Сапраўдны мужчына

Мікола — саракагадовы беспрацоўны халасцяк, які цягне грошы з маці-пенсіянеркі і любіць выпіць. Да таго ж ён рана палысеў. Мужчына нічога не дабіўся ў жыцці, нават не імкнуўся нешта змяніць у звыклай рэчаіснасці. Ён ганарыўся сваёй свабодай, што ні ад каго не залежыць. Любімым заняткам Міколы было наведваць розныя інтэрнэт-форумы, лаяцца там, ганьбіць удзельнікаў размоў. Такім чынам ён самасцвярджаўся. Вось і сёння мужчына звыкла адкрыў старонку аднаго беларускага сайта, прачытаў навіну, перагарнуў каментарыі. Затым выбраў «ахвяру», якая выказала сваю думку, і вырашыў адказаць. Хутка набіраючы тэкст, ён пасміхаўся:
— Ты дурань і …, які нічога не разумее ў жыцці. Хто ты такі, каб дэманстраваць людзям сваё … меркаванне. Сядзі на канапе і не рыпайся. А то знайду цябе і пакажу, хто тут сапраўдны мужчына». (Замест шматкроп’я Мікола ўстаўляў нецэнзурную лексіку, якую, зразумела, мы не можам надрукаваць).
Задаволены сабой пасля брудлівай лаянкі, зайшоў на сайт знаёмстваў. Перагарнуў старонкі маладых прывабных дзяўчат. Заўважыўшы сексапільную прыгажуню, прамовіў:
— Заўтра 8 сакавіка. Трэба некага не толькі павіншаваць, але і ашчаслівіць. Вось яна мне падыходзіць. Я ўжо бачу, як ляжу з ёй у ложку, а потым яна гатуе мне сняданак, прыбірае ў пакоі. Ідэальна.
Мікола хутка набраў паведамленне:
— Прывітанне, анёл. З наступаючым святам 8 сакавіка. Уражаны тваёй фігурай. Можа, прыедзеш да мяне вечарам у госці, павячэраем разам, свята сустрэнем, а затым ты застанешся на ўсю ноч?
— Безумоўна, прыедзе, бо як яна можа адмовіць такому мужчыну, — прыгаворваў ён, пакуль чакаў адказу.
— Добры дзень, вы мне не цікавы. Тым больш, што запрашаць на першае спатканне такім чынам не этычна. Спачатку навучыцеся размаўляць з незнаёмымі дзяўчатамі, а потым спрабуйце ўжо знаёміцца.
Мікола не мог стрываць такой абразы, таму адрэагаваў рэзка:
— Якая цаца знайшлася! Курыца ты і …, вось хто! Безумоўна, ты прадаешся мужчынам, дык скажы, колькі каштуеш. Так і быць, падкіну табе грошай, а ты мяне абслужыш, як самага лепшага кліента. Пакажу, якім павінен быць сапраўдны мужчына! Бо ты, …, нават не бачыла такіх!
Прайшло пяць хвілін, і дзяўчына адказала:
— Я нікому і ніколі не прадаюся. Але вы такі імпульсіўны, што я згодна прыехаць заўтра. Напішыце свой адрас і чакайце!
— Так бы адразу, а то «не этычна»! Вучыць яна мяне яшчэ будзе, як з жанчынамі размаўляць! — прыгаворваў Мікола, калі набіраў на клавіятуры неабходныя даныя.
На наступны дзень мужчына не знаходзіў сабе месца, уяўляў, якія цудоўныя вечар і ноч напярэдадні 8 сакавіка правядзе з прыгажуняй. Ён нават схадзіў у душ, папырскаўся парфумай. У прызначаны час у дзверы кватэры пазванілі. Амаль падскокваючы, Мікола рушыў адчыняць. Вось толькі на парозе стаяла не прыгажуня, а ўчастковы.
— Добры вечар, Мікалай Адамавіч, — павітаўся той.
— Прывітанне, што здарылася? Толькі давайце хутчэй, а то да мяне ў госці дзяўчына хутка прыйсці павінна, — прамармытаў мужчына.
— На вас паступіла заява ад грамадзянкі Вольгі Халадок. Яна прадставіла доказы абразы ад вас, — канстатаваў участковы. — Будем разбірацца!
Вікенцій ПУЗАНКЕВІЧ і Аляксандр КАРШАКЕВІЧ