У Глушы — не ў глушы

У сярэдзіне ХIХ стагоддзя праз беларускія землі пралёг тракт з Масквы да Варшавы працягласцю 1066 кіламетраў. У розныя часы яго называлі Варшаўскай, Брэст-Літоўскай, Маскоўскай шашой. Але часцей за ўсё — «Варшаўкай». Расійскі імператар Аляксандр I, праязджаючы па тракце, бачыў непрыглядныя паселішчы і загадаў будаваць уздоўж дарогі па казённых узорах правільныя вёскі. Адна з іх — Глуша, далейшаму развіццю якой садзейнічала адкрыццё шклозавода і дрэваапрацоўчых промыслаў. Тут працавалі лакамабільны рухавік, млын, прыдарожная карчма, а пазней — першае на Бабруйшчыне паштовае аддзяленне. 

З першых гадоў савецкай улады былі адкрыты фельчарскі пункт, рэарганізаваны ва ўрачэбную амбулаторыю, пачатковая школа, дзіцячыя яслі-сад, хата-чытальня. Пазней навучэнцаў прыняў новы будынак школы. Будаваліся жылыя дамы для завадчан. Рабочы пасёлак электрыфікавалі. У клубе з’явілася кінаўсталёўка «Камінтэрн».
Глуша стала цэнтрам Рымавецкага сельсавета Бабруйскай акругі, а пазней Глушанскага пасялковага Савета Магілёўскай вобласці. Улетку 1935 года вёска атрымала статус рабочага пасёлка. З торфапрадпрыемства да шклозавода працягнулася амаль 20-кіламетровая вузкакалейка.
У гады нямецка-фашысцкай акупацыі ў Глушы дзейнічала падпольная антыфашысцкая група. З трох соцень жыхароў пасёлка, якія ваявалі на франтах, трэцяя частка загінула. Прозвішчы іх выбіты на мемарыяле. У брацкай магіле пахаваны воіны і партызаны, якія аддалі жыццё ў баях з гітлераўцамі.
З першых пасляваенных дзён аднавілі дзейнасць шкло- і торфазаводы. Адкрыліся лясніцтва, установы адукацыі, культуры і аховы здароў’я, аб’екты гандлю і бытавога абслугоўвання насельніцтва.
У Глушы прайшлі дзіцячыя і юнацкія гады вядомага беларускага літаратара, члена-карэспандэнта АН БССР, доктара філалагічных навук, прафесара, сябры Саюза пісьменнікаў СССР Алеся Адамовіча.
На адной з вуліц сустрэў жанчыну. Марыя Гулевіч больш як трыццаць гадоў таму з сям’ёю пераехала сюды з Буда-Кашалёўскага раёна. Да выхаду на пенсію працавала на шклозаводзе, дзе ў той час было занята больш за паўтысячы чалавек. З вясны да восені Марыя Ільінічна займаецца агародам, а зімою адпачывае. Праз дарогу дом дачкі Таццяны і зяця Уладзіміра. Яны таксама пенсіянеры, але без справы не сядзяць. І ўнук Сяргей з жонкаю Надзеяй знайшлі занятак у Глушы. Яны маюць сваю аграсядзібу. Займаюцца ёю Сяргей з бацькам. Марыя Ільінічна адзначыла, што менавіта зяць Уладзімір Сямёнавіч пасля выхаду на пенсію загарэўся ідэяй стварэння аграсядзібы.


…Пад ніцымі вербамі прытулілася ля невялікай сажалкі драўляная альтанка. На аксамітавым лужку нібыта жывыя падступаюць да вады статуэткі цыбатых буслоў. Лавачкі, дзіцячая пляцоўка, мноства кветак на клумбах. Дзесяць гадоў засвойвалі сядзібу. Ідэя яе стварэння прыйшла пасля выхаду на пенсію. Звярнуўся ў сельвыканкам аб выдзяленні надзела пад будаўніцтва дома. Дзяржава падтрымала льготнай пазыкай. Амаль дваццаць самазвалаў зямлі насыпаў на балоцісты ўчастак. Выкапаў штучнае возера, пасадзіў садок. Разам з сынам Сяргеем, які пасля заканчэння мастацкага каледжа прыехаў з жонкаю да бацькоў у Глушу, пачалі будаўніцтва дома. Нявестка Надзея працуе медсястрой у бальніцы. Падрастае ў маладой сям’і сынок Андрэйка. Побач з домам узвялі гасцініцу для турыстаў. Па арыгінальным праекце збудавалі банкетную залу ў форме карабля. Мінулым летам апрабавалі яе вясельным застоллем сына Дзяніса і яго абранніцы Алесі.
Па суседстве з аграсядзібай — бацькоўскі дом беларускага пісьменніка Алеся Адамовіча. Ад веснічак да веранды з парадным уваходам зацэментавана пляцоўка. Паабапал яе схілілі галінкі з гронкамі чырвоных ягад кусты каліны. Пераспелымі пладамі ўсыпана старая сліва. Некалькі разгалістых яблынь чакаюць вызвалення ад абільнага ўраджаю садавіны. Перад падворкам на вуліцы падпірае неба карабельная сасна. А з другога боку сядзібы царыцай нябеснай развесіла над садам залацісты покрыў шатаў беластволая бяроза.
Сведкамі шматлікіх падзей былі дрэвы. З даваеннага дзяцінства высачэзнымі памятае іх васьмідзесяцігадовая Марыя Каваленка, з якой сустрэліся ў настаўніцы Галіны Бранавец. Жывуць яны па суседстве, сябруюць.
З болем ў сэрцы ўзгадала Марыя Лявонаўна пра перажытае ў час нямецка-фашысцкай акупацыі. У легендарнай Рудабелцы фашысты спалілі сваякоў маці. У баі з гітлераўцамі пад Псковам загінуў бацька Лявон Каваленка. Паліцаі данеслі ворагам, што два матчыны браты — камсамольскія актывісты. Пяць годзікаў было Марыі, калі яе з маці, трыма братамі і старэйшай сястрою схапілі каты. Трохмесячнага браціка Васю выкінулі з калыскі. Маці кінулася да немаўля, фашысты сталі яе біць. Загналі ўсіх у будынак лякарні, дзе была камендатура. Уратаваў стары немец, які застаўся ў Глушы з часоў Першай сусветнай вайны і працаваў урачом. Ён паведаміў партызанам пра арышт сям’і Каваленкаў, і народныя мсціўцы ноччу іх выкралі. На санях прывезлі ў партызанскі лагер, дзе ў той час з сынамі Алесем і Яўгенам была і Ганна Адамовіч. Алесю ішоў чатырнаццаты год. Ён разам з дарослымі хадзіў на заданні. Бацька яго, Міхаіл Адамовіч, ваяваў у Чырвонай арміі.
Узгадала Марыя Лявонаўна, як зімою карнікі ў белых халатах прарваліся ў партызанскі лагер і пагналі сем’і партызан у бок вёскі Халопенічы, што ў Кастрычніцкім раёне. Трашчаў мароз. У час стаянкі людзі палілі галлё, каб сагрэцца. Марыйку маці пасадзіла пад сасну і на рукі ёй аддала маленькага браціка Васю, а сама кінулася за жарам з вогнішча, каб распаліць сваё цяпельца. Толькі вярнулася з палаючымі вугельчыкамі, як пачалася страляніна. Брат Сямён ускочыў на дрэва, другі брат Кірыла бухнуўся ў яму ад вывернутага кораня дрэва. А маці накрыла сабою Марыйку і Васіля. Так уратаваліся ад карнікаў, якія пагналі людзей у Халопенічы і там спалілі.
Незалечаны боль застаўся і ў сэрцы ветэрана вайны і працы Альфонса Альшука. Акупанты спалілі яго маці і двух братоў. Цяжка паранены пры вызваленні Кёнігсберга франтавік вестку пра перамогу сустрэў у ваенным шпіталі. Ордэн Айчыннай вайны другой ступені і шматлікія медалі ўпрыгожваюць яго парадны мундзір. Да выхаду на пенсію Альфонс Кліменцьевіч працаваў на шклозаводзе.
Усё перажытае ў ваеннае ліхалецце Алесь Адамовіч увасобіў у літаратурных творах. У дылогіі «Партызаны», раманах «Сыны ўходзяць у бой» і «Вайна пад дахамі» распавядае пра сваё абпаленае вайной юнацтва.
Пасля вайны сям’я Адамовічаў жыла ў будынку аптэкі, якой загадвала Ганна Мітрафанаўна. Толькі напрыканцы пяцідзясятых гадоў мінулага стагоддзя пабудавалі свой дом, які застаўся ў спадчыну дачкам і ўнукам Алеся і Яўгена Адамовічаў. Брат Яўген да апошніх дзён жыцця працаваў урачом у Бабруйску, потым вярнуўся ў Глушу. Часта наведваўся з Масквы Алесь Адамовіч. Сустракаўся з землякамі, бываў у новым школьным будынку. У Глушы спадзяюцца, што імя слыннага земляка, які пахаваны на мясцовых могілках, будзе насіць вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад — сярэдняя школа, якім кіруе Сяргей Сідараў. Падтрымлівае ідэю і старшыня сельвыканкама Марыя Сушчанка. У будынку былой аптэкі плануецца стварыць музей Алеся Адамовіча. У Доме культуры стала дзейнічае выстава «Вайна пад дахамі».
Новымі сем’ямі прыбывае багаты на працавітых людзей, вядомых асоб рабочы пасёлак Глуша, які выглядае жамчужынай на старадаўнім тракце.
З Мінска вярнулася ў родны пасёлак «папіць смачнай глушанскай вады» Ірына Сакалова і засталася. Працавала на шклозаводзе, цяпер дапамагае дачцы Таццяне выхоўваць унука Яўгена, які, акрамя школьных заняткаў, авалодвае фартэпіяна і гітарай у школе мастацтваў.
З Данбаса прыехала пагасцяваць да сваякоў выпускніца Данецкага дзяржуніверсітэта гандлю Хрысціна Панкевіч і засталася тут. Выйшла замуж. Гадавалы сын Ягорка падрастае. Да дэкрэта працавала намеснікам начальніка вытворчага ўчастка ў філіяле «Агракамбіната КХП». Маладой сям’і прадаставілі катэдж у суседняй вёсцы Масты.
Шмат іншых цікавых задум у кіраўніка сельвыканкама. Па яе ініцыятыве штогод восенню ладзіцца фэст «Глушанскі хутарок», дзе збіраюцца народныя ўмельцы, ганчары, выступаюць самадзейныя калектывы.
Дзесяты год кіруе сельвыканкамам Марыя Сушчанка. Цяжка было пасля закрыцця шклозавода працаўладкоўваць лю-дзей. Праблему вырашалі разам з Бабруйскім райвыканкамам. Адкрылася прыватная швейная вытворчасць «Славянка-Глуша», якая паспяхова працуе. Наладжана дрэваапрацоўка, развіваецца прыватны гандаль, дзе таксама ствараюцца працоўныя месцы. Многія жыхары заняты на прадпрыемствах Бабруйска. Дакладна арганізавана работа транспарту. У Глушы шмат моладзі. Ім, маладым, працягваць слынную гісторыю пасёлка.
Уладзімір Субат
Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *