Дзень пажылога чалавека адзначылі ў СШ №6

Кожны год 1 кастрычніка наша краіна адзначае Дзень пажылога чалавека. І хоць гэта свята не такое маштабнае, як іншыя, але яно прымушае нас азірнуцца вакол і больш уважліва прыглядзецца да тых людзей, якія ўжо даўно выйшлі на пенсію, аднак працягваюць знаходзіцца побач з намі на сваіх рабочых месцах. У кожнай навучальнай установе вельмі часта можна сустрэць вахцёра, тэхнічный персанал і нават настаўніка, якія дасягнулі ўжо пажылога ўзросту.
У гэтым годзе Дзень пажылога чалавека супаў з традыцыйным Днём беларускага маўлення, і ў нашай школе вырашана было аб’яднаць гэтыя дзве падзеі ў адно свята, якое прайшло ў выглядзе акцыіі «Пажылы чалавек побач з намі».
Вучні сярэдняй школы №6 Магілёва сваімі рукамі змайстравалі дрэва, якое назвалі «Дрэва дабрыні, шчырасці і падзякі». Яно было ўпрыгожана рознакаляровымі стужкамі, на якіх трымаліся чырвонабокія яблыкі. На кожным яблыку дзеці напісалі пажаданні на беларускай мове. Запрашаючы пажылых работнікаў школы падысці да гэтага дрэва, дзяўчаты ў нацыянальных касцюмах віншавалі іх шчырымі словамі, прапаноўвалі зняць з галінкі дрэва яблык з пажаданнямі і ўручалі падарункі, загадзя падрыхтаваныя прафсаюзным камітэтам. Гэта невялікае мерапрыемства атрымалася вельмі душэўным і кранальным.
Т.М. Пратасава, класны кіраўнік 7 класа СШ №6 Магілёва