Веліч мар тваіх

125-годдзю з дня нараджэння Максіма Іванавіча Гарэцкага прысвячаецца

Пісьменнік, літаратуразнаўца, лексікограф Максім Іванавіч Гарэцкі нарадзіўся 18 лютага 1893 года ў аддаленым кутку Беларусі — маленькай, на 20 двароў, вёсцы Малая Багацькаўка Мсціслаўскага павета.
У 1909 годзе Максім Іванавіч па вялікім конкурсе паступіў у Горы-Горацкае каморніцка- агранамічнае вучылішча, якое скончыў у 1913 годзе. Вучыўся на стыпендыю, жыў у інтэрнаце, дзе стварылася невялічкае вучнёўскае таварыства аматараў маладой беларускай літаратуры. Выпісвалі «Нашу ніву», захапляліся беларускім фальклорам, «Тарасам на Парнасе», творамі Францішка Багушэвіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Янкі Лучыны, Цёткі, Змітрака Бядулі.
У 1913 годзе Максіма Гарэцкага накіравалі на працу каморнікам у Літву. Бываючы ў Вільні, ён пазнаёміўся і пасябраваў з Янкам Купалам, Змітраком Бядулем.
На пачатку Першай сусветнай вайны М. Гарэцкі — у арміі, дзе атрымаў раненне. Прайшоўшы лекаванне ў Віленскім шпіталі, прыехаў у сваю вёску.
Потым вучыўся ў Паўлаўскім вучылішчы ў Петраградзе, закончыўшы якое, ужо як прапаршчык паехаў у Іркуцк на фарміраванне часці. Пасля Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі пайшоў на савецкую службу. У 1918 годзе быў супрацоўнікам газеты «Звязда».
У 1922 годзе Максіма Гарэцкага, які ў гэты час апынуўся ў Заходняй Беларусі, арыштавалі і пасадзілі ў адзіночную камеру. Праз два тыдні яму прад’явілі абвінавачванне ў прыналежнасці да партыі камуністаў, арганізацыі тайных баявых дружын з мэтай замаху на дзяржаўную ўладу. За ўсё гэта польскім Карным Кодэксам прадугледжваўся смяротны прысуд, ці, у лепшым выпадку, катарга. Праўда, суд не адбыўся.
У 1925 годзе, знаходзячыся на савецкай тэрыторыі, Максім Гарэцкі увайшоў у склад правадзейных сябраў Інбелкульта разам з Я. Купалам, Я. Коласам, Ц. Гартным.
18 ліпеня 1930 года М. Гарэцкага арыштавалі, а 10 красавка 1931 года рашэннем калегіі АДПУ яму быў вынесены несудовы прыгавор, згодна з якім пісьменніка асудзілі на 5 гадоў высылкі ў Вятку. Пасля заканчэння тэрміна пакарання, з 1935 года ён працуе настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў Смаленскай вобласці. У студзені 1937 года яго калега Васільеў даслаў карэспандэнцыю ў газету «Известия», дзе абвінаваціў М. Гарэцкага ў контррэвалюцыйнай дзейнасці. Гэта з’явілася падставай да чарговага арышту пісьменніка. У 1937 годзе Максіма Іванавіча адправілі ў Вязьму.
Памочнік аператыўнага ўпаўнаважанага Зарубецкі склаў «Обвинительное заключение по следственному делу №13036 по обвинению Горецкого Максима Ивановича: обвиняется — будучи непримиримым врагом советской власти, в течение ряда лет проводил контрреволюционную работу, высказывал террористические и контрреволюционные намерения. Работая учителем школы, обрабатывал учеников в контрреволюционном духе».
5 студзеня 1938 года адбылося пасяджэнне «тройкі», якая пастанавіла: «Горецкого Максима Ивановича расстрелять». Прыгавор быў прыве-дзены ў выкананне 10 лютага 1938 года ў 15 гадзін.
Пісьменніка рэабілітавалі (пасмяротна) толькі ў 1957 годзе.
***
3 самага пачатку творчай дзейнасці М. Гарэцкі цікавіўся праблемамі нацыянальнага адраджэння, фарміравання беларускай мовы, народнай асветы, тэатра, літаратуры. Займаўся выдавецкай, навуковай і выкладчыцкай дзейнасцю, рэдагаваў газеты «Наша думка» і «Беларускія ведамасці».
Апавяданні Максіма Гарэцкага вызначаюцца каларытнай рэальна-бытавой манерай пісьма, дакладнасцю мастацкіх дэталяў, увагай да псіхалагічных перажыванняў герояў. Героі твораў — сяляне, інтэлігенты ў першым пакаленні, якія імкнуцца асэнсаваць навакольны свет, спазнаць вышэйшы сэнс існавання чалавека, знайсці шляхі да сацыяльнай справядлівасці.
Спалучэнне агульнанароднага маўлення з мясцовым, звычайнага з незвычайным, жартоўнага з сур’ёзным, гутарковага з кніжным, празаічнага з паэтычным стварае спецыфіку мовы твораў М. Гарэцкага, яго індывідуальны стыль, мастацкі почырк. Ужо ў першым сваім зборніку «Рунь» (1914 г.) пісьменнік клапаціўся пра народнасць і зразумеласць мовы. Ён дбаў і пра займальнасць сюжэта, імкнуўся пашырыць жанравыя рамкі беларускай мастацкай прозы (дзённікавыя запісы, лісты ці вытрымкі з іх, дакументы і інш.).
У далейшым М. Гарэцкі стварае ўзоры невядомай да яго беларусам новай апавядальнай мовы, так званага ўскладнёна-метафарычнага стылю, рытмізаванай і арнаментальнай прозы. Мастацкае апавяданне М. Гарэцкага з лірычнай імпрэсіі, элегіі, філасофскай навелы паступова пераўтвараецца ў сацыяльна-псіхалагічнае, эпічнае палатно-аповесць і раман («Ціхая плынь», «Камароўская хроніка», «Віленскія камунары» і інш.). Пісьменнік з’яўляецца першапраходцам у новай тэматыцы і ў выпрацоўцы самабытнага стылю (асабліва ў цыклах апавяданняў «Сыбірскія абразкі»).
* * *
Сёлета спаўняецца сто чатыры гады з пачатку Першай сусветнай вайны і 74 гады вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
На франтах Першай сусветнай змагаліся прадстаўнікі розных народаў, праяўляючы мужнасць і гераізм у барацьбе з ворагам. Сярод іх былі і прадстаўнікі беларускай творчай інтэлегенцыі, у тым ліку і Максім Гарэцкі. Аб тым, як самааддана змагаліся нашы воіны пры абароне сваёй Айчыны, пра іх подзвігі, цяжкі, а часам і трагічны лёс, я падлеткам чуў ад свайго дзеда Пятра Аўрамавіча Падашэўкі і яго брата Максіма Аўрамавіча. Нажаль, запісаць іх успаміны не давялося. Запоўніць гэты прабел мне дапамог твор Гарэцкага «На імперыялістычнай вайне».
Вось што піша сучаснік тых трагічных падзей на гісторыі нашага народу пра пачатак вайны, пра баявыя дзеянні на фронце:
— Зварот камандзіра батарэі да салдат на пачатку вайны: «Вось, братцы! Пракляты наш вораг — Нямеччына — захацела пакрыўдзіць адзінаверную з намі, рускімі, невялічкую Сербію. Але наш бацюшка цар гэтага не дапусціць… Мы першыя не пачнем, але калі Нямеччына палезе, мы разаб’ем ёй морду ў квас. Яна, пархатая, зажырэла, бо ўжо сорак год не ваявала. Дык мы ёй пакажам!..»
Я спачатку не мог сабраць думак, уцяміць усяе важнасці пачутага, але неяк мімаволі ўсцешыўся, што не трэба мне будзе цягнуць астрожнае жыццё цэлых два гады, што жыццё пойдзе ўжо цікавейшае, што я трапіў у кашу лоўка.
Я задумаўся і над словамі камандзіра. Няўжо ж можна намовіць салдата ісці на вайну з уздымам пачуцця, каб бараніць нейкую Сербію «адзінаверную»? Калі яна далёка не для ўсіх нашых батарэйцаў адзінаверная, бо ёсць мусульмане, іудзеі, каталікі. І якія непрыгожыя словы — «зажырэла», «пархатая», «морду ў квас», што я нават і не чакаў ад нашага камандзіра.
Ноччу 19-20 ліпеня Нямеччына абвясціла вайну Расіі…
Дачакаліся. А ўсё яшчэ ішло нібы жартам.
Пасля бою размова начальніка атрада па тэлефоне:
— «Няма сілы сабраць. Можа, тыл падбярэць. Не меней як 700 вінтовак. Болей як 2000 чалавек… Алё! Ляжаць ланцугамі, калонамі. Бог ведае, ці яны раненые спаўзліся і памёрлі кучамі, ці так адразу пабітыя. Артылерыя і кулямётчыкі работалі на славу! Рад старацца, ваша благароддзе».
— «Нарынулі ўспаміны аб сваёй роднай снежнай зіме са скрыпуча-лёгкімі санкамі на замеценай дарозе, з зялёным сенам у яслях у пуні, дзе грэюцца, спусціўшы галовы, нашы гнядыя коні. Прыемна яно. На вайне я люблю яго, далёкае, роднае. А тут так цяжка… Чаму? Што хлеба няма? Ці што людзі — не людзі, а быдла? І таму, і таму, і таму…»
— «Жывеш тут нямыцькай, ваюючы з вашамі, і хцівым сабакам кідаючыся на вядро з казённай бурдою.
Грымяць гарматы, нягледзячы ні на дождж, ні на холад, ні на гразь, ні на цямноту ночы. Грымяць…Нашто і за што?
Недалёка, кажуць, Коўна. Вёрст 10-15. Едзем на пазіцыю. І зноў круцяцца над намі нямецкія аэрапланы. А дзе ж вораг?»
— «Тыя сацыялісты, што адразу заявіліся «паражэнцамі», за сваю цвёрдасць духу маюць будучыню. Не баюся ў гэты момант саглядатаяў — хай прачытаюць маю кніжачку і расстраляюць палявым судом… Толькі… ці надоўга ў мяне гэтай смеласці?»
— «За сённяшні дзень батарэя выпусціла 426 шрапнеляў і 114 гранат. Ну і дзянёк быў! Але годзе апісання баявых прыгажосцей…
Дзевяты дзень бою на гэтай пазіцыі…
Сёння пабіў сваіх вошай. Мыт у мяне і Беленькага. Ці не ад бульбы? Ядзім з кухні толькі ўвечары, бо ўдзень пад’язджаць кухні забаронена. Паглядзець згары, дык здасца, што тут — мёртвае поле, нікога няма, ніхто не едзе і не ідзе, нічога нідзе не варушыцца, пустыня… А колькі сядзіць тут людзей, як мышэй у норах…
Прывезлі трохі хлеба, выдалі па 21 крошцы (кавалку) цукру.
У ногі сцюдзёна. Боты працякаюць.
Выпарацца б у лазні, надзець чыстую кашулю, павячэраць смачна і легчы спаць у цёпленькім. Нічога болей не хачу на свеце!
Ах ты, доля мая, доля! Доля горкая мая!
І не адна мая: цэлых мільёнаў».
— «Прыйшла «Наша ніва» за 25 верасня. Колькі радасці прыносіць мне наша друкаванае «мужыцкае» слова! Нервы мае распускаюцца… Але чаго мне саромецца, што я тут, на гэтай праклятай вайне, з нежаданымі спазмамі ў горле і прыкрымі хваравітымі слязьмі на вачах цалую лісты з дому і «Нашу ніву» з Вільні? Чаму саромецца мне? Эх вы, слёзы, слёзы, дурные вы слёзы: не засцілайце мне вачэй. І ты, дурное сэрца, не сціскайся болем і жалем.
У нумары — «Летапісцы» З. Бядулі.
Прабаваў сёння ўсведамляць аднаго салдата-беларуса з нашага пяхотнага прыкрыцця. Прачытаў яму кавалачак з «Летапісцаў»… Ён зразумеў мяне і сказаў: « Калі так, як кажаце, дык Беларусь павінна быць. Што ж, ці мы чым горшыя за другіх? Гэта добра, гэта справядліва, што трэба свабоды, зямлі чалавеку…» Гэта лоўка!»
***
Такім чынам, Максім Гарэцкі пісаў пра тое, што Першая сусветная вайна прынесла шмат гора нашаму народу, усяму чалавецтву. Гэты жах не павінен паўтарыцца. Гарантыя таму — наша моладзь, якая ў свой час будзе вяршыць лёс людзей, а яна выхоўваецца ў духу патрыятызму, самааданай любові да сваёй Айчыны. Яна знойдзе ў сябе сілы, каб выканаць гэту няпростую задачу — прадухіліць магчымасць узнікнення полымя новай вайны, а ў самым крайнім выпадку — даць ворагу належны адпор.
Вядомы навуковец і грамадскі дзеяч, пляменнік пісьменніка — акадэмік Радзім Гарэцкі звяртае увагу на тое, што «Запіскі на імперыялістычнай вайне» сталі пачаткам шэрагу твораў беларускай прозы антываеннага накірунку, які потым працягваў Васіль Быкаў.

Веліч мар тваіх — у новае стагоддзе.
Як нам жыць? — адвечнае пытанне.
Адкажы, будзь ласкаў, пры народзе,
Прызначай, Максім, сынам сваім спатканне.
Зноў чытаю твае творы,
Беражліва перагортваю старонкі —
Прад вачыма паўстаюць жыцця ўзоры,
I душа з душой вядуць гамонкі.
Раскажы ты, братка
Беларус,
Пра жыццё тваё. Нам кепска і балюча:
Кат адняў яго ў цябе дзеля спакус.
Дзе знайсці нам рады і вады гаючай?
Як цябе ў жыццё нам уваскрасіць,
Зноў адчуць твой гмах і сілы,
I працягвае цябе народ любіць,
Шанаваць, пясняр наш мілы.
Арышт, допыт, здзекі, краты —
Вытрымаў ты ўсю муштроўку,
Ідучы з бацькоўскай хаты,
У руках заўжды трымаў пяро-вінтоўку.
Зараз усе твае нашчадкі
Адраджаюць нашу мову,
Пераменьваюць жыцця парадкі,
Прастор даюць твайму слову.
Веру я, што сінявокай кветкай
Красавацца будзеш у родным полі,
Стане ў гэтым добрай сведкай
Твой народ, прадвеснік лепшай долі.

Віктар ПАДАШЭЎКА, кандыдат філасофскіх навук дацэнт Беларуска-Расійскага універсітэта, г. Магілёў