Чалавек з маёй біяграфіі

Аб’яўляючы 2018 год — Годам малой радзімы, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што прышоў час кожнаму ўспомніць аб сваіх каранях. Публікуемы сёння нарыс — з арсеналу гэтай рубрыкі.

У студзені споўнілася б 90 гадоў Георгію Юрчанку, майму славутаму земляку з Мсціслаўшчыны, вядомаму мовазнаўцу, каралю беларускай пародыі. Яго творчсці, дакладней яго мове, мове Усходняй Магілёўшчыны, якую Георгій Фёдаравіч сабраў у сваіх слоўніках, была прысвечана у Нацыянальнай бібліятэцы спецыяльная выстава.
А гэты невялікі нарыс — пра яго.

Канец лета 1985 года. Я  працаваў тады рэдактарам Горацкай раёнкі. У адзін са жнівеньскіх дзён заходзіць  у кабінет чалавек — нічым непрыкметны, сціпла апрануты. А я толькі сабраўся на абед. Вітаемся.
— Я — Юрчанка. Па справах заглянуў, — кажа наведвальнік.
— Дык вы ж наш зямляк! — узрадаваўся я. — Калі вы, Георгій Фёдаравіч, не супраць, пойдзем да мяне. Перакусім, а заадно і аб справах пагаворым.
Справа тычылася публікацыі яго артыкула пра вучонага, земляка Паўла Кабеку… У вітальні Юрчанка адразу падступіўся да  кніжнай шафы. Бібліятэка ў мяне, дарэчы, багатая і займае ў кватэры даволі шмат месца. Падпісныя выданні, сусветная літаратура, розныя энцыклапедыі,   даведнікі,  беларускі фальклор…
Бачу, госць прагна прыглядваецца да палічкі з кнігамі беларускіх пісьменнікаў.
— На жаль, няма тут вашых кніжак.
Георгій Фёдаравіч быццам спахмурнеў…
— А вось мой рабочы кабінет, — працягваю імправізаваную экскурсію па кватэры.
І тут паліца з кнігамі, сшыткамі, рознымі паперамі. На стале ля акна старэнькая пішучая машынка «Украіна», побач — стос кніжак… Георгія Юрчанкі. Невялічкія зборнікі пародый, слоўнікі мсціслаўскіх гаворак… Георгій Фёдаравіч іх адразу заўважыў.
— Вашыя кніжкі, як бачыце, у мяне заўсёды пад рукой. Вось толькі… без аўтографаў…
Юрчанка тут жа сеў за стол, і праз колькі хвілін на ўсіх яго кнігах з’явіліся аўтографы. На зборніку «Парнаскія ўхабы», напрыклад, было напісана:
«Міхасю Уласенку — хай на вашай адказнай і не зусім бяспечнай працы сустракаецца паменей ухабаў усялякіх, у тым ліку і парнаскіх. Подпіс, Жнівень 1985»…
Праз некалькі дзён атрымліваю з Мінска бандэроль з яго кніжкамі, якіх у мяне не было. Вядома, з аўтографамі.
Гэтыя  кнігі  былі  дарагія  мне.   І таму, што яны цудоўна напісаны. Ды заўсёды напамінаюць пра самога Георгія Фёдаравіча, які так шмат значыць   у маёй біяграфіі. Менавіта дзякуючы яму, каралю беларускай пародыі, я па-сапраўднаму палюбіў родную мову.
З маленства выхоўваўся на плыні двухмоўя. У гады вайны ў нашай хаце, якая стаяла на ўскраі вёскі, часова асталяваўся штаб ваеннага падраздзялення Савецкай Арміі. У хаце амаль кожны дзень праходзілі нейкія сходы… І ўсё — руская мова…
Пасля вайны пераросткам пайшоў у школу. Закончыўшы 7 класаў, падаўся ў Мсціслаўскае вучылішча механізацыі. Працаваў трактарыстам, служыў на Балтыйскім флоце. Затым Сібір, цаліна… Два гады — на будоўлях Брацкай ГЭС. Быў актыўным членам літаб’яднання пры брацкай раёнцы «Красное знамя», і мяне нават дэлегавалі на тыднёвую творчую канферэнцыю ў Іркуцк, дзе я займаўся ў секцыі вядомых паэтаў Аляксандра Межырава і Марка Собаля… І гэта ўсё руская  мова!.. Родная,  матчына,  калі і з’яўлялася, дык толькі ў сне. Праўда, зрэдку чытаў «Чырвоную змену», якую выпісваў карэспандэнт газеты, зямляк Іван Бязрукаў.
— У 1965 годзе нарэшце вярнуўся ў Беларусь. Завітаў да родзічаў у Крычаў, прыхапіўшы з сабой нізку сваіх вершаў — вядома, рускамоўных: можа, думаю, у мясцовай газеце надрукуюць. Рэдактар Ягор Бяспалаў пагартаў мае паперкі і тонам загаду сказаў: «У сельгасаддзел! Літрабам»…
Так я, з  сямікласнай  адукацыяй,  не здольны не тое што напісаць, але і слова вымавіць па-беларуску, стаў літработнікам раённай газеты. Праўда, усе ў рэдакцыі размаўлялі, як цяпер у нас кажуць, на трасянцы, што я ўспрымаў даволі звыкла. Пісаць жа трэба было  на літаратурнай. Вось тут я аказаўся поўным нулём. Але ў нас была машыністка Паліна Фамінічна — цудоўны чалавек і першакласная перакладчыца. Я пісаў па-руску, дыктаваў, а яна імгненна ўсё перакладала. Дзякуючы ёй, на старонках газеты  атрымліваліся неблагія карэспандэнцыі, нарысы і нават фельетоны.
У рэдакцыі была свая невялічкая бібліятэка. На стале ляжалі падшыўкі «Звязды», «ЛіМа», знаёмай мне «Чырвонкі»… Сам выпісваў і чытаў часопіс «Вожык». Так што «чытанкі» было шмат. Я стаў «сваім чалавекам»  у раённай бібліятэцы і кніжнай краме, дзе ў асноўным цікавіўся гумарыстыкай — як беларускай, так і рускай. Ды  і сам пакрыху пісаў гумарыстычныя вершы, апавяданні. Праўда, зноў жа, па-руску. Амаль усе тутэйшыя журналісты штосьці пісалі. Пры рэдакцыі было моцнае літаб’яднанне, у якім у той час удзельнічалі Віктар Карамазаў, Людміла Забалоцкая, Уладзімір Дуктаў, Апанас Палітыка…
З творчасцю ж Юрчанкі ўпершыню сутыкнуўся, здаецца, у «ЛіМе» і ў «Вожыку». Яго пародыі мяне асабліва захаплялі. Потым трапілі ў рукі невялічкія  зборнікі  «Распрэжаны пегас» і «Вярхом на «Вожыку»… У другой палове 60-х, калі ўжо крыху «абеларусіўся», прыдбаў яго «Дыялектны слоўнік» і «Народную сінаніміку». Потым пайшлі яго знакамітыя слоўнікі гаворак Мсціслаўшчыны. Аднойчы ў Магілёве (ужо ў новым тысячагоддзі) у кніжнай краме выпадкова натрапіў на  двухтомнік «Анталогія беларускай  пародыі».  У першым томе ў асноўным матэрыялы Юрчанкі, а другі — празаічны, цалкам складзены з яго твораў.  Ніхто  з сучаснікаў, бадай, не парадзіраваў столькі прозу, як ён. І гэтыя кніжкі Георгія Фёдаравіча таксама сталі для мяне настольнымі. Яны служылі мне як бы ў якасці… своеасаблівага пускача. Перш чым узяцца за напісанне газетнага чарговага матэрыялу, адкрываў якую-небудзь з іх, ці твор іншага беларускамоўнага пісьменніка, прачытваў старонку-другую, адразу настройваўся на беларускамоўны лад.
Кажуць, на якой мове пішаш, на той павінен і думаць. Адным словам, творы Юрчанкі сталі маім неад’емным хобі. Яны імпанавалі мне і сваімі мастацкімі якасцямі, і тонкім дасціпным гумарам. А яшчэ тым, што ён — мой бліжэйшы зямляк, і ў нас адна матчына мова. Чым я асабліва ганарыўся.
Захапіўшыся творчасцю  Юрчанкі, я мусіў пагнацца за двума «зайцамі». Па-першае, яго слоўнікі, ды і  пародыі таксама, асабліва празаічныя, сталі для мяне, як ужо  казаў,  своеасаблівым «трэнінгам». Іншую класіку, раманы, аповесці, канечне, чытаў, але ж на гэта трэба быў вольны час. А тут — у сканцэнтраваным выглядзе жывая мова. Прачытаеш старонку-другую, і ты ўжо настроены на моўна-стылістычны, да таго ж яшчэ і іранічны лад аўтара.
Хтосьці заўважыць: маўляў, як можна вучыцца пісаць на пародыях Юрчанкі, калі ў яго ўсё пра тое, як не трэба пісаць. Канечне, калі не мець пачуцця гумару, аналітычнага погляду на рэчы, праблема бачыцца. Але ж у гэтых, «няправільных» тэкстах ёсць свая, афарбаваная тонкай іроніяй, логіка.
Дый на пачатку вядомай «перабудовы» я канчаткова  расквітаўся са сваёй «лірыкай». Нічога істотнага, нічога новага ў гэтым жанры, як і ва ўсёй сваёй творчасці, прызнаюся шчыра, я не сказаў і не сказаў бы. Тым больш, што беларускую мову асвоіў так, што маіх «набыткаў» хапала хіба на артыкул для мясцовай газеты. Мастацкі твор патрабаваў больш трывалага і шырокага моўнага запасу. Калі беларускую класіку чытаў свабодна, згадваючы многія новыя для мяне слоўцы па кантэксце, то напісаць той жа верш, не маючы патрэбнага моўнага запасу, проста немагчыма. А беларуская мова  ў сэнсе засмечанасці мясцовымі дыялектызмамі і адвольным перайначаннем слоў, значна багацейшая за рускую. Тут ніякія слоўнікі не дапамогуць. У іх не ўсё знойдзеш, што ўжывае аўтар у сваім творы. Пісьменнік павінен (прабачце, павінны) быць першакасным мовазнаўцам.
У перадпенсійным ўжо ўзросце, знішчыўшы ўшчэнт сваю рускамоўную лірыку, я рашыў пачаць усё нанова. Абраў для сваіх творчых эксперыментаў кароткую форму — эпіграму, катрэн, міні-пародыю, у асноўным чатырохрадкоўі… Гэта потым Юрчанка назаве «карацелькамі», а «вожыкаўцы» — «церушынкамі». За чвэрць веку напісаў столькі, што нават самую мізэрную частку напісанага сёння апублікаваць наўрад ці давядзецца.
Штосьці, праўда, давалі ў «ЛіМе» ў бытнасць галоўным рэдактарам Анатоля Казлова. А ў «Вожыку» і цяпер, дзякуй, па 2-3 «церушынкі» ў квартал друкуюць.
Дык вось, на той час, калі не лічыць нашай першай неспадзяванай сустрэчы ды рэдкай перапіскі, мы з Георгіем Фёдаравічам былі, бадай што, незнаёмыя. Праз сталічных гасцей вырашыў перадаць свайму галоўнаму завочнаму настаўніку гэты першы зборнік. Якой рэакцыі мог чакаць правінцыйны «вершаплёт» ад прафесійнага парадыста, патрыярха беларускай гумарыстыкі, які, па словах яго літаратурных даследчыкаў, «з’едліва» крытыкаваў вялікіх пісьменнікаў і паэтаў, можна было толькі здагадвацца. Не стану пераказваць, як усё было далей, лепш прывяду колькі радкоў з пісьма Юрчанкі.
«…Дзякую за кніжку. Прачытаў. Шчыра зайздрошчу, колькі ў ёй трапных назіранняў, паэтычных знаходак, глыбокага пранікнення ў наша складанае жыццё.., уменне ў звычайным, паўсядзённым убачыць адметнае, арыгінальнае.  Цалкам  згодны  з  уводным словам да кніжкі  Анатоля  Казлова… А цяпер колькі слоў былога выдавецкага рэдактара…» І тут мой шаноўны маэстра, указваючы на многія моўнастылістычныя хібы, ушчэнт разбіў мяне за… «ненарматыўную, пахабную лексіку».
У цэлым жа, што самае важнае, Георгій Фёдаравіч мяне зразумеў, і тым самым надаў натхнення. А ненарматыўную лексіку можна зняць адным росчыркам алоўка. Балазе, яе не так ужо і шмат у мяне.
Неяк завітаў да мяне, будучы ў Горках, Віктар Карамазаў. Паказаў я яму тое разгромнае пісьмо, іншыя лісты. Віктар  Філімонавіч  уважліва  пачытаў і параіў: «Ты ўсё гэта захоўвай: гэта Юрчанка!»
Другая кніжка «Базар житейской суеты» выйшла пад рэдакцыяй Юрчанкі з  яго  ж прадмовай.  А  рэдагаваў  ён так. Я даслаў яму раздрукоўкі з камп’ютара і атрымаў каля паўтары сотні  істотных  паправак  і  прапаноў.   І ўступнае слова рэдактара — найвялікшы гонар, мабілізуючая натхняльная сіла — для 75-гадовага «пачынаючага» на той час паэта.
Доўга, можна сказаць, у пенсійным узросце, шукаў я тую форму, у якой мог спаўна выкласціся, рэалізаваць свае творчыя здольнасці, задаволіць сваё самалюбства, свае амбіцыі ў станоўчым разуменні гэтага слова. За сваё жыццё я прайшоў этап і лірычнага вершаплёцтва,  і  кароткага  апавядання…
Захапленне гумарам, эпіграмай, творамі  парадыстаў  Аляксандра  Іванова  і Аляксея П’янова, Георгія Юрчанкі і многіх  іншых беларускіх гумарыстаў і сатырыкаў вывела мяне на новыя задумкі.
Узяў для сябе канкрэтны жанр чатырохрадкоўе, міні-пародыю. Выйшаў у прыватным выдавецтве і зусім незвычайны зборнік — «Вершаплёт». Магчыма, нават адзіны ў сваім родзе. Падручнік для студэнтаў і школьнікаў сярэдняга і старэйшага ўзросту, для ўсіх, хто жадае лепш спазнаць хараство і магчымасці народнай мовы, развіць і ўзбагаціць свае творчыя здольнасці. У яго складзе эпіграматычныя прыказкі і прымаўкі, чатырохрадкоўі «Дробязі жыцця», міні-пародыі і эпіграмы. Ёсць раздзел практыкаванняў «Майстар-клас» — своеасаблівая тэхніка версіфікацыі, апрабаваная са школьнікамі і студэнтамі. Усё зноў жа пад рэдакцыяй Юрчанкі. Адважыўся неяк накіраваць Георгію Фёдаравічу раздрукоўку будучай кніжкі і неўзабаве атрымаў адказ.
«Прачытаў я двойчы дасланыя матэрыялы. Шмат цікавага і трапнага. Гэта ўсё просіцца ў зборнік, у кніжку. Асобныя моманты патрабуюць папраўкі. На іх я і спынюся…» Каля 160 канкрэтных паправак і заўваг!
Радавала, што Георгій Фёдаравіч заўважаў усё, што зрэдку пад маім подпісам друкавалася на старонках «ЛіМа» і «Вожыка», і аб гэтым пісаў мне ў сваіх паштоўках. Колькі доўгіх гадоў працягвалася наша завочнае  сяброўства! А сустрэўся з маім настаўнікам другі раз у жыцці толькі ў 2010 годзе на з’ездзе Саюза пісьменнікаў.
— Дзень добры, Георгій Фёдаравіч, — кажу я.
Мы сустрэліся, як старыя знаёмыя, як родныя, блізкія людзі. Мне было прыемна зноў бачыць яго. Без перабольшання: чалавек з маёй біяграфіі.
Міхаіл Уласенка