За саветам да Лапацентава
Сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў «Калгас «Радзіма» Бялыніцкага раёна па праву лічыцца на Магілёўшчыне школай перадавога вопыту, дзе не толькі ўмела, эфектыўна гаспадараць па ўсіх накірунках сельгасвытворчасці і ў гэтак званых дапаможных галінах, але і не баяцца смела эксперыментаваць.
Адзін з яскравых прыкладаў паспяхова праведзенага эксперыменту гаспадаркі – ажыццяўленне і ўкараненне тэхналогіі палоснай сяўбы кармавых культур, што летась дазволіла сабраць з аднаго поля тры ўкосы зялёнай масы.
Калі ў мінулым годзе такое поле тут займала 111 гектараў, то сёлета плошча яго падвоілася і пад палосныя пасевы адведзены два полі, на адным з якіх, дзе поўным ходам вялася ўборка рэдзькі алейнай і азімага жыта, і сабраліся ўдзельнікі раённага семінара: кіраўнікі гаспадарак, галоўныя аграномы, інжынеры, эканамісты, ветурачы, заатэхнікі.
Старшыня райвыканкама Мікалай Кадаценка адзначыў, што гэтым семінарам даецца старт правядзенню корманарыхтоўчага сезона бягучага года.
— Часу на раскалыхванне ў вас няма, — сказаў Мікалай Міхайлавіч удзельнікам семінару. — Ва ўсіх гаспадарках ёсць усё неабходнае, каб вынікова працаваць на кармавых палетках. Таму на месцах усім трэба звярнуць асаблівую ўвагу на дысцыпліну, захаванне тэхналогій і тэхнічных рэгламентаў, без чаго немагчыма паспяхова выканаць пастаўленыя задачы па стварэнні кармавой базы на чарговую зімоўку жывёлы.
Старшыня каператыва «Калгас «Радзіма» Аляксандр Лапацентаў у дэталях і на канкрэтных прыкладах раскрыў досвед падрыхтоўкі гаспадаркі да кожнага корманарыхтоўчага перыяду і правядзення яго, які ўжо даўно тут стаў цэльнай, маналітнай сістэмай, што з году ў год удасканальваецца толькі ў нюансах. Адносна выкарыстання тэхналогіі палоснай сяўбы кармавых культур найвопытнейшы кіраўнік перадавога сельгаспрадпрыемства заўважыў, што менавіта яна пры мінімальных затратах дазваляе з вясны да восені, за адзін вегетацыйны перыяд сабраць з аднаго поля тры ўраджаі багатай на бялок травяной масы.
— Нашы фінансавыя затраты на вырошчванне трох ураджаяў на эксперыментальным полі ў мінулым годзе, — паведаміў удзельнікам семінара Аляксандр Міхайлавіч, — склалі каля 60 тысяч рублёў. З кожнага гектара атрымалі па 109 цэнтнераў кармавых адзінак пры кошце 1 цэнтнера іх 5 рублёў. А кошт таго ж цэнтнера кармавых адзінак кукурузы, што вырошчвалі на сілас, дасягнуў узроўню 10,7 рубля.
Аляксандр Лапацентаў заклікаў калег змяніць уласныя падыходы да вырошчвання і нарыхтоўкі травяных культур, выкарыстоўваць магчымасці тэхналогіі палоснай сяўбы і ў чарговы раз агучыў сваё жаданне аказаць ім дапамогу ў гэтай справе.
Галоўны аграном гаспадаркі Аляксандр Лейбуцін на прыкладзе мінулага года падрабязна распавёў удзельнікам семінара пра ўвесь ланцужок тэхналогіі вырошчвання і ўборкі трох ураджаяў, дасягнутыя вынікі. Напрыклад, ураджайнасць пасеянай палосамі ўвосень 2016 года сурэпіцы і жыта, якія ўбіралі вясной, склала па 270 цэнтнераў з гектара. На гэтым жа полі пры мінімальнай апрацоўцы глебы пасеялі потым авёс з палюшкай. З кожнага гектара атрымалі па 250 цэнтнераў зялёнай масы. Затым у глебу загарнулі проса – па 180 цэнтнераў з гектара сабралі трэцяга ўраджаю. Такім чынам, кожны гектар аднаго і таго ж поля сумарна прынёс гаспадарцы каля 700 цэнтнераў зялёнай масы.
Удзельнікі семінара мелі магчымасць дэтальна пазнаёміцца з арганізацыяй уборкі рэдзькі алейнай і азімага жыта, пасеяных палосным метадам, падрыхтоўкай поля да чарговага засявання, а таксама з пакетам дакументаў, прынятых у СВК «Калгас «Радзіма» на перыяд масавага корманарыхтоўчага сезона. Там усё дакладна і зразумела прапісана да малейшых дэталей усяго корманарыхтоўчага канвеера. Дарэчы, ксеракопіі гэтых дакументаў былі перададзены кіраўнікам усіх сельгаспрадпрыемстваў раёна для вывучэння і абавязковага выкарыстання. Нездарма ж у народзе трапна падмечана: «Досвед каштоўны перайманнем».
Міхась КАРПЕЧАНКА
Фота аўтара