Родныя мясціны

Мой родны кут, як ты мне мілы!..
Забыць цябе не маю сілы!

З чаго пачынаецца Радзіма? Радзіма пачынаецца з мілага для сэрца кутка, з тых мясцінаў, дзе мы нарадзіліся і выраслі. Яна пачынаецца са знаёмай з дзяцінства вуліцы, двара, роднай вёскі, з шума бяроз. Гэта наша малая радзіма…

Яскрава і весела, з песнямі і скокамі прайшло ў мінулыя выходныя свята аграгарадка Смаліца Быхаўскага раёна. І нават доўгі праліўны дождж ніколькі не сапсаваў настрой вяскоўцаў, якія сабраліся ў мясцовым СДК. Асабліва радаваліся дзеці, бо для іх тут было столькі незвычайнага — атракцыёны, батут, гульні і конкурсы, а яшчэ ў дадатак — салодкая вата і папкорн.
Не менш насычанай была і канцэртная праграма «Працуем разам, святкуем дружна».
Перагортваючы старонкі гісторыі, жыхары даведаліся шмат цікавага аб сваёй роднай вёсцы. Бо на месцы цяперашняга аграгарадка яшчэ некалькі сот гадоў таму была дрыгва і бязмежныя сасновыя бары. Менавіта ў гэтых маляўнічых месцах і з’явілася новае паселішча, людзі пабудавалі смалакурні і навучыліся здабываць смалу. Адсюль і пайшла назва вёскі Смаліца. Першыя звесткі аб гэтай вёсцы з’явіліся ў 1846 годзе. Смаліца ўваходзіла ў склад фальваркаў, якія належылі графіне Талстой. З тых часоў прайшло нямала гадоў — рэвалюцыйныя падзеі, сталінскія рэпрэсіі, страшныя гады фашызму… Усё вынесла шматпакутная зямля.
Як вядома, гісторыю месца вершаць людзі. Жыццё у вёсцы Смаліца кіпіць — на палях і фермах працуюць вяскоўцы, растуць дзеці, будуецца жыллё, памнажаюцца дасягненні.
Доўгія гады роднай зямлі аддалі ветэраны працы. Ім — асаблівая пашана і павага. Гучаць дружныя апладысменты для Міхаіла Пугачова, Ліліі Бондаравай, Веры Івашковай, Тамары Васільковай і іншых. Узгадваюцца імёны і тых вяскоўцаў, якія з гонарам выканалі свой інтэрнацыянальны абавязак. Прыкладам бязмежнай мужнасці сталі Валерый Кулажын, Мікалай Сяброўскі, Сяргей Шынялёў.
50 гадоў пражылі душа ў душу Георгій і Анастасія Кавалёвы. Аднавяскоўцы павіншавалі іх з залатым вяселлем. Музычны падарунак прагучаў і для срэбраных юбіляраў. Не забыліся і пра тых, хто нарадзіўся ў верасні.
Асобная падзяка тым, хто на сваіх падворках стварае астраўкі прыгажосці. Узорныя падворкі ў Ніны Максімаўцовай, Надзеі Сяброўскай. Вышыванку, вязанне і працы з бісеру прадставілі майстаркі Вольга Букас і Таццяна Салаўёва. І атрымалі падарункі ад спонсараў свята — ААТ «Вараніно».
Поспехаў у працы і ўтульнасці ў сем’ях аднавяскоўцам пажадаў старшыня Смаліцкага сельскага Савета Генадзь Ліпуноў. А весяліў і радаваў сельскіх жыхароў народны ансамбль «Багатуха».
Наталля Левачкова