«Формулы жыцця» Аляксандра Клачкова
Знакаміты вучоны, паэт, сябра Міжнароднага саюза пісьменнікаў, народных літаратурных аб’яднанняў «Роднае слова» і «Парнас» Аляксандр Віктаравіч Клачкоў адзначыў сваё 65-годдзе. З гэтай нагоды ў Горацкім раённым гісторыка-этнаграфічным музеі, раённай бібліятэцы імя Максіма Гарэцкага, студэнцкіх інтэрнатах БДСГА зладзіліся літаратурныя мерапрыемствы, прысвечаныя яго творчай дзейнасці. Прэзентацыя 11-га па ліку паэтычнага зборніка пад назвай «Формулы жыцця» адбылася 21 лістапада ў бібліятэцы БДСГА.
Зборнік выйшаў тыражом 50 экземпляраў за кошт сродкаў Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі. Ён стане добрым набыткам для знаўцаў сапраўднай паэзіі, папоўніць залаты фонд літаратурнай скарбонкі Горацкага краю.
Аляксандр Клачкоў — з той плеяды вучоных-інтэлігентаў, якімі ганарыцца Горацкая зямля.
Доктар тэхнічных навук, прафесар кафедры сельскагаспадарчых машын, ён вядомы ў краіне і за яе межамі вучоны-даследчык, педагог, аўтар шэрагу падручнікаў і навукова-даследчых распрацовак па машынных тэхналогіях у сельскай гаспадарцы. Усяго ім выдадзена 570 навуковых і вучэбна-метадычных работ, аўтар 59 вынаходніцтваў. Ім падрыхтавана 6 кандыдатаў навук. А.В. Клачкоў — член-карэспандэнт Беларускай навукова-тэхналагічнай акадэміі.
Краязнаўца Уладзімір Ліўшыц некалі пісаў, што «жыццё Аляксандра Віктаравіча — вучонага і паэта — уяўляе сабой арганічнае адзінства навукі і культуры, тэхнікі і лірыкі». Паэзія яго ўжо даўно атрымала станоўчыя водгукі такіх прафесіяналаў мастацкага слова, як Ніл Гілевіч, Алесь Пісьмянкоў, Анатоль Зэкаў. Ніл Гілевіч пісаў пра зборнік «Тайна часу», што «ёсць нямала вершаў, якія мне прыйшліся да душы, асабліва ў раздзелах «Час між людзей» і «Чысты час». Нельга не прывесці і словы паэта Анатоля Зэкава, які так сказаў пра творчасць Аляксандра Клачкова: «Ён шукае. Слова за словам, радок за радком. Ён зусім не прэтэндуе на ісціну ў апошняй інстанцыі, а імкнецца разважаць над кожнай праявай жыцця па-свойму, заадно падключае да разваг і чытача». У прадмове да аднаго з першых зборнікаў Клачкова «Мікітавы прыгоды» Алесь Пісьмянкоў адзначыў, што аўтару «удалося стварыць шэраг праўдзівых і запамінальных сцэн з жыцця вёскі, прасякнутых болем за яе сённяшні дзень».
На мерапрыемстве быў арганізаваны тэлемост (аўтар па стане здароўя не мог прысутнічаць на прэзентацыі), з дапамогай якога адбываўся дыялог паміж паэтам і аўдыторыяй. Аляксандр Віктаравіч сачыў за тым, што робіцца ў зале, выказваў меркаванні, адказваў на пытанні, чытаў свае вершы.
На прэзентацыі прысутнічалі калегі па пяру, прадстаўнікі рэктарата, устаноў культуры, супрацоўнікі кафедраў сельгасмашын, рускай і беларускай моў, а таксама сябры, жонка паэта Вольга Сцяпанаўна, студэнты.
Вёў мерапрыемства кіраўнік народнага літаратурнага аб’яднання «Парнас» Андрэй Пугач. Ён пазнаёміў прысутных з асноўнымі вехамі творчага шляху паэта, зрабіў экскурс па некаторых выданнях аўтара. У мастацкім выкананні студэнтаў акадэмічнага клуба творчай моладзі «Дэбют» гучалі вершы паэта. Добрым упрыгожваннем мерапрыемства сталі і песні на словы паэта «Буслы Беларусі» (муз. Яўгена Магаліфа) і «Жыві, акадэмія» (муз. Ганны Калікінскай).
Шчырымі і запамінальнымі былі выступленні яго сяброў і калег — кандыдата тэхнічных навук, дацэнта кафедры сельгасмашын Уладзіміра Кавалёва і кандыдата гістарычных навук Аляксандра Каданчыка, якія называлі Аляксандра Віктаравіча не толькі таленавітым творцам, але і чалавекам высокай інтэлігенцыі і культуры, у якім, гаворачы словамі Ніла Гілевіча, не загінуў «сапраўдны беларус».
Усе выступоўцы адзначалі філасофскую глыбіню і тонкі лірызм яго твораў, пра што пісаў яшчэ Алесь Пісьмянкоў у прадмове да аднаго са зборнікаў паэта: «Яго вершы прымушаюць працаваць і думку, і пачуццё».
«Здаецца, у сваіх вершах Аляксандр Віктаравіч здолеў адлюстраваць амаль усе філасофскія катэгорыі і адначасова ахапіць паэтычным позіркам самыя розныя эмоцыі чалавека: творчасць, думкі, сусвет, час, душу, вечныя ісціны, прыроду і у той жа час — жаданні, надзеі, каханне, вернасць, чаканне, радасць, смутак. Вядома ж, гэта не поўны пералік тых тэм, над якімі разважае аўтар, у якіх асэнсоўвае жыццё, імгненне часу, бясконцасць космасу і жыцця», — адзначыла ў сваім выступленні супрацоўнік бібліятэкі БДСГА Марыя Студнева.
Адзін з рэдактараў зборніка, дацэнт кафедры рускай і беларускай моў Вольга Зяньковіч зрабіла частотны аналіз лексем зборніка, якія, на яе погляд, і з’яўляюцца складнікамі формул чалавечага жыцця і ўвуголе існавання чалавека ў гэтым свеце: «шлях — надзея — вера — Бог».
«А ці існуе адзіная формула жыцця?» — пытаецца Аляксандр Клачкоў. І сам жа адказвае: «Надта велічна і шматгранна жыццё, каб спаўна апісаць яго. І кожны раз бачыш новыя складнікі і новыя вобразы».
Прапануем нашым чытачам нізку вершаў таленавітага горацкага паэта.
Людміла Дзеружкова, кіраўнік народнага літаратурнага аб’яднання «Роднае слова», г. Горкі
ПОШУКI ДАБРА
Складаны час i столькi гора —
Няма спакою на зямлi.
Ад зла сцiскаецца прастора:
Пражыць у згодзе не змаглi.
Як адцурацца чорнай зброi?
Замест вайны лепш
хлеб расцiць,
Каб панавалi мiру мроi,
А не жаданне зверху быць.
Спынiся з думкай, як калiсьцi,
Зiрнi ў вочанькi дзяцей,
І зразумееш, дзе ёсць выйсце,
Якiх чакае Свет падзей.
СУРАЗМОЎЦА
Якi цiкавы суразмоўца:
Умее слухаць i маўчаць,
Нiводнага благога слоўца
Не стане прыкрага крычаць.
Ён разумее адпаведнасць
Жаданняў з мэтаю жыцця,
І, не зважаючы на беднасць,
Пакажа скарбы пачуцця.
Той суразмоўца адмысловы
Нiбыта крочыць на сяўбе,
Заместа зерня сее словы…
Пазнаеш самаго сябе?
МАГЧЫМАСЦЬ
Так, немагчымае магчыма —
Патрэбна моцна захацець,
Перад уласнымi вачыма
Паўстане бачнае ледзь-ледзь.
I хуткi час назад паверне,
Дзе дзед застаўся малады,
І зберажэ ад граду зерне,
І абаронiць ад бяды.
Пакажа новыя краiны
І твары колiшнiх сяброў,
Раскажа добрыя навiны…
I лепшаму паверыш зноў.
НАРАДЖЭННЕ ПЕСНI
Празвiнела слова —
Пакацiлася,
Прагрымела слава
Ды забылася.
Засталася песня —
Атрымалася
I аднойчы напрадвеснi
Адазвалася.
Маладосцi смеласць
Захавалася
I падзякай мiласцi
З’явiлася.
НАДЗЕЯ
Адгукнiцеся, нiбы калiсьцi,
Усмiхнiцеся з думкай былой.
Ды забылiся дрэвы пра лiсце,
Упрыгожаны снежнай iмглой.
Як прыпомнiць гады маладыя,
Дзе жыццё без заганаў цякло?
Зараз вецер за вокнамi вые
І забылася лета цяпло.
Час пачатку заўсёды зялёны —
Абдымае, нiбыта радня.
Не патрэбны прыродзе
праклёны —
Ёсць надзея ў кожнага дня.
З МАЛIТВАЙ
Злiтуйся, Моцны i Мiлы,
Заступiся ў халодныя днi,
Падаруй i надзею, i сiлы
Для ўсёй чалавечай раднi!
Затрымай немату, нерухомасць,
Спадзваннем напоўнi жыццё,
Шанец дай дачакацца нам Сонца,
Не пускай без пары забыццё.
Толькi вера i добрыя думкi
Разам з сонечнай ласкай нябёс
Нам пакажуць у Вечнасць кiрункi,
Як Таму, хто аднойчы ўваскрос.
ЗА ВЕРУ
Ёсць вера, што мацней надзеi,
Бо ў ёй пачатак без канца.
I памылялiся халдзеi
У тлумачэннi слоў Айца.
Бо шлях цярпення i знявагi
Не ўспрымалi за жыццё,
Таму нiкчэмныя заўвагi
Навекi знiклi ў забыццё.
А вера толькi ўзрастала:
Прыгожы вобраз, светлы сказ,
І на Зямлi ёй месца мала —
Да неба запрашае нас.
АДНОЙЧЫ
Само нiчога не прыходзiць:
Не ўбачыш, колькi ні чакай.
Павольна час плыве ў прыродзе —
Яго прымусам не чапай.
Як Сонца ранiцой ўзыходзiць,
Ты не паскорыш, каб раней,
Зiме не скажаш: досыць, годзе…
Лепш станавiся разумней.
Таму жыццёвыя падзеi
З падзякай трэба сустракаць,
Тады i спраўдзяцца надзеi…
Дарэмна напярод гадаць.
I новы час — як падарунак,
Дарэмна супраць не грашы,
І, калi знойдзены кiрунак,
Тады i змены да душы.
РАЗМОВА З МIНУЛЫМ
— Раскажы, дзе твой меч, ваявода?
— У вiру, каля доўгага броду.
— А дружына твая маладая?
— Побач з птушкамi ў небе лятае.
— Што шукалi на ратным тым полi?
— Зразумела, не славы, а волi.
— Кажуць, мелi дабро, аксамiты?
— Былi ўсе, як адзiн, мы забiты.
— Чаму голас чуваць ваш i песнi?
— Можа, мы праз стагоддзi ўваскрэслi?
ПЕРАД НОВЫМ ГОДАМ
I вось адбыўся пераход
Да светлых дзён,
да спадзявання,
Настане хутка Новы год,
Доўгачаканы, нiбы ранне.
Тады былому ўсё адно,
Бо сцiхла недзе непрыкметна.
Як чысты лiст ляжыць яно,
Для новых думак тым адметна,
Што, незвяртаючы на снег,
Жыве надзея ласкi лета,
Каб снег той ручаямi збег…
На гэта сёння ёсць прыкмета.