Прыгажуня, спартсменка… І проста дзяўчына, якая закахалася ў лес

Усе гэтыя эпітэты можна сказаць пра маладога спецыяліста ДЛГУ “Бялыніцкі лясгас”, начальніка лесагадавальніка на базе Цяхцінскага вопытнага лясніцтва Вольгу ЗАРАНКОВУ.

У лясгас яна прыйшла пасля заканчэння БДТУ па мэтавым накіраванні і ўжо два гады з пяці тут адпрацавала. Спачатку была памочнікам ляснічага Эсьмонскага лясніцтва, а праз некаторы час узначаліла калектыў лесагадавальніка. І хоць гэта справа не з лёгкіх — агульная плошча лесагадавальніка складае больш за 25 га — занятак маладой дзяўчыне падабаецца. Дый будучую прафесію доўга шукаць не давялося, яе бацька Юрый Аавекукк працуе ляснічым Круглянскага лясніцтва. А як вядома, у большасці працаўнікоў лясной галіны іх прафесія перадаецца ў спадчыну.
— Першы свой працоўны вопыт набывала менавіта ў Круглянскім лясніцтве пад кіраўніцтвам ляснічага Андрэя Храмцова, — распавядае Вольга. — Гэтыя веды вельмі спатрэбіліся ў далейшым. І зараз не саромеюся параіцца з вопытнымі калегамі.
Малады спецыяліст адзначыла, што ў калектыве сустрэлі яе прыязна, вельмі ўразілі шчырыя сяброўскія адносіны паміж працаўнікамі. І гэта дапамагло хутка адаптавацца, уліцца ў працоўнае і грамадскае жыццё.
Адно з захапленняў Вольгі — зімовыя віды спорту. Два гады запар яна ўдзельнічае ў лыжных гонках, якія арганізуюцца сярод працаўнікоў лясной галіны. У мінулым годзе яна заняла другое месца на абласных спаборніцтвах і стала першай у рэспубліцы. Сёлета здабыла перамогу сярод работнікаў лясгаса і зноў заняла другую прыступку п’едэстала гонару ў вобласці. А 15 лютага Вольга Заранкова на рэспубліканскім этапе лыжных гонак заняла 2-е месца.
Апроч таго, дзяўчына — заядлы фотааматар! Асаблівасць яе працы ў тым, што круглы год яна знаходзіцца на ўлонні прыроды, дзе вочы самі бачаць цікавыя кадры. Застаецца толькі націскаць кнопку фотаапарата. Сваімі фота Вольга падзялілася і з рэдакцыяй раённай газеты — прыняла ўдзел у конкурсе фотаздымкаў “Мая радзіма”.
— Нарадзілася я ў Цяцерыне, але тэрытарыяльных межаў для мяне ніколі не існавала. З ранняга дзяцінства захаплялася непаўторнасцю родных мясцін. Лес, напрыклад, бывае розны, але паўсюль аднолькава прыгожы. Той, хто адчуе гэту прыгажосць, ніколі ў ёй не расчаруецца, — дадае Вольга Заранкова.
Святлана МАГІЛЕЎЧЫК
Фота з архіва Вольгі Заранковай
www.zara.by