Акцыя

Не паспеў Рыгор Баравічок пераступіць парог свайго дома, як жонка залілася салаўём:
— Ой, Рыгорачка, міленькі, хутчэй распранайся, мый рукі і за стол. А то вячэра астыне.
— Не гані каней, — буркнуў ён. — Я ж толькі з работы. Дай аддыхацца.
— Прамаруджванне — смерці падобна. Нам запрашэнне прыйшло.
— На вяселле ці на юбілей? I ад каго?
— Ад спадара Свінкіна. Мікіты Вольфавіча.
— Такога не ведаю!
— А ён цябе ведае. Як актыўнага пакупніка. Вось пачытай! — і Ларыса працягнула мужу пісьмо.
— О-ё-маё! Я ж акуляры згубіў.
— Тады растапыр вушы і слухай. Шаноўны Рыгор Мітрафанавіч! Заўтра ў нашай краме праводзіцца акцыя па распродажу харчовых, прамысловых тавараў і бытавой тэхнкі. Адбудзецца яна з 8 да 9 гадзін раніцы. Цэны на іх роўназначныя цэнам сямідзесятых гадоў мінулага стагоддзя. Запрашаю цябе і жонку наведаць магазін, і набыць столькі тавараў, колькі душа пажадае. Першым наведавальнікам прадастаўляецца ільгота — за пакупкі не трэба плаціць. А чаго праводзім такую акцыю? Каб людзі помнілі і шанавалі мінулае, і не выходзілі з крамы з пустымі рукамі, і пустымі кашалькамі. Чакаю вас з нецярпеннем! 3 павагай і ўдзячнасцю, генеральны дырэктар магазіна «Свісток» Мікіта Вольфавіч Свінкін.
— Вось гэта здорава! — усклікнуў Баравічок. — Малайчынка Мікіта Вольфавіч! Клапоціцца аб нас, як аб родных дзецях. Ах, каб усе кіраўнікі былі такія ўважлівыя, спагадлівыя, чулыя! Жылі б як у Бога за пазухай. А нам, Ларыска, нельга ўпусціць гэты шанс. Галоўнае — не прашляпіць. Усё можна зрабіць, калі не спаць у шапку. Падсілкуюся і пабягу займаць чаргу. Хоць ночку не пасплю, затое набяром на дурнічку аж на паўгоды. Запас бяды не чыніць. Людзі ад зайздрасці будуць локці кусаць, што мы багатымі сталі. Ларысачка, мая цукерачка, ці правільна я кумекаю? Ты згодна са мною? Толькі ці ўдасца ўгаварыць суседа, каб даў «Жыгулёнка». А то нахапаем на халяву ўсялякіх прысмакаў і абноў, і ад цяжару можам пупы надарваць.
— Ты, Рыгорка, падумай сваёй мазгаўнёй! — затараторыла кабеціна. — Суседу аб акцыі ні гу-гу! Калі даведаецца — не змоўчыць. Раскажа сваякам, знаёмым, а тыя разнясуць па ўсім свеце. Усе захочуць разбагацець на дурніцу і кінуцца ў краму… А мы застанемся з носам. Уцяміў?
— Ага. Твая праўда, — цяжка ўздыхнуў Рыгор. — Маўчу, як рыба. Я прыдумаў, як прывезці. Вазьму каляску, на якой вазілі бульбу з поля, упрагуся сам, а побач станеш ты… Ну як, любая, прапанова?
— Калі гарэлку не жлукціш, то кацялок варыць у цябе, — ухваліла Ларыса мужа. — Прывязем без праблем. Сваё дабро плячэй не ўвагне…
Усю ночку прадзяжурыў Рыгор каля крамы. А з паўгадзінкі ад яго адкрыцця з’явілася жонка.
— Ты адзін? — здзівілася яна. А чаго нікога няма? Можа, гэта правакацыя?
— Слухай, не каркай! Ціпун табе на язык! — цыкнуў на яе Рыгор. — Радуйся, што людзі яшчэ спяць — нам больш дастанецца. Зробім два-тры рэйсы і будзем жыраваць аж цэлы год. А вунь ужо і краму адчынілі. Ну, пайшлі! Памажы, Божа…
Выбар тавараў тут быў вялікі. Напакавалі Баравічкі па дзве торбы, як падняць, і накіраваліся да выхаду.
— Шаноўныя пакупнікі! — аклікнула іх маладая касірка. — А хто будзе плаціць?
— Свінкін! — адказаў Рыгор.
Я такога не ведаю, — разгублена паціснула плячыма дзяўчына.
— Цьфу! А што ты ведаеш? Сядзіш і ротам мух ловіш. Гэта ж ваш дырэктар!
— Няпраўда! — запярэчыла касірка. У нас генеральным дырэктарам працуе не Свінкін, а Мядзведзь.
— Язык у цябе, як памяло! — узлаваўся Баравічок. — Вось пачытай! — I сунуў ёй пад самы нос запрашэнне.
Дзяўчына таропка прабегла вачыма па паперцы і пырснула ад смеху:
— Вай-вай-вай! Цырк на дроце! Ну і Свінкін, ну і Свінкін! Лоўка абуў у лапці! Сёння ж 1 красавіка — дзень смеху. Разыгралі вас. А вы паверылі. Ну нічога — у жыцці бывае і горш. А вось за пакупкі, калі ласка, ганіце грошыкі. А то міліцыянера паклічу.
Вочы ў Рыгоркі зрабіліся па яблыку. Ён хацеў нешта сказаць ў апраўданне, але не змог — задрыжэлі паджылкі, перасохла ў роце…
Мікола ПАДАБЕД, г. Бялынічы