Дарогі і сцяжынкі

Да адыходу пасажырскага цягніка Магілёў-Мінск заставалася яшчэ каля паўгадзіны, але людзі ўжо тоўпіліся ў чэргах каля вагонаў. Большасць – з ладнымі сумкамі, каробкамі, падарункавымі яркімі пакетамі. Адчувалася пераднавагоддзе. Толькі вось надвор’е ў сугучнасці са святам не было. Замест сняжку і марозцу, стаяла шэрая золкая раніца, з пранізлівым ветрам, ішоў дождж, то дробнай, лянівай імжой, то буйнымі пырскамі. Здавалася, што гэта самота пранікае ўнутр, лезе пад вопратку, у самую душу. Прыкра, мусіць, было стаяць на ветры і правадніцы апошняга, адзінаццатага, вагона цягніка, маладзенькай дзяўчыне ў форменным сінім адзенні, якое вельмі ўжо дапасавала да яе твару і фігуры. Яна хуценька прабягала вачамі білеты пасажыраў і ветліва запрашала іх у вагон, яшчэ раз нагадаўшы неабходны нумар месца. Людзі не прымушалі сябе чакаць, бо так хацелася ў цёплае нутро цягніка, зноў адчуць утульнасць і камфорт жыцця.
Яніна таксама з задавальненнем месцілася ў сваёй плацкарце, радавалася чысціні, цяплу, лірычнай мелодыі, што лілася з дынамікаў. На гэты раз ёй яшчэ і пашанцавала: дасталося любімае месца па ходзе цягніка, каля акна. Яшчэ крышку – і састаў крануўся, паціхеньку паплыў, пакалыхваючыся, стаў набіраць хаду. Колы вялі свой адвечны мерны перастук: тутух- тутух, тутух-тутух. Гэтыя гукі заспакойвалі, настройвалі на філасофскі лад: сядзі сабе, разгадвай красворд або кніжку чытай, пацягвай пахучую чорную каву, якую прынесла па заказе правадніца, і думай без перашкод аб чым табе заўгодна. Яніна любіла свае частыя камандзіроўкі, выпадковых спадарожнікаў, часам здараліся і вельмі цікавыя новыя знаёмствы.
Але, відаць, у гэты раз ёй прыйдзецца ехаць моўчкі. Адзіная суседка па плацкарце, інтэлегентная жанчына гадоў шасцідзесяці, толькі павіталася ўвайшоўшы, зняла паліто і адразу ж палезла на верхнюю спальную лаўку. Нешта бясконца круцілася там з боку на бок, уздыхала, і па ўсім відаць было, што ёй не да размоў. “Ну што ж, і такое бывае, – падумала Яніна. – Можа, у чалавека якія клопаты, непрыемнасці, а мо проста стаміўся ці не выспаўся”.
Яе роздум перапыніла правадніца:
– Не жадаеце: чай, кава?
– А чаму б і не, калі ласка, – каву без цукру і маленькую шакаладку.
– І мне таксама, будзьце ласкавы, прынясіце моцнага чаю, салодкага, – пачулася з верхняй лаўкі.
Праз некалькі хвілін суседкі сядзелі насупраць адна другой за столікам. Пазнаёміліся, разгаварыліся. Аказалася, што ехаць ім разам яшчэ доўга. Яніне – у сталіцу, а Ганна Ігнатаўна, так звалі новую знаёмую, сыходзіла раней, у Асіповічах, дзе жыве яе сястра. Прагаварылі ўвесь шлях. Сустрэча тая надоўга запамяталася Яніне, бо зачапіла за жывое, жаночае, мацярынскае…
Ганна Ігнатаўна лічыла сябе надзвычай шчаслівай жанчынай. Са сваім Пятром Засекіным у інстытуце пазнаёміліся, хоць родам былі з адной мясцовасці, яна – з Клімавіч, ён – з раёна. Хлопец вучыўся на гістарычным факультэце, яна – на філалагічным. Абодва любілі паэзію, бегалі разам ў кіно, на танцы, часам Пеця запрашаў яе ў тэатр. І ў студатрадзе разам папрацавалі на зборы памідораў у Астрахані. Колькі шчасця, радасці было тады ў кожным дні, як было ім весела разам, хлопцам і дзяўчатам, колькі песень пад гітару спета, колькі матчаў валейбольных згуляна! І калі чарговая іх вясна напаіла паветра водарам свежай маладой лістоты, дурманіў галаву шалёны пах квецені садоў, нясмелы Пятро, нарэшце, прызнаўся ёй у каханні, прапанаваў стаць яго назаўсёды. Яна пагадзілася і ніколі пасля аб тым не шкадавала. Вярнуліся на малую радзіму, пабудавалі прыгожы і прасторны дом. У яе было ўсё, аб чым толькі можна марыць: дзве дачушкі, разумніцы і прыгажуні, муж, які кахаў, шкадаваў, забяспечваў. Жылі ў міры і згодзе, разам працавалі ў школе, а пасля, калі дзеці сталі падрастаць ды пачаліся ліхія 90-я, яе Пятро, як і многія тады, падаўся ў камерцыю. Грошай хапала, як кажуць, і на хлеб, і да хлеба. Сям’ёй не аднойчы ў Крыму адпачывалі, і сваю родную Беларусь абкалясілі: і на Нарачы былі, і на Браслаўскіх азёрах. Здаецца, тут было лепш, чым дзе!
Час ішоў. Старэйшая дачка стала музыкантам, замуж выйшла за маладога лейтэнанта, выпускніка ваеннага вучылішча, і звёз ён іх крывіначку Наталлю аж на Камчатку, апошні рубеж Расіі. Думалася, не надоўга. Але ў жыцці часовае атрымліваецца самым што ні на ёсць пастаянным. Так і засталіся яны там, ужо колькі год як кватэру ўласную маюць. Добра ўсё ў іх, адно рэдка прыязджаюць: як водпуск – то на Чорнае мора, то ў Егіпет, Турцыю. А маці? Доля мацярок такая: любіць, чакаць, хвалявацца…
Турбуецца ж Ганна Ігнатаўна, як і заўсёды, за сваю меньшую дачку Таццяну. Не, добрая яна ў яе: самастойная, уважлівая, гаспадынька здатная. Сямейнай стала позна, усё ніяк не магла знайсці сваю палавінку. Толькі аджартоўвалася на маціны пытанні: ”Пакуль усіх сваіх сябровак замуж не выдам, сама не пайду!” Так і атрымалася. Знайшоўся ж ёй муж ў іхнім жа гарадку. Відны хлопец, праграміст па адукацыі, працаваў у нейкай фірме ў Мінску і яго там цанілі як добрага спецыяліста. Маладыя пажадалі, каб вяселле ім не ладзілі, а на падораныя роднымі грошы з’ездзілі ў падарожжа ў Італію. Жыць жа маглі побач з бацькамі, у райцэнтры ў зяця была аднапакаёвая кватэра, якая засталася яму ў спадчыну ад бабулі, але ж не – у сталіцу, і толькі!
У маладых, як вядома, свае патрэбы, хочацца жыць ярка, каб усё было і адразу. Гэта сталыя людзі на сваіх дачных 6 сотках адпачываюць, а ім больш па душы начныя дыскатэкі, боўлінг-клубы, кафэ, шашлыкі за горадам з сябрамі і г.д. Уласных заробкаў па сталічных цэнах ім яўна не хапала, тым больш, што здымалі жыллё. Таму бацькі з двух бакоў лічылі натуральным і неабходным дапамагаць ім.
Затым у Ганны Ігнатаўны здарылася самае страшнае, што магло толькі з ёй здарыцца: раптоўна памёр яе Пятро, лёг спаць – і не прачнуўся. А яна так звыклася з ім, зраслася за ўсё жыццё. Яго не стала, яна стала не жыць, а проста існаваць. Прайшлі восень, зіма, адкрасавала вясна, і зноў прыйшло гарачае лета, а яна па-ранейшаму не адчувала, не бачыла наўкол фарбаў, усё было аднолькавае, нуднае і шэрае… Разбудзілі, вярнулі прагу да жыцця словы Таццяны: “Мамачка, я чакаю дзіця! У мяне будзе хлопчык!” Як нарадзіўся Мікітка, зяць прывёз іх да яе на пабыўку. Гэта былі самыя шчаслівыя дні, калі яе перапаўняла, захлёствала пяшчота, і яна, маці і бабуля, была так неабходная дачцэ і ўнучыку. Яна якраз выйшла на пенсію і ўсю сябе прысвяціла ім. Між тым хлопчыку споўнілася месяцы тры, і зяць запатрабаваў, каб Таццяна вярнулася ў Мінск. Але ж як ім з малым туляцца на чужых вуглах? Удзень і ноччу жанчына раздумвала над складанай задачай: як дапамагчы дзецям? Так, дзецям, бо свайго меньшага зяця, Андрэя, яна інакш і не клікала, толькі “сыночак!”, так называла яго і пра сябе. Аднойчы сваты прапанавалі: ”Давайце разам збяромся ды купім маладым у сталіцы кватэру!”. Добра казаць: там нават аднапакаёвая каштуе тысяч 50 долараў! Бацькі зяця маладзейшыя, удваіх працуюць, гаспадар яшчэ і на заробкі часам ездзіць. А ёй дзе ўзяць такія грошы? Ганна Ігнатаўна аддала свае зберажэнні, узяла крэдыт у банку (на даходы з пенсіі ён атрымаўся невялікі), а неабходнай сумы ўсё ровна не магла сабраць.
Аднойчы дзеці прыехалі да яе, і Андрэй за вячэрай прапанаваў: “Ганна Ігнатаўна, у мяне ж кватэра добраўпарадкаваная стаіць пустая, а вам у такім вялікім доме, без гаспадара, адной цяжка. Можа б, вы пераехалі ў маё жыллё, а свой дом прадалі, ён жа нямала каштуе. І вам добра будзе, і нам.” Па твару дачкі жанчына зразумела, што ўсё паміж імі даўно абумоўлена, ды, відаць, яна сама на такую прапанову проста не адважваецца. Цяжка было жанчыне развітвацца са сваім домам. Паспрабуй перасадзі старое дрэва: ці прыжывецца на новым месцы? Так і яна, але нікуды не дзецца. Галоўнае, каб дзеці былі шчаслівыя…
Кватэру дзецям купілі, але нават гаварыць аб “жыць” у ёй не прыходзілася, бо ўнутры патрэбна было мяняць літаральна ўсё, апроч сцен. Пачалі рамонт, які зноў патрабаваў процьму грошай, а жылі па-ранейшаму на здымнай кватэры. Дапамагчы ім ёй ўжо не было чым. Ездзіла да іх, каб пацешыцца ўнукам, была з ім за няньку, калі ў дачкі ішлі сесіі ва ўніверсітэце, яна ж вучылася завочна. Неяк неўзабаве стала заўважаць, што Андрэй цураецца яе, не хоча размаўляць. Далей – болей. Стаў грубым, на ласкавае “сынок” толькі грукаў дзвярыма перад самым яе носам. Мог з’едліва кінуць: “А, даўно не бачыліся!” Аднойчы яна хацела нешта параіць наконт унука, а ён са злосцю выгукнуў: “Ваша думка мяне не цікавіць! І ўвогуле, я не хачу вас бачыць!”. Так з ёй ніхто і ніколі не размаўляў! Сэрца зноў зайшлося ад крыўды і болю. Бачыла, што і Таццяна аддаляецца, падпадае пад уплыў мужа. Спрабавала гаварыць з ёй, а ў адказ: “Ты б, мама, трохі менш заўважала, а то ўсё чуеш і бачыш! Не чапай яго, у нас цяжкі перыяд, жыллё ўласнае ёсць, а жыць вось тут будзем вечна?!” У чым была яе віна перад дзецьмі? Што рабіла не так? Яна ж заўсёды была побач з імі, дапамагала чым магла, днямі займалася з унучыкам, даглядала яго, лашчыла. Пакуль маладыя прыбягуць пасля сваіх спраў да дому, дык у кватэры прыбрана, ежа прыгатавана.
Так і пайшло ў іх з зяцем. Калі ён дома, то яна з Мікіткам з дзіцячага пакою не паказваецца. Чуе: сябры прыходзяць – Андрэй з імі шчыры, добразычлівы, вясёлы, пайшлі – другім чалавекам становіцца. І да Таццяны стаў чапіцца, усё яму, як той ліхаце, не так! Не так даўно запатрабаваў, каб нагі цешчы ў іх кватэры не было. Так што цяпер ёй трэба прасіць дазволу ў яго, каб прыехаць на ўнука паглядзець…
А тут і Новы год надыходзіць, Каляды. Вось і выбралася яна зноў у дарогу, едзе да сваіх самых любых і родных людзей, яны ж – яе сям’я. Ці чакаюць, як сустрэнуць? Але спачатку зазірне да сястры, таксама ж даўно не бачыліся.
Ганна Ігнатаўна зышла з цягніка на патрэбнай станцыі. Яніна яе правяла, на развітанне пажадалі адна другой светлых святаў і добрага настрою.
Цягнік ужо даўно адлічваў кіламетры чыгункі. А Яніна ў роздуме ўсё стаяла ў тамбуры вагона. Ёй было балюча за сваю спадарожніцу і неспакойна на душы, бо і яна таксама жонка, маці двух сыночкаў: “Крый Божа апынуцца ў такой сітуацыі!”
Праз тарцовае акно тамбура жанчына ўсё назірала, як хутка мільгаюць шпалы, бягуць – разыходзяцца сталёвыя рэйкі, праносяцца за вакном палі і лясы, ахутаныя шэранню. Вось так і жыццё, імчыць і імчыць. У кожнага ў ім свае дарогі, свае сцяжынкі. Па якіх трымаць шлях, як не памыліцца, не прагледзець галоўнае, не страціць?
Ужо седзячы ў вагоне, Яніна адарвалася ад сваіх думак і зірнула на неба. З самага краю яго пасвятлела, скрозь хмары прабіваліся нясмелыя касыя сонечныя прамяні – стрэлы. Яшчэ якіх паўгадзіны – і яркае святло пралілося на неабсяжныя абшары. Яніна ўсміхнулася: добры знак!
Ніна ІЗОХ,
г. Клічаў