Катрушніцкі лемязень, або Стары промысел новага Дрыбіна

Прыемная (і гэта далёка не першая) навіна прыйшла на Дрыбіншчыну: школа юных шапавалаў, створаная пры мясцовым гісторыка-этнаграфічным музеі, атрымала грант Еўрапейскага Саюза і Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.
Годам раней калектыў музея стаў лаўрэатам спецыяльнай Прэзідэнцкай прэміі — за выдатныя поспехі ў справе захавання і развіцця традыцыйнага шапавальскага промыслу.
Яшчэ ў маі 2016 года ў адноўленым музеі, як паведаміла яго дырэктар Жана Клімава, рэалізавалі новы мастацкі праект, падрыхтаваны Магілёўскім абласным краязнаўчым музеем імя Яўгена Раманава, вядомага гісторыка і этнографа, які на пачатку 18 стагоддзя сабраў і запісаў гаворку дрыбінскіх катрушнікаў. У дрыбінскім музеі была адкрыта асобная зала экспазіцыі, прысвечаная традыцыйнаму для Дрыбінскага раёна віду рамяства — шапавальству. Невыпадкова валенак стаў візітнай карткай Дрыбінскага раёна.
Само шапавальства як промысел адкрылі, напэўна, не дрыбінцы — гэта вынаходніцтва ўсюдыіснае. Як, скажам, лыжка, або лапці, вязёнкі, ці тая ж шапка. Хаця менавіта шапку-магерку з воўны і маглі прыдумалі дрыбінскія шапавалы, назваўшы яе катрушкай. І мову сваю мясцовую з тае нагоды яны таксама выпрацавалі — катрушніцкі лемязень, што ў літаральным перакладзе і азначае шапавальская мова.
Канешне, дзеля таго, каб мажджэрыць катрушкі ці валёнкі максаць — спецыяльная мова наўрад ці патрэбна, бо гэтую справу можна рабіць і моўча. А стала яна неабходным «інструментам» з той нагоды, што дрыбінчане ў свой час пачалі асвойваць адыходны промысел. Глыбокай восенню, убраўшы ураджай, збіраюцца двое-трое мужыкоў. Рэчы за плечы — і пайшлі куды вочы глядзяць — за сотні кіламетраў ад дому. І не толькі па Беларусі, але і ў Расію, і на Ўкраіну хадзілі… Землі на Дрыбіншчыне бедныя, пераважна пяшчаныя. Вось і заняліся адыходніцтвам, каб на жыццё падзарабіць. А каб ніхто не раскрыў іх прафесійных сакрэтаў, паміж сабой размаўлялі выключна на лемязені.
У савецкі час адыходны промысел разам з прафесіяй шапавала амаль наогул самаліквідаваўся. Авечак перасталі трымаць не толькі ў калгасах, але і на дамашнім падвор’і. Прафесія катрушнікаў разам з іх лемезнем адышла ў нябыт.
І вось колькі гадоў таму ў мясцовым гісторыка-этнаграфічным музеі не на жарт задаліся мэтай ажывіць падзабыты народны промысел і нават вярнуць да жыцця занядбаную мову — катрушніцкі лемязень. У мясцовай сярэдняй школе знайшліся добраахвотнікі павучыцца дзедаўскай справе, а ў вёсцы адгукнуліся некалькі былых прафесійных катрушнікаў — дапамагчы ім у гэтым. Так і стварылі клуб шапавальства. Да лагічнага завяршэння і да сённяшняй вядомасці гэтую справу прывяла былы дырэктар музея, а потым — начальнік аддзела культуры Дрыбінскага райвыканкама Алена Рабкавец. Пачыналі з вывучэння гісторыі рамяства, а потым і самім рамяством заняліся. Сабраліся з юнымі краязнаўцамі і паехалі ў вёску Пакуцце, да прафесійнага шапавала Уладзіміра Асіпоўскага, які і цяпер штогод абувае ў валёнкі не адну сотню чалавек. Выконвае заказы не толькі тутэйшых ды бліжэйшых. Прыязджаюць з іншых вёсак і раёнаў. Згадзіўся Ўладзімір Станіслававіч перадаваць рамяство дзецям. Сёння ў клубе каля паўсотні юных аматараў. Знайшлі ў Дрыбіне і больш сталага шапавала — Любоў Ціханаву. Сама яна працавала бухгалтарам у калгасе, а шапавальству навучыў муж, які рана памёр. Пяцёх дзетак трэба было гадаваць, карміць ды абуваць. І перакваліфікавалася Любоў Фёдараўна ў катрушніка. Яна і цяпер прадае на кірмашах свае шкорні (валёнкі). Яе імправізаваную шапавальню атакоўваюць на розных фестывалях і таржках, а дом наведваюць нават замежныя турысты, якія ахвотна купляюць цудоўна змайстраваны абутак — і не толькі ў якасці сувеніра. Супрацоўнікам музея пашчасціла раздабыць слоўнік прафесійнай шапавальскай гаворкі, які змяшчае каля тысячы слоў. Гэта адна з багацейшых прафесійных моў, і роўных ёй на Беларусі няма.
Авечкагадоўля спрадвеку была пераважнай, нароўні з земляробствам, галіной. З воўны (нарухі) максалі, як шапавалы кажуць, не толькі шкорні, але і магеркі (шапкі), рукавіцы (нахірніцы)… Карацей кажучы, мерхля (авечка), як і зямля-матухна, карміла і апранала чалавека. Праз таго ж катрушніка, які з дапамогай лемязеня і захоўваў сакрэты свайго майстэрства, выжываў у жорсткай канкурэнцыі, выкручваўся з самых няёмкіх жыццёвых абставін.
З мовай дрыбінскіх катрушнікаў аўтару гэтых радкоў ўпершыню давялося сустрэцца яшчэ ў савецкія гады, калі вучыўся ў СПТВ. У групе было чацвёра дрыбінцаў. Аднойчы запрыкмецілі яны ў мяне чырвонец. Адзін другому і кажа: «Гэты мікрэц нікора не скумае, аддзякні ў яго хаўбоў!» (гэты хлапец нічога не разумее, пазыч у яго грошай.) Я сапраўды па-іхнаму не скумаў, аддзякнуў, дык яны да сяго часу аддаюць.
Між іншым, катрушніцкі лемязень — не жаргон вядомай Элачкі-людаедачкі. Гэта штучная мова мае багаты дыяпазон слоў, які дазваляе весці лагічную гаворку на любую тэму. Нічога новага і незвычайнага ў гэтым няма, і дрыбінскі фенамен — з’ява не ўнікальная. Уладзімір Даль у сваім славутым «Толковом словаре» шырока апавядае пра штучныя мовы. Мова хадзебшчыкаў, карабейнікаў, шапавалаў, усялякіх мазурыкаў, тарабарская мова, якой і сёння фарсіць наша гуллівая моладзь.
Успомніў я пра выпадак з хаўбамі, калі Дрыбін зноў стаў раённым цэнтрам, а я працаваў у той час у «Магілёўскай праўдзе». Паехаў спецыяльна, каб знайсці якога бывалага катрушніка. Прывялі мяне да Мікалая Шугоўскага. Той сустрэў правакацыйным пытаннем:
— Бальва скумае па-катрушніцку?
— Не, — адказваю, я па-вашаму толькі два словы скумаю – «аддзякні хаўбоў».
— Хаўбоў, — жартуе, — я табе не аддзякну, а да трэпеза (да стала) пахлім, пагаўрыдзім (пагаворым), бо ты, бачу, па-нашаму сапраўды штосьці скумаеш.
Пахлілі (пайшлі), значыць, мы з ім да трэпеза і тут, крыху кірнуўшы (падвыпіўшы), я таму-сяму навучыўся… Дарэчы, акерус у перакладзе з лемезня, азначае п’яніца. Ад слова кера — піва. Што ж, бывала, дрыбінскія хадзебшчыкі вярталіся з заробкаў без ламехі хаўбоў (капейкі грошай): прапіў, растраціў па дарозе, а жонцы кажа — расчуквальнікі ці кастусі ад’яперылі (разбойнікі ці злодзеі адабралі).
Яшэ да вайны, будучы юнаком, Мікалай Іванавіч абышоў амаль усю Беларусь. На Смаленшчыне бываў, на Браншчыне. Збяруцца кампаніяй, закінуць рэчы за плечы і пахлілі. Мову ён ужо крыху падзабыў, але лішняя кучараўка (чарка) добра прасвятліла ягоную памяць. Шугоўскі распавядаў:
— Апынуліся мы, скажам, у хор’і (вёсцы), недзе на Віцебшчыне. Крычым: «Каму валёнкі валіць?!.» — «Мне! — адгукаецца куж (гаспадар). Ну і пахлілі. Куж — гардзей на трэпез (бутэльку на стол). Жбаха прытаганіць акрэсы з акрушай (жонка прынясе сала з хлебам), тартасы и вохмар’яў (каўбасы і агуркоў), яўрышню скурляіць (яешню сасмажыць) — і кірым да кімкі (і п’ём да ночы)… Выхлеўшы з-пад трэпеза, пачынаем мажджэрнічаць (Вылезшы з-пад стала, пачынаем працаваць)…
Спрабую і я, падтрымліваючы іранічны лад старога катрушніка, пераключыцца на лемезень.
— Дапусцім, мань схаліў шкорні (я сапсаваў валёнкі)?
— Наскрабень ухляваць у бакрушняе хор’е! Ці плавушыць хаўбы, бо куж адчукае (Трэба ўцякаць у другую вёску, ці плаціць грошы, бо гаспадар адлупцуе).
— А калі зашнэйдарыць (зашыць)?
— Скумаю, бадухай (разумею, іголкай).
Чытач, напэўна, ужо сам скумае, навошта служыць катрушніку прафесійная мова. Але гаўрыдзім далей.
— Ну вось, скажам, я, ваш памочнік, малады мікрэц, уздумаў на вечарынку, або да мясцовай дзяўчыны схадзіць.
— Хлі, калі воліш, на кугралку, ці да шыхты (Тут пераклад яўна залішні).
Дарэчы, калі якая дзяўчына, няхай сабе и дрыбінская, выходзіла за катрушніцкага сына ці з катрушніка замуж, уся яе радня, кажуць, горкімі слязьмі плакала.
— Вяртаецеся вы, нарэшце, у хаз (дадому). Што жбаха кажа?
— Ці сайка хаўбоў замаксалі (Ці многа грошай заробілі?). Мікра, — адказваю, — кастусі ад’яперылі (мала, разбойнікі адабралі).
Адным словам, зманіў. Невыпадковы займеннік «мань» (я). Прафесійная мова і служыць для таго, каб маніць, абдурваць, у тым ліку і ўласную жбаху. Чытач разам з тым заўважыў, што правапіс гэтай штучнай мовы будуецца па ўзору беларускай граматыкі. А калі вы знаёмы са слоўнікамі Георгія Юрчанкі, то здагадаецеся, што радзіма гэтай мовы — менавіта ўсходняя Магілёўшчына.
Любая штучная прафесійная мова звычайна складаецца з агульнаўжываемых перайначаных слоў і мае выключна практычнае прызначэнне. У адрозненне, скажам, ад эсперанта. Расказваюць, у час вайны немцы перахапілі тэлефонную размову дрыбінцаў і ўзрушыліся: маўляў, у рускіх служаць невядомыя чужынцы. Мясцовыя паліцаі іх супакоілі. Не сакрэт, што тутэйшым людзям лемязень дапамагаў і змагацца з ворагам, і проста выжываць у акупацыі.
Штучная мова, што з пакалення ў пакаленне перадавалася дрыбінскімі хадзебшчыкамі, амаль цалкам страціла свой сэнс. Разам з прафесіяй. Пажылыя людзі яшчэ ўпляталі ў гаворку сёе-тое слаўцо, а моладзь ужо не цікавілася ні мовай сваіх продкаў, ні яе гісторыяй. Хаця што такое «хаўбы», скумае і першакласнік.
А можа калі і адродзіцца катрушніцкі лемязень? Добры цёплы абутак цяпер не ўсім па кішэні, а вось пачнем зноў лапці (верзюкі) плесці, ды шкорні, а то і катрушкі максаць? Гэтую думку Мікалай Іванавіч успрыняў з суровай задуменнасцю і журботна прамовіў:
— Мерхляў, нарухі няскень! (Авечак, воўны няма!) Але чым чорт не жартуе — можа, і пахлім…
Мань — катрушнік недармо,
Не бярэ на горб ярмо,
І не дбае пра кірмо…
Хай сабе бакштэй лайбавіць,
Жбаха плыксіць і крыксавіць,–
Мань ухліў у белы свет
Ад назойлівых кабет.
Хай няўлепкі-чмуракі
Зіму адлежваюць бакі,
Ён на горб сакву ўзваліў,
Брынду — ў хірку і пахліў…
І вось праз некалькі гадоў на Дрыбіншчыне зноў загаўрыдзілі па-катрушніцку. Адраджаецца не толькі забытая прафесія, але і мова — лемязень. Супрацоўнікі музея не чакалі, калі “гара прыдзе да Магамета”, а самі пахлілі па вёсках, пытаючыся пра былых катрушнікаў, заводзячы гутарку аб адраджэнні прафесіі і мовы.
Так мы аднойчы завіталі ў хаз (хату) Цыганковых — тыпічную сям’ю катрушнікаў. Тыднем раней да іх прыязджалі дзве карэспандэнткі з Польшчы, якія ўнікліва выспрошвалі ўсялякія тонкасці быту і рамяства. Так што Георгій Цімафеевіч і яго лухтавіна (палавіна) Алімпіяда Іосіфаўна ўжо ведалі, як абыходзіцца з журналісцкай браціяй, і куж адразу ўзяў, як кажуць, мерхля за рогі.
— За сваё жыццё дзе я толькі не пабываў! Усю Беларусь абышоў, на Смаленшчыну хліў. Адтуль вось і жбаху сабе ўзяў — Алімпіяду. А жыццё паслеваеннае ў маладога мікраца было не надта салодкае. Вось і падаўся ў катрушнікі. Не кожнаму гэта ўдавалася — канкурэнцыя была не горш як у цяперашніх прадпрымальнікаў. Два гады ў вопытнага майстра ў падсобніках хадзіў — з чацвёртай ламехі (капейкі) — і толькі потым сталі заробак пароўну дзяліць. А я ж усё рабіць умеў — і снаваць, і таптаць, і валяць… І наруху на брындзе разбіваў.
— А што за брында?
— О, гэта такая палка, на якую нацягнута лабузка (струна) з кішкі мерхля. Прылада шапавальская. Яна і карміла, і весяліла, і нямаведама што яшчэ магла. Сабакі ў вёсках злыя былі. Друканам гэтым як шахнеш — аж поўсць са спіны ляціць… А аднойчы пад Оршай на кірмаш трапілі. Падыходзяць нейкія мікрацы і пытаюцца: “Што гэта ў цябе, браток, за інструмант такі?” І пачаў я на гэтай струне брынкаць. Паўкірмаша збеглася, каб паглядзець. Цэлую давільню устроілі — музыкі такой яны з роду не сівалі і не слыхцілі (не бачылі і не чулі). А як сталі разыходзіцца, многія заклянтошылі: “Ай, грошы з’яперылі, кішэні абчысцілі мазурыкі!..” Добра, што да нас тыя мікрацы не дабраліся. Хаця ў мяне і яперыць нечага было — яшчэ не намажджэрыў (не нарабіў).
— Пра мажджэрку раскажыце.
— Ну вось раніцою — ні свет ні зара — ідзеш па незнаёмым хор’і і крычыш: “Валёнкі валяць!” А жбахі спрасоння недаўмеюцца і яўлыд (кароў) на ранкі выганяюць. Сваркі хапала: пастухі яшчэ спяць, а тут усю вёску сваімі валёнкамі ўспудзілі. І бубна даць маглі, але катрушнікі заўсёды былі ў пашане ды нарасхват. Чаргу ўстройвалі. І плацілі добра. Бывала брыгадай утраіх па восем пар шкорняў за суткі максалі: адзін снуе, другі топча, трэці разбівае — па 50 пленных (рублёў) ў кішэні. За такія хаўбы ў той час я мог з ног да галавы апрануцца. Цяпер за 50 тысяч добра і не патроіш (не паясі)… Але да стравы я неахвочы быў. Замаксаць больш хацелася. Жбан са жбахай (гаспадар з гаспадыняй) сала, каўбасы на трэпез паставяць, гардзі (гарэлкі) колькі хочаш. “Які ядок, — кажуць, — такі і работнік!” А я не ем. Малады яшчэ быў, халасцяк… Іншы і без заробка дамоў вяртаўся. Ці прап’е, ці кастусі (злодзеі) абклімаюць… Вось ён, прыдучы дадому, адчыняе рыпні (дзверы) і кажа: “Вам хаўбы патрэбны ці сын?” І ўжо ўхляваць збіраецца. Бацька кугае (маўчыць), а маці гаўрыдзіць: “Грошы — нажытае, вярніся, зьвінчык (сынок)!”
— А бубна, як вы кажаце, заробіць даводзілася?
— Бывала, і чуналі, але я прадбачлівым быў. Раніцою ціхенька падымаемся і ўхляваем (уцякаем). Мы, катрушнікі, заўсёды, прыходячы ў незнаёмую вёску, абстаноўку вывучалі. Павыспрошваем, куды гэта дарога вядзе, куды — тая. На ўсялякі выпадак…
Шапавальства, ганчарная справа, іншыя саматужныя промыслы ў пасляваенныя гады лічыліся, з аднаго боку, перажыткам, з другога — своеасаблівым прадпрымальніцтвам. У той час з заробкаў катрушніка розныя падаткі спаганялі — і падаходныя, і бяздзетныя, і халасцяцкія… Мясцовыя чыноўнікі і да хабару былі ласыя.
— З усялякімі там агентамі я крута абыходзіўся. Ён маўляў: “Плаці падатак!” А я кажу: “Хлі, а то як заплачу брындай!”.. Пашпарт яму пакажы! Я толькі міліцыянеру мог пашпарт у рукі даць. Гэтаму паложана. А старшыні сельсавета — дудкі! Вось ён круціцца, верціцца, каб пашпарт узяць. А я — не! Давай пячатку ўзамен! Вымае з кішэні, аддае. Вось цяпер, кажу, на — патрымай пашпарт. Верне назад, тады я яму пячаць вяртаю… А так хадзіў бы потым за ім, паіў бы яго…
— Гэта ж улада. Ён і арыштаваць мог.
— Бывала. І ў губерню вазілі. Паперы заводзілі, ў якіх я нават распісваўся, хаця і няграматны. З чыноўнікам трэба ўмець абыходзіцца. У мяне на Смаленшчыне выпадак быў. Мы там фінскія домікі ставілі. Валяць было нечага, дык і гэты заробак падвярнуўся… Бухгалтарка калгасная, калі дайшло да аплаты, кажа, што утрымае з нас бяздзетныя. А я ёй кажу, што не ўтрымае. У мяне ўжо трое дзетак было, і даведка на гэты конт мелася. Я ёй і паказваю. Мае ж памочнікі былі сапраўды халасцякамі. Але ў дагаворы на будаўніцтва значыўся толькі я адзін. Я мог і наймаць сабе падсобнікаў, і разлічвацца з імі. Вось так! Утрымліваць не з кага. У палітыку я не лез, хаця і тут аднойчы дасталі. Снуючы валёнкі, мы ў якасці пракладак звычайна газеты выкарыстоўвалі. Прыходзіць аднойчы ўчастковы і давай мае загатоўкі шманаць. “Што ты, пытаюся, шкумутаеш?” — “А можа, ты Сталіна ўклаў і топчаш! Вось знайду газету з ягоным партрэтам, і ведаеш, што табе будзе?” Партрэты правадыра у той час у кожнай газеце друкаваліся, але на маё шчасце, крамолы ён не знайшоў. Потым я ўжо сам глядзеў, каб якога высокага начальніка незнарок у шкорні не ўпіхнуць…
Але мы забылі пра гаспадыню (жбахай назваць Алімпіаду Іосіфаўну, гэту мілавідную жанчыну, — лемязень не паварочваецца). Ёй жа, калі яшчэ драпялухай (нявестай) была, мабыць, і ў снах не мроілася, што стане жонкай дрыбінскага катрушніка. Родам яна з Манастыршчынскага раёна. Пасля школы паехала ў Оршу, вывучылася на ткачыху, ільнозавод аднаўляла. А лёс маладую шыхту (дзяўчыну) аж у Дрыбін закінуў. Прыехала пагасцяваць да старэйшай збраноўкі (сястры), якую таксама ў свой час прывёз сюды з той жа Смаленшчыны катрушнік. Тут і сустрэлася з Георгіем, спадабаліся адзін аднаму, вяселле згулялі. І стала Алімпіяда памочніцай ва ўласнага кужа. Ды не з чацвёртай ламехі (капейкі) працавала, а ўжо ўсімі заробленымі разам хаўбамі распараджалася. Праўда, па свету з прычандаламі за Георгіем хляваць не даводзілася, бо неўзабаве дзеці пайшлі. Уладкавалася даяркай у саўгасе “Дрыбінскі”. Сына і двух дачок нарадзіла. Пенсію сабе багатую заробіла.
Георгій Цімафеевіч са сваіх вялікіх заробкаў на адхожым промысле таксама пенсію адхапіў аж… 100 кутысяч (тысяч) у месяц. Не давялося яму патрымаць і зброі ў руках. Праўда, “драўляную” міну ў 44 годзе, кажа, рукой памацаў… Адзін асколак у вока трапіў, і толькі праз дзесяць гадоў яго адтуль выцягнула студэнтка-практыкантка. Разам з вокам. “Цяпер адно вока сівае (бачыць) далёка, а другое — шкляное”.
Але на жыццё Цыганковы не скардзіліся. Самі яго будавалі, самім і век дажываць. А на старасці занятак па душы прыдбалі — навучыць маладых хведзянёў (мальцоў) катрушніцкай справе.
На вялікі жаль, Георгій Цімафеевіч гэты свет нядаўна пакінуў. На змену яму прыйшлі маладзейшыя катрушнікі. Яны і шкорні неблагія максаюць, і лемезень адраджаюць, і дзетак добрай справе вучаць. Кіравала ўсёй гэтай справай на той час дырэктар музея Наталля Нейфельд.
— Не толькі вучым — удзельнічаем у раённых, абласных, рэспубліканскіх мерапрыемствах. Наша мабільная шапавальня была адной з самых наведвальных на дажынках у Горках, а “Дрыбінская скарбонка” прадэманстравала сваё багацце на расійска-беларускім фестывалі ў Хіславічах. Вырабы юных майстроў былі прадстаўлены і адзначаны дыпломам першай ступені на рэспубліканскім кірмашы “Веснавы букет”. Прымалі ўдзел у адкрытым конкурсе праектных ініцыятыў “Умацаванне грамадскага ўзаемадзеяння для ўстойлівага развіцця сельскіх рэгіёнаў Беларусі”, які праводзіла інфармацыйна-асветніцкая ўстанова “Новая Еўразія”. У выніку ініцыятыва Дрыбінскага гісторыка-этнаграфічнага музея атрымала першы гранд. Наш калектыў удзельнічаў у Х рэспубліканскім турыстычным конкурсе “Пазнай Беларусь”, і таксама быў узнагароджаны дыпломам у намінацыі “Лепшы аб’ект культурнага турызму”. А ў першым нацыянальным форуме “Музеі Беларусі” нашы катрушнікі правялі майстар-клас па вырабу сувеніраў з воўны. Дзякуй, што і Прэзідэнт пра дрыбінскіх катрушнікаў даведаўся, спецыяльнай прэміяй адзначыў. Спадзяемся ў хуткім часе і ў спісках ЮНЕСКА сябе ўбачыць. Міністэрства культуры праявіла такую ініцыятыву. Ці ж не заслужылі нашы юныя катрушнікі таго, каб пра іх ва усім свеце ведалі?..
Так, спраў на рахунку ўдзельнікаў клуба багата. Майстры аматарскага аб’яднання “Шапавал” не толькі вучаць моладзь шкорні ды катрушкі максаць, яны вывучаюць і распаўсюджваюць ужо амаль паўзабытую мову сваіх бацькоў і дзедаў — катрушніцкі лемязень. А хадзіць сёння па беламу свету з прычандаламі за плячыма наўрад ці давядзецца: у кожным двары аўтамабіль, а то і два красуюцца. Праўда, мерхляў пакуль не багата, нарухі няскень, а без нарухі шкорняў ды катрушак на ўсіх жадаючых не намаксаеш.
Міхаіл УЛАСЕНКА
Фота з калекцыі аўтара