Вершы
Тры словы ляглі на сэрца
Над возерам Капачоўскім*
Узнёсся крык немаўляці.
У Хрышчэнскі нябесны човен
Лёс кінуў мяне вандраваці.
Я ўсё прыняла ўдзячна.
На лёс свой не наракаю.
Плыву праз поспех, няўдачы.
Смяюся, сумую, кахаю.
Вось Дужаўская старонка**.
Маленства куток.
Юнацтва.
Праменісты. Любы.
Родны…
Не тут прыйшлося застацца.
Плыў-гушакаўся човен лёсу,
А час мне мяняў аблічча.
Прыстаў да цудоўнай вёскі
З назоваю Гарбавічы***.
Сышла… Мусіла застацца.
З’явіліся дом і дзеці.
І часам на момант здасца:
Не можа быць лепей на свеце!
Тры словы ляглі на сэрца,
Утварылі трохкутнік дзіўны,
Які зграбным рытмам
б’ецца:
Ма-я ма-ла-я Ра-дзі-ма!
___________
* Капачы — вёска ў Мсціслаўскім раёне.
** Дужаўка — вёска ў Чавускім раёне.
*** Гарбавічы — вёска ў Чавускім раёне.
Байкава. Мроі
Я пастаўлю тут свой зруб.
Зажыву на пакатым узлеску.
Пасцялю на стале абрус,
Увесь затканы
Пяшчотай пралескавай.
А навокал — жывы плот:
Лес Архіпаў глядзіць улюблёна,
Як схапіў прагна Пронеў рот
струмень з Байкава намалёны*.
Дзе сцяжынай віляе луг,
На змярканні хадзіць мушу:
З дум змываць непатрэбны тлум,
Паласкаць у ручаі душу.
______
* Байкаўская крыніца ў Чавускім раёне, месца, над якім учыняюцца малітвы.
Спяваюць кабеты
Спяваюць жалобна кабеты.
За хатай стаіўся вечар.
Нізае на слых куплеты
Аб лёсе жанок адвечным.
Ці едзе на коніку Хоня,
Ці вербы растуць ля плоту —
Усё роўна жорсткай далоняй
Сціскае сэрца самота.
І я не слупом – спачуваю
Дзяўчынцы, што слухала маці,
І замуж пайшла ў адчаі
Бяз любага век гараваці.
А то казачэньку бачу,
Што йшоў на вайну і згінуў.
Марусенька любая плача:
Не хоча гуляць з другімі.
І мне ўтрываць не магчыма,
І вечар ад плачу трасецца…
Праз вусны сухія, маршчыністыя
Споведзь іх часу ліецца.
Жанна УСЦІНОВІЧ,
Чавускі раён