Пашана людзям працы
У мінулую суботу ў Бялыніцкім раёне прайшоў традыцыйны злёт перадавікоў народнай гаспадаркі, падчас якога былі падведзены вынікі за мінулы год ва ўсіх сферах дзейнасці і ўшанаваны лепшыя працаўнікі.
З прывітальным словам да прысутных звярнуўся старшыня райвыканкама Анатоль ШЧУПЛЯНКОЎ. Ён адзначыў, што, нягледзячы на некаторыя складанасці, у нашым раёне выкананы запланаваныя паказчыкі па экспарце тавараў, працаўладкаванні працаздольных грамадзян на зноў створаныя рабочыя месцы, павысіліся тэмпы росту аб’ёму будаўніча-мантажных работ. Напрыклад, у мінулым годзе было пабудавана больш за 5800 м2 агульнай плошчы жылля, што складае 150% да запланаванага. Таксама кіраўнік раёна павіншаваў з высокімі дасягненнямі калектывы ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, Нежкаўскай АУАП і Вішоўскай СШ, якія па выніках працы за 2018 год сталі лепшымі ў вобласці.
На свяце былі ўручаны спецыяльныя прэміі райвыканкама «Чалавек года». Дыпломы райвыканкама, ганаровыя пераходныыя сцягі, грашовыя прэміі атрымалі лепшыя прадпрыемствы і арганізацыі, прадстаўнікі працоўных калектываў.
Падчас урачыстасці выступіў начальнік абласнога ўпраўлення культуры Алег Стэльмашок, які павіншаваў прысутных з высокімі дасягненнямі ў працы, і асабліва — у сферы культуры, прадстаўнікі якой дастойна абараняюць гонар раёна на сцэнічных пляцоўках абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню. Таксама Алег Уладзіміравіч уручыў Ганаровую грамату аблвыканкама за шматгадовую дабрасумленную працу машыністу бульдозера ААТ ПМК-82 «Вадбуд» Віктару ШАХАЛЕНКУ і Падзяку Магаблвыканкама Аксане АНДРЭЕВАЙ, загадчыку радзільна-гінекалагічнага аддзялення ЦРБ.
Свае віншаванні перадавікам раёна, усім прысутным на злёце, а таксама — з нагоды Дня абаронцаў Айчыны — усім мужчынам адрасаваў старшыня Дзяржпагранкамітэта Беларусі генерал-маёр Анатоль Лапо.
Эстафету віншаванняў працягнулі намеснік старшыні абласной арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» Раіса Лычкоўская і дырэктар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы Алег Хмялькоў. Віншаванні і цёплыя словы працаўнікам аграрнага сектара Бялыніччыны выказаў старшыня абласной арганізацыі галіновага прафсаюза Віктар Гейдэль. Ён уручыў ганаровыя граматы і лісты падзякі камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню аблвыканкама і абкама прафсаюза АПК.
Па традыцыі свае віншаванні перадавікам Прыдруцкага краю адрасавалі прадстаўнікі суседніх раёнаў — Круглянскага, Клічаўскага, Шклоўскага і Магілёўскага. Святочны настрой для прысутных стваралі лепшыя творчыя калектывы і выканаўцы РЦК, а таксама запрошаныя госці — вакальная група ансамбля пагранічнай службы Беларусі, зорка айчыннай эстрады Ульяна ШЭЛАХ.
Святлана МАГІЛЕЎЧЫК