«Залаты» юбілей пісьменніцы
У Горках прайшоў творчы вечар, прысвечаны юбілею мясцовай пісьменніцы Наталлі Ніканчук.
З гэтай нагоды ў раённым гісторыка-этнаграфічным музеі сабраліся яе калегі, сябры і родныя. Са святочнымі віншаваннямі выступалі нястомныя працаўнікі горацкага паэтычнага цэху, прадстаўнікі афіцыйных устаноў, аднадумцы Наталлі Валянцінаўны, прыхільнікі яе таленту. Сама юбілярка ўзгадала пачатак свайго літаратурнага шляху, чытала вершы розных гадоў, распавяла пра бліжэйшыя творчыя планы.
У якасці вядучай мерапрыемства выступала Людміла Дзеружкова, кіраўнік народнага літаратурнага аб’яднання «Роднае слова», актыўным удзельнікам якога з’яўляецца і Наталля Ніканчук. Сярод іншых членаў арганізацыі — выкладчыкі акадэміі, настаўнікі, журналісты, мясцовыя паэты і пісьменнікі.
Падчас свайго выступлення юбілярка падкрэсліла, што ёй яшчэ з дзяцінства бацькі прывілі любоў да друкаванага радка. Таму зусім невыпадковым стаўся першы верш, які з’явіўся на старонках Круглянскай раённай газеты «Сельскае жыццё» у далёкім 1995 годзе. Гэта быў пачатак творчага шляху юнай пісьменніцы. Яна прачытала перад прысутнымі той дэбютны верш «Няма спакою на Зямлі…»
Потым яе творы друкаваліся ў часопісах і зборніках, удзельнічалі ў розных конкурсах. Дарэчы, у шэрагу іншых дасягненняў горацкай паэткі — перамога ў абласным конкурсе маладых літаратараў з цыклам вершаў «Я не зайздрошчу, я проста жыву…» У 2008-м пад псеўданімам Лія Родная выйшаў у свет зборнік вершаў «Любоў — крылатая істота», а яшчэ праз некалькі гадоў — дэтэктыўны раман «Иоланта».
«Мае кнігі — гэта спроба ўцёкаў ад шэрай звычайнасці, ад нуды і расчаравання ў краіну цудаў, — кажа пісьменніца. — Мне хацелася б адарвацца ад зямлі, быць неардынарнай, эксперыментаваць». Работа бухгалатарам у пасялковым Савеце, кафедра матэматычнага мадулявання Беларускай сельгасакадэміі, працоўныя будні ў аддзеле эканомікі райвыканкама, у падатковай інспекцыі — на такім празаічным фоне адбывалася паэтычнае станаўленне пісьменніцы і паэткі.
Наталля Ніканчук плённа супрацоўнічае з мясцовымі кампазітарамі — на вечарыне прагучала некалькі песень на яе словы і музыку Ганны Калікінскай. «Вашы вершы добра спалучаюцца з музыкай», — прызналася пасля выканання аднаго з такіх лірічных нумароў Надзея Курбасава, выканаўца песень Наталлі Ніканчук.
Дзіцячая літаратура — яшчэ адзін накірунак у творчасці пісьменніцы. Яна тлумачыць, што ўвогуле пачынала пісаць менавіта пра дзяцей і для дзяцей — сваіх уласных, у першую чаргу. З выразным чытаннем твораў на гэтую тэму выступілі на вечары навучэнцы тэатральнага класа «Светлячок» Марыя Калтуненка, Анастасія Кішкун і Алёна Тарасенка.
Журналіст і пісьменнік Міхаіл Уласенка ў сваім віншаванні выказаў думку, што Наталлі Ніканчук «падуладныя ўсе жанры… Акрамя сумнага». Але ж больш за ўсё знакамітага сатырыка турбавала тое, што Наталля Валянцінаўна да гэтага часу не ўваходзіць у склад Саюза пісьменнікаў, і ён паабяцаў са свайго боку ўсялякую падтрымку і дапамогу.
Юбілярка прызналася, што атрымлівае сапраўднае задавальненне, калі піша на беларускай мове: «У сваёй творчасці я ўвесь час карыстаюся роднай мовай, мне так зручней». Цікава, што некаторыя з твораў, па словах Наталлі, першапачаткова напісаныя па-беларуску, потым перакладаліся на рускую.
Не абыйшлося і без слоў удзячнасці ад мясцовых улад. Дырэктар музея Святлана Макеева агучыла віншавальны ліст ад аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама, у якім была ацэнена роля юбіляркі ў культурным жыцці рэгіёна.
Ганна Аронава павіншавала калегу ў вершаванай форме, прадэманстраваўшы свае здольнасці ў мудрагелістай і наватарскай рыфмоўцы. Даволі ўзрушаным і па-добраму імправізаваным атрымаўся выступ журналіста Мікалая Панкратава: «Вось так спяшаўся, што букет на агародзе суседкі набраў». «Нічога, мне вельмі падабаюцца простыя кветкі», — засмяялася юбілярка.
Напярэдадні ў той жа зале адкрылася юбілейная выстава горацкага мастака Леанарда Сінайскага, якому споўнілася 80 год. «Сёння мае карціны ўсміхаюцца для вас», — сказаў у сваім віншавальным звароце знакаміты мастак.
Магчымасць павіншаваць Наталлю Валянцінаўну і звярнуцца з цёплымі словамі атрымалі яе родныя, што прысутнічалі на сустрэчы, — муж, дачка і бацька. Прамова бацькі пісьменніцы Валянціна Васільевіча была асабліва цікавай, бо ён закрануў такую тэму, як месца паэта ў сучасным жыцці, на прыкладзе ўласнай дачкі. «Паэтам сёння цяжка быць…», — сказаў ён і пажадаў дочцы апраўдваць давер чытачоў і атрыманае званне паэткі.
Напрыканцы вечарыны Лія Родная падзялілася з гасцямі сваімі планамі на будучыню. «Хочацца выдаць хаця б тое, што ўжо напісана», — зазначыла яна і крыху расказала пра гатовую да выдання новую кнігу. «Гэта будзе дэтэктыўны раман, дзеянне якого адбываецца ў Горках у дзевяностыя гады мінулага стагоддзя. Прызнацца, пра тыя часы мне пісаць неяк лягчэй, чым пра сённяшні дзень». Застаецца толькі гадаць, наколькі рэальнымі будуць персанажы і сітуацыі ў творы пісьменніцы.
Многа моў на свеце, вельмі многа,
Ды гучыць лагодней усё ж свая —
Тая, што з матулінай падмогай
Нас люляла, песціла, вяла.
Любасці ў гаворцы так багата,
Што прыемна чуць і вымаўляць.
Вось паслухайце: зямля, матуля, хата,
Сонейка, крынічка, сенажаць…
Многа гарадоў прайшоў і весяў,
Шматгалоссем поўніцца зямля.
Ды нідзе не чуў такіх я песняў,
Гукаў, каб б за сэрца ўзяла.
Слова нашае — багацце незямное,
Божай ласкаю сышло яно з нябёс.
Ушаноўвайце, як самае святое,
Тое, што як хлеб, як плён, як лёс!
***
Ізноў табе пішу санэты,
Хоць адшумеў зялёны май,
Мае жаночыя сакрэты
Ты ўсур’ёз не ўспрымай.
Няхай нам разам будзе ўсцішна
І разам будзем гараваць,
У нас адна па жыцці сцежка:
Нам Бог даў мудрасць дараваць.
Даруйце любым выбачэнне,
І ўмейце аддаваць спаўна
Сваю любоў, сваё натхненне,
Свае вытокі з-пад пяра.
***
Усё праходзіць, як звычайна,
Кладуцца на асфальт лісты,
Як быццам просячы адчайна
Вярнуць цяпло былой вясны.
Лістоў далоні просяць свету,
Жывога соку і дажджу…
І гінуць пад парывам ветру,
На сцежку сцелюць паранджу.
Лістоў трымценне не кранае
Душы зчарсцвелай глыбіню,
Кладу свой крок і дакараю
Сябе за антыдабрыню.
Сяргей КСЯНДЗОЎ,
Людміла ДЗЕРУЖКОВА, г. Горкі
Фота Міхаіла Ляўцова