Безліч адценняў у «Маскарадзе перабудовы»
Жанр літаратурнай мініяцюры нельга назваць маладым. Трапныя афарызмы, кароткія вершы розных напрамкаў сустракаліся і ў антычнасці. З часам з’явіліся нават жанры, для якіх малы аб’ём — абавязковая рыса (прыклад — эпіграмы). І гэта ўжо не кажучы аб такіх народных жанрах, як прыпеўкі, лічылкі — якія таксама павінны быць маленькімі!
Так, да кароткіх паэтычных жанраў пісьменнікі звярталіся ва ўсе гады і стагоддзі. Але менавіта ў наш імклівы час — з інтэрнэтам, месенджэрамі, СМС — цікавасць чытача да жанраў, у якім перавага аддаецца трапкаму, кароткаму слоўцу — да твораў-мініяцюр — няспынна павялічваецца. На інтэрнэт-абшарах можна, прынамсі, убачыць гумарыстычныя вершы — «парашкі», «піражкі» «дэпрэсняшкі» і інш. Нязменна папулярнай зрабілася творчасць тых, хто працуе ў жанры вершаванай мініяцюры, — Эдуарда Асадава, Ігара Губермана і інш. Але што мы ведаем пра нашых, беларускіх, стваральнікаў гэткіх жа мінімалістычных (але не па сэнсе) твораў?
Новая кніга нашага спецыяльнага карэспандэнта Міхаіла Уласенкі «Маскарад перабудовы» — выдатная магчымасць пазнаёміцца з творчасцю пісьменніка, які ўжо некалькі дзесяцігоддзяў плённа працуе ў жанры мініяцюр, літаратурных пародый і іншых кароткіх твораў. «Маскарад перабудовы», як піша аўтар на вокладцы, — гэта «фаліянт выбранай мініяцюры». То бок, перад намі выбранае з творчасці пісьменніка, спроба паказаць дасягнутае за розныя гады, нагадаць лепшае і асвятліць тыя пытанні, якія здаюцца аўтару найбольш важнымі.
«Маскарад перабудовы» ўключае ў сабе чатыры раздзелы — у адпаведнасці з жанрамі.
У першым раздзеле, «Дробязі жыцця», чытача чакаюць вершаваныя мініяцюры літаральна пра ўсё: пра каханне, літаратуру, заганы чалавецтва, пра часы перабудовы і пра крытыку… Разнастайнасць тэм гэтых вершаванак (часцей за ўсё — ў 4-6 радкоў) сапраўды ўражвае — як і разнастайнасць эмацыянальных адценняў.
Вось бытава-гумарыстычныя нарысы ў мініяцюры:
Мабільнік сёння — моц і сіла,
Нясе ён шмат дабра і зла…
Мне з лесу цешча пазваніла —
Яна ў багну запаўзла.
А вось — філасофскі роздум:
Чалавечы век кароткі,
Час паўзе, а год бяжыць…
Мары об жыцці салодкім
Замінаюць проста жыць.
Хапае і разважанняў пра літаратуру — сучасную і класічную:
Даволі класікаў у нас,
Іх шчыра велічаюць.
Пра іх гавораць увесь час,
Шкада, што не чытаюць.
Дастаецца ад аўтара літаратурным крытыкам. Але, між іншым, сябе да класікаў пісьменнік не адносіць:
Я не цягнуся да зеніту,
Не выдаю крутых раманаў,
Затое самы знакаміты
Сярод тутэйшых графаманаў.
Чуеце водгук купалаўскага «Я не паэта, о крый мяне Божа…»? Да свайго паэтычнага і гумарыстычнага таленту М. Уласенка ставіцца з мягкай іроніяй і мягкім, выключна беларускім гумарам. Палітру гумара і іроніі можна назваць асноўнай зброяй аўтара. Але часам у гэтую палітру ўліваюцца адценні сатыры і сарказму.
Эх, раз, яшчэ раз,
Яшчэ многа, многа раз
Ў аднаразавай пасудзе
Прадаюць піўко і квас!
Тут ужо выразна адчуваецца водгук сатырычных баек К. Крапівы — і гэта добра, бо ніводны твор не можа існаваць без каранёў. Трэба сказаць, што сатыра — і палітычная ў тым ліку — адносіцца ў асноўным да часоў перабудовы (у адпаведнасці з назвай кнігі). І праз гэта кніга робіцца нейкім сацыяльным зрэзам тагачасных падзей (і пісьменнік з чытачом глядзяць на гэты зрэз праз шкло сатыры).
Але паглядзім на другі раздзел — «Лыка ў радок». У ім аўтар ускладняе сваю гульню з мінімалістычнасцю — бо дастаткова глыбокі сэнс, філасофскі, бытавы ці іранічны — зараз хаваецца ўжо толькі ў двух радках. І гэта яшчэ дадае трапнасці «эпіграматычным прыгадкам і прымаўкам», як аўтар сам абазначае жанр. Увогуле, сатыра і тыпічна народная пільнасць позірка быццам спрачаюцца ў гэтых аўтарскіх прыгадках і прымаўках. І ў некаторых — больш назіральнасці, а ў некаторых — сатыры.
Прытамляе аж да поту
Работа ў пошуках работы.
Тэмы, зноў жа, самыя розныя — у гэтым «Лыка ў радок» працягвае калейдаскапічнасць першага раздзела. Можна сустрэць і тыпова бытавыя сітуацыі:
У яе вочы як у кобры,
А характар вельмі добры.
А некаторыя радкі нават аддаюць філасофскай горыччу:
Адкуль да сэрца радасць
пацячэ,
Калі лёс за шкірку валачэ?
Сустракаецца і нешта настолькі народнае, што, здаецца, вось толькі ўчора ты бачыў гэта ў зборніку народных выслоўяў:
Каб уменне ды знаццё —
Было б лепшае жыццё.
А вось трэцяя частка «Маскарада перабудовы» раскрывае ў аўтары здольнасці парадыста. Чытача чакаюць «Мініпародыі». Невялічкія (у 4-6 радкоў), яны выкананы на манер пародый Аляксандра Іванова (тых, якія знакаміты парадыст чытаў са сцэны). Міхаіл Аляксандравіч то адказвае на радкі вершаў (у тым ліку знакамітых паэтаў: А. Пісьмянкова, Г. Пашкова, Я. Янішчыц), то мякка смяецца з недарэчных радкоў.
Трэба сказаць, што часам парадыст звяртаецца да сваіх «ахвяр» даволі кпіва. А часам радкі пародыі можна палічыць нават некалькі… хуліганскімі.
“У сапраўднага паэта за душой — ані граша”, — піша С. Грахоўскі. І М. Уласенка адгукаецца насмешліва:
Парадыст жа і за гэта
Не заробіць ні шыша…
Не мінула пяро парадыста і класікаў:
Каб гулі канаты, шлюзы,
Болей сейце кукурузы!
Гэта строкі Я. Коласа, з якіх дзівіцца спадар парадыст:
Падалося мне, нібыта
Чытаў Коласа Мікіта,
Бо адкуль жа па Саюзу
Сталі сеяць кукурузу?
А напрыканцы кнігі чытача спаткаюць «Міні-эсэ» — чацвёрты раздзел, які мне давядзецца рызыкнуць і назваць найбольш лірычным, найбольш філасофскім і… найменш цікавым для чытача. Але справа не ў тым, што эсэ не хапае мастацкай дасканаласці ці творчай прапрацоўкі. Магчыма, так падаецца з-за таго, што аўтар як мастак уклаў у свае караценькія нагляды-афарызмы празмерна многа сэнсаў. І пасля трох раздзелаў — рытмічных, паўнюткіх гумара і сатыры і адносна лёгкіх для ўспрымання — у раздзеле «Міні-эсэ» ты адчуваеш сябе нібы ў Эрмітажы думак. То бок, у чытача ўзнікае настойлівая патрэбнасць спыняцца і асэнсоўваць тое, што ўбачыў, на кожным кроке. І праз некалькі крокаў вастрыня ўражанняў зглажваецца, страчваецца. Да таго ж, перад чытачом у гэтым раздзеле — проза, толькі проза, дзе думка выражаецца ў адным ці некалькіх сказах: «Перш, чым выйсці з сябе, падумай, як вярнуцца».
У гэтым раздзеле аўтар больш, чым у астатніх трох, звяртаецца да моўнай гульні, каламбураў, і падсэнсоўнасці: «Адказнасць адна — адказных шмат», «Хто лямантуе ў пустыні, той і рэху ўзрадуецца». Але на тых жа Інтэрнэт-абшарах гэтакімі вось жыццямудрымі афарызмамі паўнюткія паблікі. І частка чытачоў, на жаль, не знойдзе мастацкай арыгінальнасці ў міні-эсэ накшталт “Крытыкаваць прасцей — крытык ідзе пракладзенай дарогай».
Ды і некаторыя думкі аўтара могуць здацца чытачу дастаткова спорнымі: «Злачынства — гэта калі сын без бацькі. Усё астатняе — дробнае хуліганства» (Дастаеўскі і угалоўны кодэкс з гэтым глыбока нязгодныя), «Толькі чалавеку ўласціва памыляцца» (Сабака, які з’еў мыла, упэўнены, што памылкі не было).
І атрымліваецца, што адно з міні-эсэ дастаткова іранічна апісвае стан чытача пасля прачытання чацвёртага раздзела кнігі: «Патануў у бездані прамудрасці, а мудрацом не стаў».
Увогуле, камусьці з чытачоў, магчыма, не хопіць арыгінальнасці ці глыбіні думкі ў некаторых мініяцюрах, а некаму здасца, што залішне многа вершаў і выслоўяў прысвечана чарцы-шкварцы-дзеўцы, але ж… кніга дастаткова аб’ёмная, каб кожны мог адшукаць што-нішто на свой густ.
Чытачу, які хоча проста пасмяяцца, даспадобы прыйдуцца гумарныя і бытавыя мініяцюры ды пародыі. Інтэлігент, што шукае філасофскіх роздумаў, падтэкстаў і мягкай іроніі, зацікавіцца больш сур’ёзнымі вершамі і эсе. «Чалавек з народа», які любіць паспрачацца пра палітыку і хоча ўразіць суразмоўцаў новымі прымаўкамі, таксама набудзе ў творах М. Уласенкі сваё.
Бо бясконцасць колераў і змена масак, розныя адзенні і адценні — менавіта такім павінен быць маскарад, асабліва калі гэта «Маскарад перабудовы». А як жа інакш!?
Алёна КІСЕЛЬ