Каб радавалася сэрца…

Лес – асноўны сыравінны рэсурс Клічаўшчыны, займае 56% яе тэрыторыі. Як толькі мы яго не называем: загадкавы, уцеха для душы, лес-бацюхна. І хто з нас лес не любіць? Але ёсць людзі, якія прысвяцілі яму жыццё. Яны могуць гаварыць аб ім гадзінамі, пранікаць у яго таямніцы і прызнаюцца: лес зацягвае, не адпускае, ён валодае магічнай сілай. З гэтай кагорты і Аляксандар Мікалаевіч Лазаковіч – ляснічы Доўгаўскага вопытна-вытворчага лясніцтва ДЛГУ “Клічаўскі лясгас”. Работнік лесу для Аляксандра Мікалаевіча – гэта і прафесія, і прызванне. Так сцвярджаць ёсць падставы: стаж у галіне ўжо больш 14 гадоў, на пасадзе ляснічага больш 10 гадоў. Адметна: класнае званне “Ляснічы 1 класа” Аляксандру Лазаковічу прысвоена ў 2015 годзе, датэрмінова, што не так часта здараецца. Падставы – прафесіяналізм, высокія паказчыкі лесагаспадарчай дзейнасці Доўгаўскага лясніцтва, якое на працягу апошніх 7 гадоў трымае лідыруючыя пазіцыі ў лясгасе. Не выключэнне — і год сёлетні, калектыў лясніцтва заняў 2-е месца ў Клічаўскім лясгасе па выніках работы за першае паўгоддзе.
За добрасумленную працу Аляксандар Лазаковіч неаднаразова заахвочваўся Ганаровымі граматамі ДЛГУ “Клічаўскі лясгас”, Магілёўскага ДВЛГА, у 2014 годзе – узнагароджаны Граматай Мінлясгаса, яго партрэт быў занесены на раённую Дошку гонару. Але самая важкая ўзнагарода – званне “Лепшы ляснічы года”, якога Аляксандар Мікалаевіч быў ўдастоены па выніках працы ў 2015 годзе як пераможца прафесійнага рэспубліканскага конкурсу.
“Адказны і кампетэнтны кіраўнік”, “чалавек справы”, “сапраўдны прафесіянал” – такімі эпітэтамі характарызуюць ляснічага калегі па працы. Па натуры ж Аляксандар Мікалаевіч — чалавек энергічны, з моцнай дзелавой хваткай, са здаровымі амбіцыямі. Сярод жыццёвых дасягненняў – дзве вышэйшыя адукацыі, па адной з іх – інжынер лесу, прычым дыплом Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта – з адзнакай (2002 год). Па другой – эканаміст-менеджар, якую атрымаў у Акадэміі пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь у 2012 годзе.
Сапраўды, А.М. Лазаковіч валодае ўсім, каб быць адным з лепшых у прафесіі: ёсць грунтоўныя веды, вопыт, і што самае важнае – жаданне працаваць і гаспадарыць так, каб захаваць і перадаць нашчадкам лес, унікальнае прыроднае багацце краю. Тым больш, што на тэрыторыі Доўгаўскага лясніцтва, якое займае 17,8 тысячы га, знаходзіцца частка (каля 5,2 тысяч га) земляў рэспубліканскага гідралагічнага заказніка “Астравы Дулебы” – самага вялікага па плошчы на Магілёўшчыне. З 2013 года гэты заказнік уключаны ў спісак тэрыторый аб’ектаў, ахоўваемых Рамсарскай канвенцыяй аб водна-балотных угоддзях, якія маюць міжнароднае значэнне галоўным чынам у якасці месцанасялення вадаплаваючых птушак. Гэта да многага абавязвае.
Ніна Ізох