ЛЫКА Ў РАДОК Старая прымаўка на новы лад
Думку лепей падаваць —
Калі добра знітаваць.
* * *
Адхапіўшы кус скаромны,
Не хваліся, што ты скромны.
* * *
Ля лайдакоў ды ля багатых
Заўжды даволі памагатых.
* * *
Ну й жыццё, ну і эпоха —
Ад грошай лопнула панчоха!
* * *
Упартаму магу параіць:
Гніся, бо хрыбет зламаюць.
* * *
З музыкі хабар невялікі,
А з гулякі — аніякі.
* * *
Паўбяды, што зайшоў
не туды,
А бяда, што пакінуў сляды.
* * *
Дзень хлапец хадзіў
за плугам,
А к вечару — дзеўкі цугам.
* * *
Я б пайшоў і жыта жаць,
Каб не карцела паляжаць.
* * *
У цябе кішэня з дзірай,
А ляцець сабраўся ў вырай.
* * *
Прырода не спрыяе
пустаце —
Дзе не сеюць, там палын
расце.
* * *
Галава мудруе на плячах —
Каб жывот без ежы не зачах.
* * *
Адна рука ўсё штось хімічыць,
А другая — грошы лічыць.
* * *
Калі жыць,
Дык жыць з паняццем —
Дзе стаіш, куды ідзеш…
Пагонішся за багаццем —
І дабра не нажывеш.
* * *
Лысіна да вушак —
Ад чужых падушак.
* * *
Мой каханы — з лапаць,
А як умее лапаць!
* * *
Жартуй — бяда вяліка,
А ручкі прыбяры-ка!
* * *
Цыгарэтаю дымі,
А руку з кален прымі!
* * *
Жыве баба без турбот,
А рыпіць, як новы бот.
* * *
Няма ўдалога жанішка —
Пойдзем і за пенцюшка.
* * *
Не трацце слоў — залішні
клопат,
Навучыць дурня толькі вопыт.
* * *
Быў у нас і шлюб пад плотам,
А вяселле — было потым.
* * *
Гэты стары змуста
Цісне аж да хруста.
* * *
Ён і вёрткі, ён і храбры,
Калі возме хто за жабры.
* * *
Пайшло паперы да халеры, —
На якой прынялі меры
У эканамічнай сферы.
* * *
Мая жонка есць адно нішчымнае —
Таму яна такая ўсеабдымная.
* * *
Рот на гузік не зашпіліш,
Калі возьмеш лішні кіліш.
***
У здаровым целе — здаровы
дух.
Калі ясі адзін за двух.
* * *
Мужык галодны
Да любві непрыгодны.
* * *
Няхай бясхлебіца,
Няхай бязводзіца —
Жыццё наладзіцца,
Жыццё адродзіцца.
* * *
Узяла б баба дзеда сэрцам,
Ды язык — што шыла
з перцам.
* * *
Свайго погляду не маеш —
Пост высокі атрымаеш.
* * *
Хто не ўзлюбіць пальчаткі яжовыя,
Што трымаюць прэзенты
грашовыя?
* * *
Моські рвуцца да чыноў,
Каб смялей кусаць сланоў.
* * *
Заганны памылковы крок,
Калі ён зроблены знарок.
* * *
Тры браты жывуць у згодзе:
П’яніца, гультай і злодзей.
* * *
Жыццё нявесце выпала
па чэсці:
За паляжанкай некалі прысесці.
* * *
Жыву я пры арцелі,
Ў кішэні ні граша,
Зато віруе ў целе
Магнатская душа.
* * *
Заўжды лёгкі на паміне
Там, дзе булькае ў графіне.
* * *
Загнецца тая установа,
Дзе вала бадзе карова.
* * *
Крутога ведаў лёжня я, —
За стол не трэба зваць…
З пустога у парожняе
Любіў пераліваць.
* * *
Намёк инспектару ДАІ:
Спыні шафёра, падаі.
* * *
Гасцяваў я ў бамжа —
Еў без вілкі і нажа.
* * *
Ходзіць дзевер — вочы долу,
А як цяпне першачку,
То бадзёры і вясёлы —
Бы рыбінка на кручку.
* * *
Маё слова ды пры мне:
Хачу — стрымаю, хачу — не.
* * *
Захацеў я пафарсіць,
Ды напала ліха —
У галовачцы шуміць,
А ў кішэні ціха.
* * *
Дзеўкі гужам, бабы цугам
За маім за валацугам.
* * *
Віно цячэ па барадзе —
Дома жонка адпрадзе.
* * *
Стаў кульгавы на нагу,
Але піць яшчэ магу.
* * *
Заём — шчасце благое,
Бы ў сэрца кап’ё:
Пазычаеш чужое,
А вяртаеш сваё.
* * *
Хай не верыцца, але
Праўды больш у пахвале.
* * *
Хай не верыцца, але
Праўды больш у пахвале.
* * *
Жонка з дзягаю ідзе,
А ён і вухам не вядзе.
* * *
Ён ласкавы, ды ахвочы
Напусціць туману ў вочы.
* * *
Ты ў ляжне і я ў ляжне,
Ну а хто нам хлеб сажне?
* * *
А таму зямля не родзіць,
Што гультай за плугам ходзіць.