Лекі ад усіх хвароб
— Захар Захаравіч, ці можна? — прыадчыніўшы дзверы кабінета, залапатаў Іван Прастафількін.
— А я цябе не выклікаў! — набычыўся генеральны дырэктар фірмы “Пень-калода”. — Таму не мазоль вочы! Дуй у свой кабінет! Ці няма чым заняцца? Ну і на-мес-ні-чык у мя-я-не! Падарунак ад д’ябала!
— Я толькі на хвіліначку.
— Калі моцна прыспічала, то заходзь. Што ў цябе?
— Ёсць чатыры навіны. Тры добрыя, а адна дрэнная. З якой пачаць?
— Вядома, з добрай.
— Раніцой пазванілі з “Еўраопта” і павіншавалі…
— А з чым? — перапыніў яго Захар Хітрапупкін.
— Выйграў кватэру. Заўтра трэба ехаць за ключамі. Адпусціце на пару дзянькоў.
— Ух ты! Ну і шчасліўчык! А чаго ж, мілок, так радуешся? У цябе ж шыкоўны катэдж.
— Захар Захаравіч, мазгамі трэба варушыць. Катэдж у райцэнтры, а кватэра ў сталіцы. Уцямілі?
— Ага. Што яшчэ? — уладным голасам спытаў гаспадар кабінета.
— Вай-вай-вай! Не паверыце… Проста цуд… Заўтра мая дачушка прыязджае з італьянцам. Будуць прасіць-маліць, каб благаславіў іх.
Хітрапупкін пачаў пільна ўглядацца ў твар свайго падначаленнага, імкнучыся зразумець, жартуе ён ці не. А потым злосна прамармытаў:
— А чаго яна знюхалася з іншаземцам? Няўжо сваіх хлопцаў мала?
— Такіх, як будучы зяць, нават днём са свечкаю не знойдзеш. Бізнесмен, мільянер! А валюты ў яго — мора! Лічыць — не злічыць. Больш, чым на небе зорак. Нават свой самалёт мае. Буду лётаць адпачываць у Італію. І пра вас, Захар Захаравіч, не забуду… Мець такога зяцька — гэта падарунак ад Бога… Ой, забацаем вяселле! На радасць добрым людзям, а на зайдрасць маім ворагам. А вы, шаноўны дырэктар, будзеце самы-самы галоўны госць. Каштоўнымі падарункамі завалім з ног да галавы.
— Адкуль ведаеш, што заўтра госці прыедуць?
— Нядаўна мне пазванілі…
— А хто?
Прастафількін замяўся.
— Паехалі далей! — даволі суха заўважыў Хітрапупкін.
— Захар Захаравіч, не ганіце коней, а то ўсё пераблытаю. Хачу, хачу вам сказаць…
— Слухаю! — нахмурыў бровы той.
— Шукайце сабе намесніка…
— А ты што будзеш рабіць? Круціць хвасты быкам?
— Не-е-е… Мяне запрасілі ў сталіцу на больш прэстыжную пасаду. Толькі вы, Захар Захаравіч, калі ласачка, напішыце характарыстыку і рэкамендацыю. У даўгу не застануся.
— Ну, давай-давай, залівай. Табе збрахаць, што раз плюнуць.
— Што вы! Што вы! — замахаў рукамі Іван Максімавіч. — І не сумнявайцеся! Чыстая праўда! Толькі пазванілі з нашага ўпраўлення…
— Добра! Будзе і характарыстыка, і рэкамендацыя. Упоперак горла табе не стану, — загадкава ўсміхнуўся генеральны дырэктар. — А цяпер падкінь на закуску дрэнную навіну.
— Захар Захаравіч, у мяне бяда.
— А якая?
— Жонка рассупонілася.
— Рас-су-по-ні-ла-ся? Не разумею.
— Завяла хахаля.
— Ха-ха-ля? Адкуль ведаеш? Мо сарока на хвасце прынесла?
— Нядаўна мне пазванілі, што яна са сваім шэфам укаціла на дачу. Там балююць, мілуюцца. Вось я хачу застукаць іх на месцы. Ну і шлюха! Закруціла з начальнікам раман і да фені ёй Іван. Маўляў, я “герой” не з яе “рамана”. Ат, гадаўка! Сучка блахастая! Я ёй пакажу, дзе ракі зімуюць! І кабяля адмяцелю. Ды так, што ўрачы цэлы месяц будуць адхаіваць. Ка-лі ла-сач-ка, ад-пус-ці-це з ра-бо-ты, — ад хвалявання ў Прастафількіна аж зубы выбівалі чачотку.
— У цябе што, дах з’ехаў? Чаго распетушыўся? Не пылі, супакойся! Ясненька, ясненька! Жартаў не разумееш. Сёння ж 1 красавіка — Дзень смеху. Лоўка разыгралі. А ты развесіў вушы — паверыў. Выкінь дурату з галавы! Лепш давай пасмяёмся з тваёй наіўнасці. Бо смех — лекі ад усіх хвароб, прымушае радавацца і рагатаць, прадаўжае жыццё чалавеку. А пражывеш лішні гадок — вось гэта падарунак ад Бога.
Запанавала непрацяглая паўза. Іван Максімавіч пастаяў у нейкім здрацьвенні і выдыхнуў:
— Ой, Божухна! Як здорава падкузьмілі! Запомню на ўсё жыццё! Толькі вы, Захар Захаравіч, нікому — ні гу-гу, асабліва жонцы. А то не паздаровіцца мне — не пусціць нават на парог спальні. Аб’явіць байкот…
І тут яны дружна рассмяяліся.
Мікола ПАДАБЕД,
г. Бялынічы