Католическое Рождество Христово — 25 декабря

«І вось вам знак:
знойдзеце Немаўля, спавітае і пакладзенае ў яслях».
Раптам з анёлам з’явілася вялікае войска нябеснае,
якое праслаўляла Бога і ўсклікала:
«Хвала на вышынях Богу,
а на зямлі спакой людзям добрай волі».
(Лк 2, 12–14).

Дарагія браты і сёстры, людзі добрай волі!

Божае Нараджэнне — гэта час, напоўнены малітвай і праслаўленнем, падарункамі і святочнымі сустрэчамі. Але найперш, гэта час для нас, каб мы маглі адчуць значнасць гэтай святой падзеі ў гісторыі свету і для нашага асабістага жыцця. Важна ўсвядоміць, што Бог увайшоў у наш кволы чалавечы стан, каб даканца разумець чалавека і яго жыццё.
На свята Божага Нараджэння Бог прыходзіць да нас у постаці немаўлятка. Маленькага, слабога, безабароннага, нявіннага. «Не бойся!» — сказаў анёл. Не бойцеся ўгледзецца ў пакорлівую прысутнасць Езуса і праславіць Бога за Яго прыйсце.
Да ясляў у Бэтлееме былі пакліканы і каралі, і пастухі. Гэта адкрывае нам адну важную рэч: у вачах Бога мы ўсе роўныя. Бог не выбірае любімцаў, зыходзячы з таго, хто важны ў вачах свету. Ён бачыць унутраную каштоўнасць кожнага чалавека і хоча, каб усе — багатыя і бедныя, магутныя і слабыя — прыйшлі да Яго і пакланіліся з любоўю. Таму пойдзем і паклонімся Яму!
Жадаю, каб свята Божага Нараджэння ў гэтым годзе было для нас благаслаўлёным. Каб ніводная сям’я не смуткавала, каб кожны змог сесці за святочным сталом побач са сваімі блізкімі. Няхай наш Збаўца народзіцца нанова праз сваю ласку ў нашых душах і сэрцах.
Няхай надыходзячы Новы 2021 год будзе для ўсіх шчодрым і благаслаўлёным! Увесь народ беларускі даручаю добраму і ўсемагутнаму Богу.
Аляксандр Яшэўскі, S.D.B.
Біскупскі Вікарый для г. Магілёва
і Магілёўскай вобласці

Магілёў, Божае Нараджэнне 2020 года