за 20 хвілін.
Цяпер вырашаецца пытанне аб неабходнасці ўзбуйнення раённых бальніц, якія возьмуць на сябе вялікія «кусты» па аказанні дапамогі там, дзе проста немагчыма трымаць вялікі штат. Каб хірург нармальна працаваў, ён павінен рабіць не менш 100 аперацый за год. Калі менш, то кожная аперацыя становіцца як вайна: павялічваецца рызыка і для пацыента, і для хірурга. Павінна быць пастаянная практыка.
Мы абавязкова прыйдзем да ўзбуйнення раённых бальніц, якія будуць аказваць дапамогу не аднаму раёну, а некалькім. Наступным этапам будзе паляпшэнне ўзроўню абласных бальніц, каб дапамога была не толькі даступнай, але і якаснай.
Нэлі ЗІГУЛЯ