«Паэт зямлі»

У жніўні споўнілася 110 гадоў з дня нараджэння нашага знакамітага земляка — пісьменніка Васіля Пятровіча Каваля.
Сучаснікі называлі яго «тыпова сялянскім пісьменнікам», «паэтам зямлі», адным з выдатных прадстаўнікоў беларускай лірычнай прозы 20-х гадоў мінулага стагоддзя.

Нарадзіўся Васіль Каваль (сапраўднае прозвішча Кавалёў) 17 жніўня 1907 года ў в. Сава Горацкага раёна ў сялянскай сям’і.
З успамінаў роднай сястры пісьменніка: «Наша маці, Ульяна Піменаўна, родам з вёскі Халмы Горацкага раёна. Нарадзіла яна траіх дзяцей. Брат Фадзей працаваў настаўнікам у в. Шарыпы. 25 красавіка 1945 года памёр ад ран і пахаваны недалёка ад г. Пілау.


Бацька Пётр Кліменцьевіч, родам з вёскі Сава, некаторы час служыў ураднікам у царскай паліцыі. Пасля 1917 года працаваў прыказчыкам у мясцовай кааперацыі, у канторы Шарыпскага ільнозавода. У 1931 годзе быў арыштаваны і асуджаны да 5 гадоў зняволення «за вредительство и развал колхозного строя». Уся сям’я была выключана з калгаса і ледзь не загінула з голаду. У лістападзе 1937 года бацька быў расстраляны ў Оршы (рэабілітаваны ў 1989 г.)».
Васіль вучыўся спачатку ў вясковай школе, а затым – у Шышаўскай другой ступені і ў Горацкай, дзе скончыў у 1924 годзе 8 груп. У 1925 годзе вучыўся на агульнаадукацыйных курсах пры Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі. Увосень паступіў у Магілёўскі педагагічны тэхнікум.
Адзін з дакументаў, які знаходзіцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры, адносіцца да перыяду ўступлення Васіля Каваля ў магілёўскую філію «Маладняка». У заяве ён пісаў: «Прашу залічыць мяне сябрам вашай арганізацыі, прымаючы ва ўвагу маё імкненне быць на ніве беларускай мовы яскравым адбіткам інтарэсаў, праводзімых вашай арганізацыяй, з якімі я згаджаюся як прадстаўнік беларускага сялянства». Да заявы В. Каваль прыклаў вершы «Павуціннай рэжуць сеткаю», «Вясковае» і «Начное».
У першых творах Каваля панаваў настрой радасці і захаплення сацыялістычнымі пераўтварэннямі ў паслякастрычніцкай вёсцы. Натхнялі і працэсы беларусізацыі, стварэнне школ, бібліятэк, гурткоў па ліквідацыі непісьменнасці. Магілёўскія маладнякоўцы залічылі яго кандыдатам філіі, а неўзабаве і яго членам.
З-за хваробы маці Васіль Каваль вымушаны быў пакінуць навучанне ў Магілёўскім педтэхнікуме. Была і яшчэ адна прычына таго, што ён пакінуў вучобу ў педтэхнікуме: бацька Васіля служыў у царскай паліцыі, і яго пазбавілі стыпендыі.
У снежні 1925 г. Васіль Каваль вяртаецца ў сваю вёску, займаецца сельскай гаспадаркай, працуе ў сельвыканкаме. У гэты час уступае ў камсамол. Саўская ячэйка абірае яго сакратаром ЛКСМБ. Ілля Барысавіч Закрэўскі, які ў 1925-1926 гг. быў кіраўніком камсамольскай арганізацыі ў в. Шарыпы, куды ўваходзіла і Саўская ячэйка, успамінаў: «Як зараз памятаю гэтага невысокага, зусім яшчэ маладога хлопца. Быў ён вельмі спакойны, ціхі і сціплы. Сябры шанавалі яго за справядлівасць, за гатоўнасць заўсёды дапамагчы. Менавіта на гэтых сходках я ўпершыню пачуў вершы Васіля, якія ён чытаў нам. Многія з іх я ўбачыў потым у надрукаваных кніжках».
У гэты час, не адыходзячы ад паэзіі, Васіль Каваль перайшоў на прозу. Напачатку гэта была лірычная, эмацыйная, моцна паэтызаваная, пабудаваная на фальклорнай вобразнасці, прасякнутая рамантычна-ўзнёслай інтанацыяй, з элегічным настроем. Але прысутнічалі ў ёй і праўдзівыя малюнкі. І яго празаічныя творы «Жніўнае свята», «Маёвым вечарам», «Пра кветку брат-сястра», «Як вясну гукалі», вядома, пра вёску, аб сялянах, іх вечных клопатах, аб сацыяльных зменах, што адбываліся пасля рэвалюцыі. «Гнілая салома валіцца са страхі, — пісаў Васіль Каваль, таму што гніе хата, вуглы абвальваюцца». Некаторыя крытыкі абвінавачвалі маладога пісьменніка ў скажэнні вясковай рэчаіснасці.
Удзел у працы Горацкай філіі адыграў вялікую ролю ў станаўленні Васіля Каваля як прафесійнага пісьменніка. У Горках у 1926 годзе Каваль пазнаёміўся з Максімам Гарэцкім, які ў кнізе «Маладняк за пяць гадоў» прысвяціў яго творчасці некалькі старонак.
Дарэчы, у нумарах «Аршанскага маладняка», што ў 1926 годзе выходзіў у Горках, надрукаваны былі першыя творы Каваля — верш «Пра вёску» і апавяданне «Легенда». Асобныя рэчы пабачылі свет на старонках газет «Савецкая Беларусь», «Беларуская вёска», часопісе «Маладняк» і інш. Апавяданне «Як вясну гукалі», надрукаванае ў чэрвені 1926 года ў «Савецкай Беларусі», лічыцца пачаткам сталай літаратурнай працы Васіля Каваля. Яно дало назву першаму зборніку празаіка і перадрукоўвалася ў іншых кнігах, пераводзілася на іншыя мовы. Акрамя літаратурнай працы Каваль актыўна займаўся зборам і запісам народных песень і казак у вёсцы Сава і навакольных вёсках.
У ліпені 1926 года Васіль Каваль вырашае працягнуць адукацыю на літаратурна-лінгвістычным аддзяленні педфака БДУ. Вядома, ён задумваўся аб сталай літаратурнай працы, хацеў быць бліжэй да літаратурных колаў, часопісаў і выдавецтваў.
Але матэрыяльныя ўмовы прымусілі Васіля вясной 1927 года пакінуць універсітэт. Вясной і летам ён жыве ў Саве, працуе сакратаром рэдакцыі «Маладняка». Увосень 1928 года аднаўляе вучобу ва ўніверсітэце, але вясной 1929 зноў пакідае родную альма-матэр. Пісьменнік А. Пальчэўскі ўспамінаў: «Як ні цягнулі мы, як ні ўгаворвалі заканчваць універсітэт, ён жа настаяў на сваім, спасылаючыся на вялікую ўнутраную патрэбу пісаць. Быццам прадчувала яго сэрца, што кароткая дарога адмерана яму ў жыцці».
У час навучання ва ўніверсітэце Васіль Каваль знаёміцца з вядомымі беларускімі пісьменнікамі. Кузьма Чорны пра Васіля Каваля напісаў так: «Вельмі і вельмі таленавіты чалавек… Шмат можа зрабіць для нашай літаратуры. Нездарма ён спадабаўся і дзядзьку Купалу. Купала, як вядома, абы с кім не сябруе».
У першы перыяд навучання ў БДУ Васіль Каваль актыўна займаўся літаратурнай працай. Яго творы можна было сустрэць у часопісах «Полымя», «Маладняк», газетах «Звязда», «Савецкая Беларусь», «Чырвоная змена», «Чырвоны сейбіт» і іншых. У 1927 годзе ў Мінску выходзіць першая яго кніга «Як вясну гукалі». Па словах Максіма Гарэцкага, усе аўтары рэцэнзій на гэты зборнік «аднагалосна прызнавалі Васіля Каваля за новую выдатную сілу ў беларускай літаратуры».
У 1928 годзе выйшла другая кніга Каваля «На загонах», якая таксама прыхільна была сустрэта крытыкай. У гэтым жа годзе Васіль Каваль быў абраны членам Цэнтральнага бюро арганізацыі «Маладняк». І калі ў Горках 12 лютага 1928 года адбылася канферэнцыя Аршанскай філіі «Маладняка», прадстаўніком ЦБ арганізацыі быў Васіль Каваль. Ён жа зрабіў даклад аб становішчы маладнякоўскага руху ў Беларусі.
У 1929 годзе выйшла чарговая кніга пісьменніка «Крыніца», якую склалі некалькі апавяданняў, у тым ліку «Ілька», якое затым было перакладзена на балгарскую, нямецкую, рускую, украінскую і яўрэйскую мовы. У ім ён апісвае жыццё цыган, іх імкненне парваць з вандроўніцтвам і асесці на зямлі.
У красавіку 1931 года Васіль Каваль уступае ў Беларускае аб’яднанне пралетарска-калгасных пісьменнікаў, якое ставіла задачу асвятліць будаўніцтва сацыялістычнай гаспадаркі ў вёсцы. У аб’яднанне (яно існавала да 27.05.1932) уваходзілі Янка Купала, Міхась Лынькоў, Максім Лужанін і іншыя вядомыя пісьменнікі.
У 1931 годзе Васіля Каваля прызываюць на службу ў Чырвоную Армію. Спачатку ён служыў камандзірам узвода 4-га стралковага палка ў Полацку. Рэдактар газеты А.Г. Самахвалаў дабіўся пераводу Каваля на сталую працу ў рэдакцыю газеты «Красноармейская правда», якая знаходзілася ў Смаленску. І тут ён праходзіў службу як ваенны карэспандэнт. Па матэрыялах армейскага жыцця пісьменнік напісаў аповесці «Дзень палымнее» і «Санька-сігналіст».
У час армейскай службы Каваля ў дзяржвыдавецтве Беларусі, у серыі «Беларускія пісьменнікі ў школе», выйшлі яго «Выбраныя творы» (1932). У гэты час асобныя творы Каваля былі перакладзены на рускую, украінскую і яўрэйскую мовы. Пісьменнік і сам перакладваў М. Горкага, А. Чэхава, К. Станюковіча, Б. Лаўранёва…
Служба ў арміі скончылася не вельмі ўдала. Васіль Каваль быў выключаны з радоў камсамола і дэмабілізаваны як «класава-чужды» за сувязь з бацькам, асуджаным за ўдзел у развале калгаса.
На пачатку вясны 1933 года Васіль Каваль жыве ў Мінску. Шмат працуе ў розных пісьменніцкіх жанрах. У 1933-1936 гадах друкуецца ў часопісах «Полымя рэвалюцыі», «Іскры Ільіча», штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», газетах «Звязда», «Калгаснік Беларусі», «Чырвоная змена» і інш.
Аднак жыццёвы шлях і творчая дзейнасць пісьменніка рана абарваліся. Уначы 2 лістапада 1936 года Васіль Каваль быў арыштаваны па абвінавачванні ў «контррэвалюцыйнай дзейнасці». 28 кастрычніка 1937 года яго разам з шэрагам іншых беларускіх літаратараў прыгаварылі да расстрэлу. Вось даведка з грыфам «сакрэтна»: «Приговор о расстреле Коваля Василия Петровича приведён в исполнение в г. Минске 29. X. 1937 г.».
Так перастала біцца сэрца патрыёта Бацькаўшчыны Васіля Каваля.
24 верасня 1957 года Ваенная калегія Вярхоўнага суда СССР адмяніла прыгавор і справу аб ім спыніла за адсутнасцю саставу злачынства.
Пасля пасмяротнай рэабілітацыі Васіля Каваля некаторыя яго творы былі перавыдадзены — з іх склаліся кнігі «Выбранае: Аповесці і апавяданні» (1959) і «Следапыты. Санька-сігналіст: Аповесці» (1961).
Васіль Каваль пакінуў адметны след у айчыннай мастацкай прозе 20-х гадоў мінулага стагоддзя. Ён заслужыў павагу ўсіх, хто любіць і цэніць прыгожае пісьменства, шануе шчырых працаўнікоў на ніве нацыянальнага адраджэння. Рана абарваўся яго жыццёвы шлях. Але жывуць яго творы, яго спадчына.
Памятаюць пісьменніка і землякі. У Саве ёсць вуліца, названая яго імём. Вядомы горацкі краязнаўца Уладзімір Ліўшыц у 1998 годзе выдаў асобную брашуру «Сын вёскі», дзе ў навукова-папулярнай форме асвятліў жыццё і творчасць Васіля Каваля. Доўгі час пры Саўской сельскай бібліятэцы (да аб’яднання са школьнай) плённа працаваў літаратурны куток, прысвечаны яго жыццёвай і творчай дзейнасці. Сёння стэнды, дзе змешчаны матэрыялы пра пісьменніка, патрабуюць рэстаўрацыі.
Але і зараз цікавыя экскурсіі, творчыя вечарыны, пазнавальныя літаратурныя хвілінкі праходзяць для школьнікаў, жыхароў і гасцей нашага краю. Інтарэс да знакамітых людзей з цягам часу не губляе сваёй каштоўнасці.
Людміла Дзеружкова, кіраўнік народнага літаратурнага аб’яднання «Роднае слова», г. Горкі

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *